Мацьвея 25 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

Тады падобна будзе Валадарства Нябеснае да дзесяці дзяўчын, якія, узяўшы лампады свае, выйшлі насустрач жаніху.
 

Пяць з іх было неразумных, а пяць — разумных.
 

Але неразумныя, узяўшы лампады свае, не ўзялі з сабою алею.
 

Разумныя ж узялі алею ў посуд свой разам з лампадамі сваімі.
 

А паколькі жаніх замарудзіў, задрамалі ўсе і паснулі.
 

А апоўначы ўзняўся крык: “Вось жаніх ідзе! Выходзьце яму насустрач”.
 

Тады падняліся ўсе тыя дзяўчаты і падрыхтавалі свае лампады.
 

Неразумныя ж сказалі разумным: “Дайце нам вашага алею, бо нашы лампады гаснуць”.
 

Адказалі разумныя, кажучы: “Каб раптам не было недахопу і нам, і вам, лепш ідзіце да прадаўцоў ды купіце сабе”.
 

Калі яны пайшлі купляць, прыйшоў жаніх, і тыя, што былі прыгатаваны, увайшлі з ім на вяселле. І дзверы зачыніліся.
 

Нарэшце прыйшлі і астатнія дзяўчаты, кажучы: “Госпадзе, Госпадзе, адчыні нам!”
 

А Ён, адказваючы, гаворыць: “Сапраўды кажу вам: Я не ведаю вас”.
 

Дык чувайце, бо не ведаеце ані дня, ані гадзіны, калі Сын Чалавечы прыйдзе.
 

Падобным чынам чалавек, адыходзячы ў далёкі край, склікаў сваіх паслугачоў і даручыў ім сваю маёмасць.
 

І аднаму даў пяць талентаў, а другому два, а іншаму адзін — кожнаму паводле яго здольнасці, і выправіўся адразу.
 

Той, які атрымаў пяць талентаў, пайшоў і, скарыстаўшыся з іх, зарабіў яшчэ пяць талентаў.
 

Падобна і той, хто атрымаў два, зарабіў яшчэ два.
 

А той, хто атрымаў адзін, пайшоў і закапаў яго ў зямлю ды схаваў грошы гаспадара свайго.
 

Потым па доўгім часе прыходзіць гаспадар паслугачоў тых і выстаўляе рахунак ім.
 

І, прыйшоўшы, той, які атрымаў пяць талентаў, прынёс яшчэ пяць талентаў, кажучы: “Гаспадару, ты даў мне пяць талентаў; вось, я зарабіў дадаткова яшчэ пяць талентаў на іх”.
 

Гаворыць яму гаспадар яго: “Добра, паслугач добры і верны; у малым быў ты верны, дам табе ўладу над многім; увайдзі ў радасць гаспадара твайго”.
 

Прыйшоў таксама і той, які атрымаў два таленты, і гаворыць: “Гаспадару, ты даручыў мне два таленты, вось я зарабіў яшчэ два таленты на іх”.
 

Гаворыць яму гаспадар яго: “Добра, паслугач добры і верны; ты быў у малым верны, дам табе ўладу над многім; увайдзі ў радасць гаспадара твайго”.
 

А той, што атрымаў адзін талент, прыходзячы, гаворыць: “Гаспадару, я ведаю цябе як чалавека жорсткага: ты жнеш, дзе не пасеяў, і збіраеш, дзе не рассыпаў.
 

Дык, баючыся, пайшоў я і закапаў твой талент у зямлю. Вось, бяры, што тваё”.
 

У адказ гаспадар яго сказаў: “Паслугач благі і неруплівы! Ты ведаў, што я жну, дзе не пасеяў, і збіраю, дзе не рассыпаў.
 

Дык належала б табе мае грошы даць мяняльшчыкам, а я, прыйшоўшы, атрымаў бы, што маё, з прыбыткам.
 

Таму вазьміце ад яго талент і дайце таму, хто мае дзесяць талентаў.
 

Бо кожнаму, хто мае, будзе дададзена, і памножыцца; а ў таго, хто не мае, адбяруць і тое, што ён мае.
 

А паслугача нягоднага кіньце ў цемру вонкавую; там будзе плач і скрыгатанне зубоў”.
 

А калі прыйдзе Сын Чалавечы ў славе Сваёй і ўсе святыя анёлы разам з Ім, тады Ён сядзе на пасадзе славы Сваёй.
 

І збяруцца перад Ім усе народы, і Ён аддзеліць адных ад другіх, як пастух аддзяляе авечак ад казлоў.
 

І Ён паставіць авечак праваруч Сябе, а казлоў — леваруч.
 

Тады скажа Валадар тым, што будуць праваруч Яго: “Прыходзьце, дабраславёныя Айца Майго; атрымайце Валадарства, прыгатаванае для вас ад заснавання свету.
 

Бо быў Я галодны, і вы накармілі Мяне; быў сасмаглы, і вы далі Мне піць; чужаземец быў, і вы прынялі Мяне;
 

быў голы, і вы апранулі Мяне; быў хворы, і вы адведалі Мяне; быў у вязніцы, і вы прыйшлі да Мяне”.
 

Тады адкажуць Яму справядлівыя, кажучы: “Госпадзе, калі ж мы Цябе бачылі галодным і накармілі Цябе, або сасмаглым і далі Табе піць?
 

Калі ж мы бачылі госцем Цябе і прынялі, або голым і апранулі?
 

Калі ж мы бачылі хворым Цябе або ў вязніцы і прыйшлі да Цябе?”
 

І, адказваючы, Валадар скажа ім: “Сапраўды кажу вам: “Што зрабілі вы аднаму з гэтых братоў Маіх найменшых, тое Мне зрабілі”.
 

Тады скажа Ён і тым, хто леваруч Яго будуць: “Ідзіце ад Мяне, праклятыя, у агонь вечны, які прыгатаваны для д’ябла і анёлаў яго.
 

Бо быў Я галодны, і вы не далі Мне есці, быў Я сасмаглы, і вы не далі Мне піць;
 

быў Я госцем, і вы не прынялі Мяне; быў голы, і вы не апранулі Мяне; быў хворым і ў вязніцы, і вы не адведалі Мяне”.
 

Тады адкажуць яны Яму, кажучы: “Госпадзе, калі мы бачылі Цябе галодным, або сасмаглым, або госцем, або голым, або хворым, або ў вязніцы і не паслужылі Табе?”
 

Тады Ён адкажа ім, кажучы: “Сапраўды кажу вам: чаго вы не зрабілі аднаму з тых найменшых, таго і Мне не зрабілі”.
 

І пойдуць яны на вечную муку, а справядлівыя — у жыццё вечнае».