1 да Цімафея 5 разьдзел

Першае пасланьне да Цімафея
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

На старэйшага не сварыся сурова, але ўпрошвай, як бацьку; маладых — як братоў;
 

старэйшага ўзросту жанчын — як мацерак, а маладых — як сясцёр з усёй чысцінёй.
 

Удоў шануй, якія сапраўды ўдовы.
 

Калі ж якая ўдава мае дзяцей або ўнукаў, дык няхай перш навучыцца кіраваць пабожна домам сваім ды няхай умее аддаць належнае бацькам, бо гэта добра і ўгодна Богу.
 

Тая ж, што сапраўды ўдава і адзінокая, мае надзею на Бога і не перастае ўпрошваць Бога і маліцца ўночы і днём.
 

А тая, што ў распусце жыве, тая мёртвая.
 

І гэта загадвай ім, каб яны былі беззаганнымі.
 

Калі ж хто не апякуецца над сваімі, тым больш хатнімі, той выракся веры і горшы за нявернага.
 

У патрэбе выбіраць трэба ўдаву не менш шасцідзесяці гадоў, меўшую аднаго толькі мужа,
 

выпрабаваную ў добрых справах, гэта значыць, што добра выгадавала дзяцей, што яна гасцінная, што святым ногі абмывала, што пакутуючых у горы суцяшала, што рупілася пра добрыя справы.
 

А маладых удоў не прымай, бо яны, раскашуючы, жывуць супраць Хрыста і хочуць выйсці замуж.
 

Яны падлягаюць асуджэнню, бо страцілі першую веру.
 

Да таго ж яны, гультайкі, прывучаюцца хадзіць па хатах; і не толькі гультайкі, але і пляткаркі, і цікаўныя, і лапочуць, што не належыць.
 

Таму хачу, каб маладыя выходзілі замуж, нараджалі дзяцей, кіравалі домам, не давалі аніякай падставы ворагу для знеслаўлення.
 

Бо ўжо некаторыя павярнуліся назад за шатанам.
 

Калі ж які верны, ці верная, мае ўдоў, дык няхай апякуецца над імі і не абцяжарвае царквы, каб яна магла ўспамагаць тым, якія сапраўды ўдовы.
 

Старэйшыны, якія добра кіруюць, вартыя падвойнай пашаны, асабліва тыя, што працуюць у слове і ў навуцы.
 

Вось жа, кажа Пісанне: «Не завязвай пысы валу, які малоціць» і «Работнік варты платы сваёй».
 

Не прымай абвінавачванняў на старэйшыну, хіба ў прысутнасці двух ці трох сведкаў.
 

Грэшнікаў павучай перад усімі, каб іншыя баяліся.
 

Заклінаю цябе перад Богам і Ісусам Хрыстом і выбранымі анёламі захаваць гэта без перадузятасці, не хістаючыся ў той ці іншы бок.
 

Не ўскладай ні на каго паспешліва рук, каб не стаць табе супольнікам чужых грахоў; захоўвай сябе чыстым.
 

З гэтай пары не пі вады, але патроху ўжывай віна з увагі на твой страўнік, дзеля частых тваіх захворванняў.
 

Грахі некаторых людзей выяўляюцца непасрэдна перад судом, а за іншымі ідуць следам.
 

Падобна і добрыя ўчынкі яўныя, а калі інакш, схавацца не змогуць.