Лявіт 9 разьдзел

Лявіт
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Па прашэсці васьмі дзён паклікаў Майсей Аарона, і сыноў яго, і старэйшын родаў Ізраэля ды сказаў Аарону:
 
На восьмы дзень паклікаў Майсей Аарона і сыноў ягоных і старэйшынаў Ізраілевых

«Вазьмі са статка бычка ў ахвяру за грэх і барана на ахвяру цэласпалення, абодвух без заганы, ды складзі іх у ахвяру перад Госпадам.
 
і сказаў Аарону: вазьмі сабе з валоў цяля ў ахвяру за грэх і барана на цэласпаленьне, абодвух без пахібы, і пастаў прад аблічча Гасподняе;

А сынам Ізраэля скажы: “Вазьміце казла ў ахвяру за грэх і цяля і барана аднагадовых ды без заганы на ахвяру цэласпалення,
 
і сынам Ізраілевым скажы: вазьмеце казла ў ахвяру за грэх, і цяля, і ягня, адналетак, без пахібы, на цэласпаленьне,

і вала і барана ў ахвяру прымірэння, і ахвяруйце іх перад Госпадам, і ахвяру хлебную, пакропленую алеем, бо сёння Госпад з’явіцца вам”».
 
і вала і барана ў ахвяру мірную, каб учыніць ахвяраваньне перад абліччам Гасподнім, і прынашэньне хлебнае, зьмяшанае з алеем, бо сёньня Гасподзь явіцца вам.

І прынеслі ўсё тое, што загадаў Майсей, да ўваходу палаткі сустрэчы; там, калі прыйшла ўся супольнасць і стала перад Госпадам,
 
І прынесьлі тое, што загадаў Майсей, да скініі сходу, і прыйшло ўсё супольства і стала перад абліччам Гасподнім.

сказаў Майсей: «Вось тое, што загадаў Госпад: зрабіце, і аб’явіцца вам слава Яго!»
 
І сказаў Майсей: вось, што загадаў Гасподзь зрабіць, і зьявіцца вам слава Гасподняя.

Сказаў ён таксама Аарону: «Прыйдзі да ахвярніка і складзі ахвяру за грэх свой, і прынясі ахвяру цэласпалення, і ачысці сябе і народ. І ўчыні ахвяру ад народа і ачысці яго, як загадаў Госпад».
 
І сказаў Майсей Аарону: падыдзі да ахвярніка і ўчыні ахвяру тваю за грэх і цэласпаленьне тваё, і ачысьці сябе і народ, і зрабі прынашэньне ад народу, і ачысьці ім, як загадаў Гасподзь.

Тады Аарон прыступіўся да ахвярніка і забіў цяля за грэх свой,
 
І падышоў Аарон да ахвярніка і закалоў цяля, якое за яго, у ахвяру за грэх:

Сыны яго далі яму кроў цяляці, і ён, памачыўшы палец, памазаў ёй рогі ахвярніка, а рэшту выліў на падножжа ахвярніка.
 
сыны Аарона паднесьлі яму кроў, і ён памачыў палец свой у крыві і паклаў на рогі ахвярніка, а рэшту крыві выліў да падножжа ахвярніка;

Тлушч, ныркі і сальнік печані з ахвяры за грэх спаліў ён на ахвярніку, як загадаў Госпад Майсею;
 
а здор і ныркі і сальнік на печані ад ахвяры за грэх спаліў на ахвярніку, як загадаў Гасподзь Майсею;

а мяса і скуру яго спаліў на агні за лагерам.
 
а мяса і скуру спаліў на агні па-за табарам.

Пасля забіў ахвяру цэласпалення; сыны яго далі яму кроў яе, і ён выліў яе вакол ахвярніка.
 
І закалоў цэласпаленьне, і сыны Аарона паднесьлі яму кроў; ён пакрапіў ёю на ахвярнік з усіх бакоў;

Далі яму таксама саму ахвяру, падзеленую на часткі, разам з галавой, і ён спаліў гэта ўсё агнём на ахвярніку.
 
і прынесьлі яму цэласпаленьне ў кавалках і галаву, і ён спаліў на ахвярніку,

Потым абмыў вадой нутро і ногі і спаліў як цэласпальную ахвяру на ахвярніку.
 
а вантробы і ногі абмыў і спаліў з цэласпаленьнем на ахвярніку.

Потым склаў ён ахвяру ад народа. Узяў казла, за грэх народа, і забіў яго, і ахвяраваў дзеля ачышчэння, як і першага,
 
І прынёс прынашэньне ад народу: і ўзяў ад народу казла за грэх, і закалоў яго, і прынёс яго ў ахвяру за грэх, як і першага.

а таксама ўчыніў цэласпаленне паводле пастановы,
 
і прынёс цэласпаленьне і ўчыніў яго паводле статуту.

і прынёс ён ахвяру хлебную, і напоўніў ёю руку ды спаліў на ахвярніку, апрача ранішняй ахвяры цэласпалення.
 
І прынёс прынашэньне хлебнае і напоўніў ім рукі свае, і спаліў на ахвярніку звыш ранішняга цэласпаленьня.

Пасля забіў вала і барана, ахвяры прымірэння ад народа; сыны ж яго далі яму кроў, якую выліў ён з усіх бакоў на ахвярнік.
 
І закалоў вала і барана, якія ад народу, у ахвяру мірную; і сыны Аарона паднесьлі яму кроў, і ён пакрапіў ёю на ахвярнік з усіх бакоў;

Тлушч жа вала і курдзюк барана, і ныркі з тлушчам, і сальнік печані
 
паднесьлі і тлушч з вала, і з барана курдзюк, і здор, што на вантробах, і ныркі і сальнік на печані,

склалі яны на грудзіну; і калі тлушч быў спалены на ахвярніку,
 
і паклалі: тлушч на грудзіну, і ён спаліў тлушч на ахвярніку;

грудзіну іх і правае плячо Аарон узняў перад Госпадам, як загадаў Майсей.
 
а грудзіну і правы плячук прынёс Аарон, трасучы перад абліччам Гасподнім, як загадаў Майсей.

Потым Аарон падняў рукі ў бок народа і дабраславіў яго. Па заканчэнні ахвяр за грэх, ахвяр цэласпалення і прымірэння сышоў уніз.
 
І падняў Аарон рукі свае, павярнуўшыся да людзей, і дабраславіў іх, і сышоў, учыніўшы ахвяру за грэх, цэласпаленьне і ахвяру мірную.

Потым Майсей і Аарон увайшлі ў палатку сустрэчы, ды, выйшаўшы адтуль, дабраславілі народ. У гэты час аб’явілася слава Госпада ўсяму народу.
 
І ўвайшлі Майсей і Аарон у скінію сходу, і выйшлі, і дабраславілі народ. І зьявілася слава Гасподняя ўсяму народу:

І вось, агонь выйшаў ад Госпада і спаліў ахвяру цэласпалення разам з тлушчам, што былі на ахвярніку. Калі ўбачылі гэта людзі, то ўзрадаваліся вельмі, падаючы тварам да зямлі.
 
і выйшаў агонь ад Госпада і спаліў на ахвярніку цэласпаленьня і тлушч; і бачыў увесь народ і ўсклікнуў з радасьці, і ўпаў на аблічча сваё.