Да Рымлянаў 9 разьдзел
Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002
Праўду кажу ў Хрысце, не маню, сведчыць аб гэтым маё сумленне ў Духу Святым,
што вялікі смутак у мяне і няспынны боль у сэрцы маім.
Я хацеў бы сам быць адлучаным ад Хрыста за братоў маіх, родных мне паводле цела,
якія ёсць ізраэльцы, маючыя ўсынаўленне, і славу, і запаветы, і ўклад законаў, і служэнне Богу, і абяцанні,
з іх і бацькі, з іх і Хрыстос паводле цела: Ён — Бог па-над усім, дабраславёны навечна. Амін.
Гэта не значыць, што слова Божае не здзейснілася. Бо не ўсе, што з Ізраэля, — ізраэльцы.
Ды не ўсе нашчадкі Абрагама яго сыны, але: «Ад Ізаака будуць называцца твае нашчадкі».
Гэта значыць, што не сыны паводле цела ёсць сынамі Божымі, але сыны абяцання лічацца нашчадкамі;
слова ж абяцання такое: «Прыйду ў той самы час, і ў Сары будзе сын».
Ды не толькі, але і Рэбэка пачала за адзін раз ад бацькі нашага Ізаака.
Калі яны былі яшчэ не народжаны ды нічога не ўчынілі: ані дабра, ані зла, — каб заставаўся Божы намер адносна выбрання, —
сказана было ёй не дзеля ўчынкаў іх, але дзеля Таго, Хто заклікае: «Старэйшы будзе служыць малодшаму»,
як напісана: «Якуба Я палюбіў, а Эзава ўзненавідзеў».
Што скажам на гэта? Няўжо Бог несправядлівы? Ніякім чынам!
Бо Ён кажа Майсею: «Я пашкадую таго, каго шкадую, ды буду літасцівы да таго, да каго літасцівы».
Гэта залежыць ані ад таго, хто хоча, ані ад таго, хто намагаецца, але ад Бога міласэрнага.
Бо ў Пісанні кажа фараону: «Дзеля таго Я паставіў цябе, каб паказаць на табе магутнасць Сваю ды каб абвяшчалася імя Маё па ўсёй зямлі».
Дык, каго хоча, літуе і, каго хоча, закамяняе.
А ты скажаш мне: «Чаму тады дакарае? Хто бо зможа супрацівіцца волі Яго?»
Чалавеча! Хто ты такі, каб мог адказваць Богу? Няўжо выраб будзе казаць таму, хто яго зляпіў: «Чаму ты мяне такім зляпіў?»
Ці ж ганчар над глінай не мае ўлады, каб з таго самага месіва зрабіць адну пасудзіну для пачэснага ужытку, а другую — для непачэснага?
Што ж, калі Бог, хочучы паказаць гнеў Свой або выявіць магутнасць Сваю, з вялікім цярпеннем ашчаджаў пасудзіны гневу, прызначаныя на загубу,
ды, каб выявіць багацце славы Сваёй над пасудзінамі міласэрнасці, якія наперад прыгатаваў на славу,
паклікаў нас не толькі з юдэяў, але таксама з паганаў?
Як кажа таксама праз Осію: «“Не Мой народ” назаву “Маім народам”, а “Нялюбую” — “Любай”».
І будзе: на месцы, дзе ім было сказана: “Вы — не Мой народ”, там назавуцца сынамі Бога жывога.
А Ісая ўсклікае пра Ізраэля: «Хоць бы колькасць сыноў Ізраэля была як пясок марскі, толькі рэшта будзе збаўлена.
Бо слова спаўняецца, і рашуча здзейсніцца паводле справядлівасці, Госпад здзейсніць на зямлі Сваё слова без адкладу».
І як таксама прадказаў Ісая: «Калі б Госпад Сабаот не пакінуў нам нашчадкаў, сталі б мы як Садом ды былі б падобнымі да Гаморы».
Дык што можам сказаць? Што пагане, якія не імкнуліся да справядлівасці, атрымалі справядлівасць, але справядлівасць, якая ёсць з веры.
А Ізраэль, імкнучыся да закону справядлівасці, да закону не дайшоў.
Чаму? Бо імкнуўся не з веры, але з учынкаў. Яны спатыкнуліся аб камень спатыкнення,
як напісана: «Вось жа, кладу на Сіёне камень спатыкнення і камень згаршэння. І ўсякі, хто верыць у Яго, не будзе асаромлены».