Псалтыр 53 псалом

Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Праваслаўнай Царквы

 
 

Кіраўніку хору. Паводле «Махалат». Маскіль. Давідаў.
 

Неразумны кажа ў сэрцы сваім: «Няма Бога». Разбэсціліся яны і ўчынілі гнюсныя злачынствы; няма нікога, хто б чыніў дабро.
 

Бог з неба зірнуў на сыноў чалавечых, каб паглядзець, ці ёсць такі, хто разумее або шукае Бога.
 

Усе адвярнуліся, як адзін, разбэсціліся, няма нікога, хто б чыніў дабро, няма аніводнага.
 

Ці не зразумеюць усе тыя, што чыняць несправядлівасць, тыя, што пажыраюць народ Мой, быццам лусту хлеба? Бога не паклікалі яны;
 

там трымцелі яны ад страху, дзе страху не было. Бо Бог рассыпаў косці тых, якія цябе прыгняталі; пасаромлены яны, бо Бог адцураўся іх.
 

Хто дасць з Сіёна збаўленне для Ізраэля? Калі адменіць Бог долю народа свайго, тады ўзрадуецца Якуб і ўзвесяліцца Ізраэль.