Мацьвея 21 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002
І, калі набліжаліся да Ерузаліма і падышлі да Бэтфагэ на Аліўнай гары, тады Ісус паслаў двух вучняў,
кажучы ім: «Ідзіце ў сяло, якое перад вамі, і адразу знойдзеце асліцу прывязаную і асляня з ёю. Адвяжыце і прывядзіце да Мяне.
І, калі вам хтосьці нешта скажа, скажыце: “Госпад мае ў іх патрэбу”, і адразу ж той адпусціць іх».
Усё гэта сталася, каб збылося тое, што было сказана прарокам, які казаў:
«Скажыце дачцы Сіёна: “Вось, ідзе да цябе Валадар твой, ціхмяны, седзячы на асліцы і на асляняці, сыне пад’ярэмнай”».
Пайшоўшы, вучні зрабілі, як загадаў ім Ісус.
І прывялі асліцу з аслянём, і ўсклалі на іх адзенне сваё, і Ён сеў на іх.
А многія людзі пасцілалі сваю вопратку на дарозе, а іншыя сціналі галінкі з дрэў і пасцілалі на дарозе.
І натоўпы, што наперадзе і за Ім ішлі, усклікалі, кажучы: «Гасана Сыну Давіда! Дабраславёны, Хто прыходзіць у імя Госпада. Гасана на вышынях!»
І, калі ўвайшоў у Ерузалім, узварухнуўся ўвесь горад, кажучы: «Хто гэта?»
А народ казаў: «Гэта Ісус, прарок з Назарэта Галілейскага».
І ўвайшоў Ісус у святыню Божую, і павыганяў усіх, што прадавалі і куплялі ў святыні, а сталы мянялаў і лаўкі прадаўцоў галубоў перакуліў.
І кажа: «Напісана: “Дом Мой домам малітвы будзе названы”, а вы зрабілі яго пячорай разбойнікаў».
І падышлі да Яго ў святыні сляпыя і кульгавыя, і Ён аздаравіў іх.
А першасвятары і кніжнікі, бачачы цуды, якія Ён учыніў, ды дзяцей, што ўсклікалі ў святыні, кажучы: «Гасана Сыну Давідаву!», злаваліся
і сказалі Яму: «Ці чуеш, што яны кажуць?» А Ісус кажа ім: «Так; хіба вы не чыталі: “З вуснаў дзяцей і немаўлят учыніў Ты хвалу”»?
І, пакінуўшы іх, выйшаў за горад у Бэтанію, і там застаўся.
А раніцай, вяртаючыся ў горад, адчуў голад.
І, убачыўшы пры дарозе адно дрэва фігавае, падышоў да яго, але не знайшоў на ім нічога, апрача лісця, і сказаў яму: «Няхай не родзіцца з цябе плод навекі». І адразу дрэва фігавае ссохла.
І, бачачы гэта, вучні дзівіліся, кажучы: «Якім чынам адразу ссохла дрэва фігавае?»
А Ісус, адказваючы, гаворыць ім: «Сапраўды кажу вам: калі вы будзеце мець веру і не будзеце сумнявацца, вы зробіце не толькі тое, што з дрэвам фігавым, але нават калі гэтай гары скажаце: “Падыміся і кінься ў мора”, — станецца.
І ўсё, пра што будзеце прасіць у малітве з вераю, атрымаеце».
І, калі Ісус увайшоў у святыню, падышлі да Яго, калі Ён вучыў, першасвятары і старэйшыны народа і казалі: «Якою ўладаю Ты гэта робіш, і хто Табе даў такую ўладу?»
І Ісус, адказваючы, сказаў ім: «І Я задам вам адно пытанне, і, калі вы адкажаце Мне, то і Я адкажу вам, якою ўладаю Я гэта раблю:
хрост Янаў адкуль быў? З неба ці ад людзей?» А яны разважалі паміж сабой, кажучы: «Калі мы скажам: “З неба”, Ён скажа: “Дык чаму вы не паверылі яму?”
А калі мы скажам: “Ад людзей”, баімся натоўпа, бо ўсе Яна лічаць прарокам».
І, адказваючы, яны сказалі Ісусу: «Не ведаем», а Ён сказаў: «Дык і Я вам не скажу, якою ўладаю Я гэта раблю.
А як вам здаецца? Адзін чалавек меў двух сыноў. І, прыходзячы да першага, сказаў: “Сыне, ідзі папрацуй сёння ў маім вінаградніку”.
А ён, адказваючы, гаворыць: “Не хачу”. А потым, узрушаны навяртаннем, выйшаў і пайшоў.
Звяртаючыся да другога, сказаў яму падобна. А той, адказваючы, гаворыць: “Іду, гаспадару”, — але не пайшоў.
Хто з дваіх выканаў волю бацькі?» Яны кажуць: «Першы». Кажа ім Ісус: «Сапраўды кажу вам: наперадзе вас мытнікі і распусніцы ідуць у Валадарства Божае.
Бо прыйшоў да вас Ян дарогай справядлівасці, і вы не паверылі яму; мытнікі ж і распусніцы паверылі яму. Вы, аднак, бачачы гэта, нават потым не навярнуліся, каб яму паверыць.
Паслухайце іншую прыпавесць. Быў чалавек гаспадар дому, які насадзіў вінаграднік, і абгарадзіў яго плотам, і выкапаў у ім выціскальню, і пабудаваў вежу, і наняў у яго вінаградараў, і аддаліўся.
А калі надышоў час пладоў, паслаў ён паслугачоў сваіх да вінаградараў, каб яны забралі яго плады.
А вінаградары, схапіўшы паслугачоў яго, аднаго пабілі, другога забілі, а іншага ўкаменавалі.
Ізноў паслаў Ён іншых паслугачоў, больш, чым раней, але і ім зрабілі падобна.
Нарэшце паслаў да іх сына свайго, кажучы: “Пасаромяцца сына майго”.
Але вінаградары, бачачы сына, гаварылі адзін аднаму: “Гэта спадкаемец. Хадземце, заб’ём яго і завалодаем яго спадчынаю”.
І, схапіўшы яго, выкінулі з вінаградніку і забілі.
Дык калі прыйдзе гаспадар вінаградніку, што ён зробіць тым вінаградарам?»
Яны гавораць Яму: «Ліхіх ён сурова заб’е, а вінаграднік аддасць іншым вінаградарам, якія будуць аддаваць плод у вызначаны час».
Кажа ім Ісус: «Ці ж ніколі не чыталі вы ў Пісанні: “Камень, які адкінулі будаўнікі, ён стаўся галавою вугла. Ад Госпада гэта сталася, і дзіўна ў вачах нашых”?
Дзеля таго кажу вам, што будзе аднята ад вас Валадарства Божае, а дадзена народу, які творыць плады яго.
І хто ўпадзе на гэты камень, разаб’ецца, а на каго ён упадзе, таго раздавіць».
І, калі пачулі першасвятары і фарысеі Яго прыпавесць, зразумелі, што пра іх Ён гаварыў.
І намагаліся Яго ўзяць, але баяліся людзей, бо яны лічылі Яго прарокам.