Лявіт 6 разьдзел

Лявіт
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Прамовіў Госпад да Майсея, кажучы:
 
І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:

«Душа, якая зграшыць і, дапусціўшы праступак перад Госпадам, адмовіцца аддаць блізкаму тое, што яму было дадзена на захаванне, або што яму было пазычана на веру, або адыме што-небудзь сілаю, або ўчыніць паклёп,
 
калі хто згрэшыць і ўчыніць злачынства перад Госпадам, і затнецца прад блізкім сваім у тым, што яму даручана, альбо ў яго пакладзена, альбо ім украдзена, альбо ашукае блізкага свайго,

або знойдзе згубленую рэч і не прызнаецца, ды яшчэ і прысягне фальшыва ў чымсьці з усяго таго, у чым звычайна чалавек грашыць,
 
альбо знойдзе згубленае і затнецца ў тым, і запрысягнецца ілжыва ў чым-небудзь, што людзі робяць і тым грэшаць, —

вось жа, хто так зграшыць і будзе вінаваты, хай аддасць ён усё тое, што забраў праз крадзеж або падман, або тое пазычанае, што не аддаў, або тое згубленае, што знайшоў,
 
дык, зграшыўшы і зрабіўшыся вінаватым, ён павінен аддаць узятае, што ўкраў, альбо адабранае, што адабраў, альбо даручанае, што яму даручана, альбо згубленае, што ён знайшоў;

або рэч, адносна якой прысягаў фальшыва, і хай ён верне тое поўнасцю і дадасць пры тым пятую частку ўласніку, якому нанёс страту, у дзень складання ахвяры за праступак.
 
альбо, калі ён у нечым прысягнуўся ілжыва, дык павінен аддаць цалкам і дадаць да таго пятую долю і аддаць таму, каму належыць, у дзень прынашэньня ахвяры павіннасьці;

А за праступак хай ахвяруе ён Госпаду ягня без заганы са статка, паводле ацанення [твайго], на ахвяру аднагараджэння, і прывядзе яго да святара.
 
і за віну сваю няхай прынясе Госпаду да сьвятара ў ахвяру павіннасьці са статку авечак барана без пахібы, паводле ацэны тваёй:

І ачысціць святар яго перад Госпадам, і будуць адпушчаны яму ўсе ўчынкі, якімі ён зграшыў».
 
і ачысьціць яго сьвятар прад Госпадам, і даравана будзе яму, што б ён ні зрабіў, усё, у чым ён зрабіўся вінаваты.

Прамовіў Госпад Майсею, кажучы:
 
І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:

«Загадай Аарону і сынам яго: “Вось закон адносна ахвяры цэласпалення: хай яна спальваецца на вогнішчы ахвярніка ўсю ноч аж да раніцы, і агонь ахвярніка хай на ім гарыць.
 
накажы Аарону і сынам ягоным: вось закон цэласпаленьня: цэласпаленьне няхай застаецца на месцы спальваньня на ахвярніку ўсю ноч да раніцы, і агонь ахвярніка няхай гарыць на ім;

Хай святар адзене шаты і льняную бялізну на цела сваё, і збярэ попел таго, што, паглынаючы, спаліў агонь, і высыпе каля ахвярніка.
 
і няхай сьвятар апранецца ў ільняное адзеньне і надзене на цела сваё ільняное сподняе, і здыме попел ад цэласпаленьня, якое спаліў агонь на ахвярніку, і пакладзе яго каля ахвярніка;

Потым здыме з сябе папярэдняе адзенне, а на цела апране другое адзенне, ды вынесе попел за лагер на чыстае месца.
 
і няхай здыме зь сябе адзеньне сваё, і надзене іншую вопратку, і вынесе попел за табар на чыстае месца;

Агонь жа на ахвярніку будзе гарэць заўсёды і не будзе згасаць. Яго святар кожную раніцу хай падтрымлівае, падкладаючы дровы, і, складваючы ахвяру цэласпалення, хай зноў паліць тлушч ахвяр прымірэння.
 
а агонь на ахвярніку няхай гарыць і ня тухне; і няхай сьвятар запальвае на ім дровы кожнае раніцы, і раскладвае на ім цэласпаленьне, і паліць на ім тлушч мірнай ахвяры;

Агонь гэты вечны, ён ніколі не будзе згасаць на ахвярніку.
 
агонь няспынна няхай гарыць на ахвярніку і ня тухне.

Гэткі закон адносна ахвяры з ежы, якую прыносяць сыны Ааронавы перад абліччам Госпада перад ахвярнікам.
 
Вось закон пра прынашэньне хлебнае: сыны Ааронавыя павінны прыносіць яго Госпаду на ахвярнік;

Святар возьме адтуль жменю мукі, палітай алеем, і ўсё кадзіла, пакладзенае на муку, ды спаліць гэта на ахвярніку на наймілейшы пах як напамін Госпаду.
 
і няхай возьме жменяй сваёю з прынашэньня хлебнага і пшанічнай мукі і алею і ўвесь ліван, які на ахвяры, і спаліць на ахвярніку: гэта прыемная духмянасьць, у памяць перад Госпадам;

Рэшту ж мукі хай з’ядуць Аарон з сынамі сваімі, а хлеб прэсны хай ядуць на святым месцы, на панадворку палаткі сустрэчы хай ядуць яе.
 
а астатняе зь яго няхай ядуць Аарон і сыны ягоныя; прэсным трэба есьці яго на сьвятым месцы, на двары скініі сходу няхай ядуць яго:

Таму вось не пячыце хлябоў квашаных, бо гэта іх частка, якую Я даю з Маіх ахвяр агнявых. Гэта ахвяра найсвяцейшая, як ахвяра за грэх і за праступак.
 
нельга пячы яго квашаным. Гэта даю Я ім у долю з ахвяраў Маіх. Гэта вялікая сьвятыня, як ахвяра за грэх і ахвяра павіннасьці.

Толькі мужчыны з патомства Аарона будуць яе есці. Гэта закон вечны для вашых пакаленняў адносна агнявых ахвяр Госпаду. Кожны, хто да іх дакранецца, будзе асвечаны”».
 
Усе нашчадкі Ааронавыя мужчынскага полу могуць есьці яе. Гэта вечная дзялянка ў роды вашыя з ахвяраў Гасподніх. Усё, што дакранаецца да іх, асьвеціцца.

Далей прамаўляў Госпад Майсею, кажучы:
 
І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:

«Гэта вось ахвяра Аарона і сыноў яго, якую павінны яны складаць Госпаду ў дзень іх памазання. Будуць яны складаць ахвяру штодзённую з дзесятай часткі эфы мукі пшанічнай: палову яе раніцай і палову — вечарам.
 
вось прынашэньне ад Аарона і сыноў ягоных, якое прынясуць яны Госпаду ў дзень памазаньня ягонага: дзясятая частка эфы пшанічнай мукі ў ахвяру заўсёдную, палавіна гэтага на раніцу і палавіна на вечар;

Яна павінна быць прыгатавана на патэльні, скропленай алеем. Прынясеш яе цёплую і ахвяруеш яе падзеленую на кавалкі, ахвяру на наймілейшы пах Госпаду.
 
на патэльні ў алеі павінна быць яна прыгатавана; насычаную алеем прынось яе ў кавалках, як ламаецца на кавалкі прынашэньне хлебнае: прынось яе як прыемную духмянасьць Госпаду:

Святар, памазаны на месца бацькі свайго, зробіць гэта. Гэта закон вечны. Усё павінна быць спалена для Госпада.
 
і сьвятар, памазаны на месца ягонае з сыноў ягоных, павінен рабіць гэта: гэта вечны статут Госпада; уся яна павінна быць спалена;

Бо кожная хлебная ахвяра святароў будзе спалена агнём, ды ніхто не будзе есці яе».
 
і ўсякае хлебнае прынашэньне ад сьвятара ўсё хай спальваецца, а не зьядаецца.

Зноў прамаўляў Госпад да Майсея, кажучы:
 
І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:

«Скажы Аарону і сынам яго: “Такі вось закон адносна ахвяры за грэх: яна павінна забівацца перад Госпадам на тым самым месцы, дзе забіваецца ахвяра цэласпалення: гэта справа святая.
 
скажы Аарону і сынам ягоным: вось закон пра ахвяру за грэх: ахвяра за грэх павінна быць заколата перад Госпадам на тым месцы, дзе колецца цэласпаленьне; гэта вялікая сьвятыня;

Святар, які будзе складаць ахвяру за грэх, хай есць яе на святым месцы, на панадворку палаткі сустрэчы.
 
сьвятар, які ўчыняе ахвяру за грэх, павінен есьці яе; яна павінна быць зьедзена на сьвятым месцы, на двары скініі сходу;

Кожны, хто дакранецца да яе мяса, будзе асвечаны. А калі кроўю яе будзе апырскана адзенне, то апырсканае хай будзе абмыта вадой на святым месцы.
 
усё, што дакранаецца да мяса яе, асьвеціцца, і калі крывёю яе абпырскана будзе вопратка, дык абпырсканае абмый на сьвятым месцы;

А гліняны посуд, у якім мяса гатавалася, трэба разбіць, а калі посуд медны, хай ён будзе добра вышараваны і абмыты вадой.
 
гліняны посуд, у якім яна гатавалася, трэба разьбіць; калі ж яна гатавалася ў медным посудзе, дык трэба яго вычысьціць і вымыць вадою;

Кожны мужчына са святарскага роду будзе есці яе, гэта святая рэч!
 
увесь мужчынскі пол сьвятарскага роду можа есьці яе: гэта вялікая сьвятыня;

А ўсякую ахвяру за грэх, кроў якой уносяць у палатку сустрэчы для ачышчэння ў месцы святым, хай ніхто не есць, але хай паліцца яна агнём.
 
а ўсякая ахвяра за грэх, ад якое кроў уносіцца ў скінію сходу дзеля ачышчэньня ў сьвяцілішчы, не павінна зьядацца: яе належыць спальваць на агні.