Лікі 13 разьдзел

Лікі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Міцкевіча (Прускага)

 
 

І народ выйшаў з Асэрота, паставіўшы палаткі ў пустыні Паран.
 

Там сказаў Госпад Майсею, гаворачы:
 

«Пашлі людзей, каб яны агледзелі зямлю Ханаан, якую Я маю даць сынам Ізраэля, па адным ад кожнага пакалення кіраўнікоў».
 

Што Госпад загадаў, тое і зрабіў Майсей, і паслаў мужчын князей з пустыні Паран,
 

вось імёны іх: з пакалення Рубэна — Самуа, сына Закхура;
 

з пакалення Сімяона — Сафата, сына Горы;
 

з пакалення Юды — Калеба, сына Ефоны;
 

з пакалення Ісахара — Ігал, сына Язэпа;
 

з пакалення Эфраіма — Осію, сына Нуна;
 

з пакалення Бэньяміна — Палці, сына Рэфу;
 

з пакалення Забулона — Гэдзіэля, сына Содзі;
 

з пакалення Язэпа, пакалення Манасы — Гадзі, сына Сусі;
 

з пакалення Дана — Аміэля, сына Гэмалі;
 

з пакалення Асэра — Стура, сына Міхаэля;
 

з пакалення Нэфталі — Нагабі, сына Вафсі;
 

з пакалення Гада — Гуэля, сына Махі.
 

Гэта вось імёны мужчын, якіх паслаў Майсей для выведвання зямлі. І Осію, сына Нуна, назваў Майсей потым Ешуа.
 

Дык паслаў іх для выведвання зямлі Ханаан Майсей і сказаў ім: «Ідзіце праз Нагэб. І калі прыйдзеце ў горы,
 

агледзьце зямлю, якая яна, і народ, жыхароў той зямлі, ці моцны ён, ці кволы, ці нямногія лікам, ці шматлікія;
 

а сама зямля, — ці добрая, ці ліхая; якія гарады, ці абмураваныя, ці без муроў;
 

ці глеба ўрадлівая, ці пустая, лясістая, ці без дрэў. Будзьце адважнымі і прынясіце нам пладоў той зямлі». А быў час, калі ўжо можна было есці ранні вінаград.
 

І калі яны пайшлі, то разведалі зямлю ад пустыні Сін па Рагоб паблізу Эмата.
 

І дайшлі да Нагэба, і прыйшлі ў Геброн, дзе жылі Ахіман, і Сэсай, і Талмай, сыны Анака. Бо Геброн быў заснаваны на сем гадоў раней, чым Танея, горад егіпецкі.
 

І дайшлі яны аж да даліны Нэгэлескал, зрэзалі вінаградную галінку з яе вінаградам, які неслі на жэрдцы два мужчыны. Неслі таксама яблыкі гранатавыя і фігі той мясцовасці,
 

што была названа далінай Нэгэлескал, таму што адтуль сыны Ізраэля неслі вінаград.
 

І вярнуліся выведчыкі зямлі па сарака днях, абышоўшы кожную вобласць,
 

прыйшлі да Майсея і Аарона і ўсёй супольнасці сыноў Ізраэля ў пустыню Паран, што ў Кадэсе. І расказвалі ім, і паказалі плады той зямлі ўсёй грамадзе, і распавядалі, гаворачы:
 

«Прыбылі мы ў зямлю, у якую паслаў ты нас, якая сапраўды ацякае малаком і мёдам, як можна пераканацца з гэтых пладоў.
 

Але жыхароў мае яна найдужэйшых і гарады вялікія і абмураваныя. Бачылі мы там род Анака;
 

амалекцы жывуць у Нагэбе; хетэі, і евусеі, і амарэі — у гарах, а хананеі жывуць каля мора і на берагах Ярдана».
 

Між тым Калеб, супакойваючы абурэнне народа супраць Майсея, казаў: «Пойдзем і здабудзем зямлю, бо мы зможам авалодаць ёю».
 

Іншыя ж, хто быў з ім, казалі: «Ніякім чынам не зможам ваяваць з тым народам, бо ён дужэйшы за нас».
 

І гаварылі ліхія весткі пра зямлю, якую агледзелі, паміж сыноў Ізраэля, кажучы: «Зямля, якую мы агледзелі, пажырае жыхароў сваіх; народ, які мы бачылі, — высокага росту;
 

бачылі мы там волатаў, сыноў Анака з роду волатаўскага, і ў параўнанні з імі мы выглядалі саранчою».