Мацьвея 9 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

І, увайшоўшы ў лодку, Ён пераплыў мора і прыбыў у Свой горад.
 

І вось, прынеслі да Яго спаралізаванага, што ляжаў на ложку. І Ісус, бачачы іх веру, сказаў спаралізаванаму: «Не бойся, сыне, даруюцца табе твае грахі».
 

І вось, некаторыя з кніжнікаў сказалі самі сабе: «Ён блюзніць».
 

І Ісус, ведаючы іх думкі, сказаў: «Нашто вы надумляеце ліхое ў вашых сэрцах?
 

Бо што лягчэй сказаць: “Даруюцца грахі твае”, ці сказаць: “Устань і хадзі”?
 

Але каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае на зямлі ўладу даравання грахоў, — гаворыць тады спаралізаванаму: “Устань, вазьмі ложак твой і ідзі ў дом твой”».
 

І той падняўся і пайшоў у дом свой.
 

І, бачачы гэта, натоўпы здзівіліся і славілі Бога, што даў гэтакую ўладу людзям.
 

І, калі адыходзіў адтуль Ісус, убачыў Ён чалавека, на імя Мацвей, які сядзеў пры мыце, і гаворыць яму: «Ідзі ўслед за Мной!» І той, падняўшыся, пайшоў за Ім.
 

І сталася, калі Ён узлягаў за сталом у доме, вось, прыйшлі многія мытнікі і грэшнікі і ўзляглі разам з Ісусам і Яго вучнямі.
 

І, бачачы гэта, фарысеі казалі вучням Яго: «Чаму з мытнікамі і грэшнікамі есць ваш Настаўнік?»
 

А Ён, пачуўшы гэта, гаворыць: «Не здаровым трэба лекара, але немачным.
 

Дык ідзіце і навучыцеся, што значыць: “Міласэрнасці хачу, а не ахвяры”. Бо Я прыйшоў заклікаць не справядлівых, але грэшнікаў да пакаяння».
 

Тады падыходзяць да Яго вучні Яна, кажучы: «Чаму гэта мы і фарысеі часта посцім, а вучні Твае не посцяць?»
 

І гаворыць ім Ісус: «Ці ж могуць вясельнікі сумаваць, пакуль жаніх з імі? Але прыйдуць дні, калі забяруць ад іх жаніха, і тады яны будуць посціць.
 

Бо ніхто не прышывае латы новага сукна да старога адзення, бо яна раздзірае яго і дзіра робіцца большай.
 

Таксама не ўліваюць новае віно ў старыя мяхі, бо тады разрываюцца мяхі, і віно выліваецца, і мяхі прападаюць; але новае віно ўліваюць у новыя мяхі, тады зберагаецца адно і другое».
 

Калі Ён ім гэта гаварыў, вось, адзін начальнік падышоў і пакланіўся Яму, кажучы: «Госпадзе, дачка мая толькі што сканала, але прыйдзі, ускладзі на яе Сваю руку, і яна жыць будзе».
 

І, падняўшыся, Ісус пайшоў за ім, і вучні Яго.
 

І вось, жанчына, якая дванаццаць гадоў пакутавала на крывацечу, падышла ззаду і дакранулася да краю вопраткі Яго.
 

Бо яна казала сама ў сабе: «Калі толькі дакрануся да вопраткі Яго, збаўлена буду».
 

Ісус, павярнуўшыся і ўбачыўшы яе, сказаў: «Не бойся, дачка, вера твая дала збаўленне табе». І аздароўлена была жанчына ў тую самую гадзіну.
 

А калі прыйшоў Ісус у дом начальніка, убачыў жалейнікаў і натоўп усхваляваны,
 

казаў ім: «Разыдзіцеся, не памерла дзяўчынка, але спіць». І смяяліся з Яго.
 

А калі людзей вывелі, увайшоў і ўзяў яе за руку, і дзяўчынка паднялася.
 

І разышлася вестка пра гэта па ўсёй той зямлі.
 

І, калі Ісус адыходзіў адтуль, ішлі за Ім два сляпыя, якія крычалі і казалі: «Сыне Давідаў, злітуйся над намі!»
 

А калі Ён увайшоў у дом, падышлі да Яго сляпыя, і кажа ім Ісус: «Ці верыце, што Я магу вам гэта зрабіць?» Сказалі Яму: «Несумненна, Госпадзе».
 

Тады Ён дакрануўся да іх вачэй, кажучы: «Хай вам станецца, як вы верыце».
 

І адкрыліся вочы іх. І строга папярэдзіў іх Ісус, кажучы: «Глядзіце, каб ніхто пра гэта не даведаўся».
 

Але яны, адышоўшыся, расславілі аб Ім па ўсёй той зямлі.
 

Па іх адыходзе прывялі да Яго чалавека нямога, апанаванага нячыстым.
 

Калі ж выгнаў нячыстага духа, нямы той загаварыў. Дык дзівіліся людзі і казалі: «Ніколі гэтага не здаралася ў Ізраэлі».
 

Фарысеі ж казалі: «Моцай князя дэманскага выганяе ліхіх духаў».
 

І хадзіў Ісус па ўсіх гарадах і вёсках, навучаючы ў сінагогах, і прапаведуючы добрую вестку Валадарства Божага, і аздараўляючы ўсякую хваробу ды ўсякую немач у народзе.
 

І, бачачы мноства людзей, Ісус пашкадаваў іх, бо былі зняможаны і кінуты, быццам авечкі, якія не маюць пастыра.
 

Тады кажа Ён вучням Сваім: «Жніва многа, але працаўнікоў мала.
 

Дык прасіце Гаспадара жніва, каб паслаў працаўнікоў на жніво Сваё».