Мацьвея 24 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

І, выйшаўшы, Ісус пакрочыў ад святыні, і падышлі вучні Яго, каб паказаць Яму пабудовы святыні.
 

Ён жа, адказваючы, сказаў ім: «Хіба не бачыце вы гэта ўсё? Сапраўды кажу вам: не застанецца тут каменя на камені, які б не быў зруйнаваны».
 

А калі Ён сядзеў на Аліўнай гары, прыйшлі вучні да Яго на адзіноце і пыталіся: «Скажы, калі гэта будзе, і які знак Твайго прышэсця і сканчэння веку?»
 

І, адказваючы, Ісус сказаў ім: «Глядзіце, каб хто вас не звёў.
 

Бо многія прыйдуць у імя Маё, кажучы: “Я — Хрыстос”, і многіх звядуць.
 

Пачуеце вы пра войны і чуткі пра войны; глядзіце, каб не напалохаліся, бо так належыць быць, але гэта яшчэ не канец.
 

Падымецца народ на народ і царства на царства, і будуць голад, моры і месцамі землятрусы.
 

Гэта ўсё — пачатак родавых боляў.
 

Тады будуць выдаваць вас на пакуты і забіваць вас будуць, ды будзеце вы зненавіджаны ўсімі народамі за імя Маё.
 

І тады многія згоршацца, і будуць выдаваць адзін аднаго, і будуць ненавідзець адзін аднаго,
 

і паўстануць многія фальшывыя прарокі і будуць зводзіць многіх.
 

І ад таго, што памножыцца беззаконне, астыне любоў у многіх.
 

Але хто вытрывае да канца, той будзе збаўлены.
 

І будзе прапаведавацца гэтае Евангелле Валадарства па ўсім свеце на сведчанне ўсім народам; і тады прыйдзе канец.
 

І, калі ўбачыце нарэшце агіду спусташэння, якая паўстане на святым месцы, як сказана Даніэлем прарокам, — хто чытае, хай разумее, —
 

тады тыя, што ў Юдэі, хай уцякаюць у горы,
 

і хто на даху, хай не сыходзіць, каб узяць што-небудзь з дома свайго;
 

і хто на полі, хай не вяртаецца забраць свой плашч.
 

Гора цяжарным і тым, хто корміць грудзьмі у тыя дні!
 

Дык прасіце, каб вашы ўцёкі не былі зімою ці ў суботу.
 

Бо тады будзе вялікая пакута, якой не было ад пачатку свету аж дасюль, дый не будзе.
 

І, калі б не былі скарочаны тыя дні, аніякае цела не ўратавалася б, але дзеля выбраных будуць скарочаны тыя дні.
 

Тады, калі б хто вам казаў: “Вось тут Хрыстос”, або: “Там”, — не верце.
 

Паўстануць бо фальшывыя хрысты і фальшывыя прарокі і прадставяць вялікія знакі і цуды, — так, каб у зман увесці, калі гэта магчыма, нават абраных.
 

Вось, Я наперад вам гэта сказаў.
 

Дык калі б вам потым сказалі: “Вось, Ён у пустыні”, — не выходзьце; “Вось, Ён у пакоях”, — не верце.
 

Бо, як маланка з’яўляецца на ўсходзе і віднеецца аж да захаду, такім будзе і прышэсце Сына Чалавечага.
 

Дзе будзе труп, там збяруцца і арлы.
 

А зараз па тузе тых дзён сонца зацемрыцца, і месяц не дасць святла свайго, і нябесныя зоркі падаць будуць, і сілы, што на небе, пахіснуцца.
 

І тады з’явіцца знак Сына Чалавечага на небе, і тады заплачуць усе плямёны зямныя, і ўбачаць Сына Чалавечага, Які прыходзіць на аблоках нябесных з магутнасцю і славаю вялікай.
 

І пашле Ён анёлаў Сваіх з трубою гучнай, і збяруць яны абраных Яго з чатырох вятроў, ад краю неба аж да канца яго.
 

І навучыцеся прыкладам фігавага дрэва: калі ўжо галінка яго лагаднее і пускае лісты, вы ведаеце, што блізка лета.
 

Так і вы, калі ўбачыце ўсё гэта, ведайце, што блізка, пры дзвярах.
 

Сапраўды кажу вам: не праміне гэтае пакаленне, аж усё гэта станецца.
 

Неба і зямля сыдуць, але слова Маё не праміне.
 

Што да дня таго і хвіліны, ніхто не ведае, — ані анёлы нябесныя, — толькі Айцец адзін.
 

І як у дні Ноя, так будзе і прышэсце Сына Чалавечага.
 

Бо як у той час перад патопам елі і пілі, жаніліся і замуж аддавалі, аж да таго дня, калі Ной увайшоў у каўчэг,
 

і не зразумелі, аж пакуль не прыйшоў патоп і не знішчыў усіх, так будзе і ў прышэсце Сына Чалавечага.
 

Тады двое будуць на полі: аднаго возьмуць, а другога пакінуць.
 

Дзве будуць малоць у жорнах: адну возьмуць, другую пакінуць.
 

Дык чувайце, бо не ведаеце, у які час прыйдзе Госпад ваш.
 

А гэта ведайце, што, каб гаспадар дома ведаў, а якой гадзіне злодзей мае прыйсці, пільнаваў бы і не дазволіў падкапаць дом свой.
 

Таму і вы будзьце гатовы, бо ў гадзіну, якой вы не ведаеце, Сын Чалавечы прыйдзе.
 

Хто, думаеш, з’яўляецца верным і разумным паслугачом, якога паставіў гаспадар над падданымі сваімі, каб ён у вызначаны час даваў ім меру пшаніцы?
 

Дабраславёны той паслугач, якога, калі прыйдзе, гаспадар яго знойдзе за такім заняткам.
 

Сапраўды кажу вам, што паставіць яго над усёй сваёй маёмасцю.
 

А калі скажа гэны ліхі паслугач у сэрцы сваім: “Марудзіць гаспадар мой з прышэсцем”,
 

і пачне біць таварышаў сваіх, і будзе есці і піць з п’яніцамі,
 

то прыйдзе гаспадар слугі таго ў дзень неспадзяваны, у гадзіну невядомую
 

і аддзеліць яго, ды прызначыць яго долю разам з крывадушнікамі: там будзе плач і скрыгатанне зубоў.