Лявіт 5 разьдзел

Лявіт
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Калі якая душа пачуе голас праклінаючага і будзе сведкам таго, што ён або бачыў, або даведаўся, ды калі не выявіць [гэтага], то правініцца,
 
Калі хто згрэшыць тым, што чуў голас праклёну і быў сьведкам, альбо бачыў, альбо ведаў, але не абвясьціў, дык ён панясе на сабе грэх.

або калі якая душа дакранецца чаго нячыстага, трупа звера нячыстага, або жывёлы, або паўзуна, але яму гэта не будзе вядома, то будзе ён нячыстым і правініцца,
 
Альбо калі дакранецца да чагосьці нячыстага, альбо да трупа зьвера нячыстага, альбо да трупа жывёлы нячыстае, альбо да трупа гада нячыстага, але ня ведаў таго, дык ён нячысты і вінаваты.

або калі нехта дакранецца нейкай нячыстасці чалавечай, якой-колечы рэчы нячыстай, дзеля якой мог апаганіцца, і яму гэта будзе невядома, а потым даведаецца, то паддасца ён праступку,
 
Альбо калі дакранецца да нечысьці чалавечай, якая б то ні была нечысьць, ад якой апаганьваюцца, і ён ня ведаў таго, але пасьля даведаецца, дык ён вінаваты.

або калі душа прысягае, гаворачы легкадумна вуснамі на ліха або на дабро, так як бывае, што чалавек легкадумна прысягае, і гэта будзе скрыта ад яго, але потым ён зразумее, то паддасца ён праступку,
 
Альбо калі хто неразумна вуснамі сваімі запрысягнецца зрабіць нешта благое, альбо добрае, якая б ні была дзея, у якой людзі неразумна прысягаюць, і ён ня ведаў таго, але пасьля даведаецца, дык ён вінаваты ў тым.

дык калі хто правініўся ў адной з гэтых рэчаў, хай прызнаецца ў сваім граху
 
Калі ён вінаваты ў нечым з гэтых, і паспавядаецца, у чым ён зграшыў,

і хай прынясе ён Госпаду ў ахвяру за грэх свой, якім зграшыў, авечку са статка або казу як ахвяру за грэх, і ачысціць яго святар ад граху яго.
 
дык няхай прынясе Госпаду за грэх свой, якім ён зграшыў, ахвяру павіннасьці з дробнага быдла, авечку альбо казу, за грэх, і ачысьціць яго сьвятар ад грэху ягонага.

Калі хто не зможа ахвяраваць авечку, хай складзе ў ахвяру за праступак дзвюх туркавак, або двух маладых галубоў Госпаду: аднаго ў ахвяру за грэх, а другога на цэласпаленне.
 
А калі ён ня можа прынесьці авечкі, дык у павіннасьць за грэх свой няхай прынясе Госпаду дзьве галубкі альбо двух маладых галубоў, аднаго ў ахвяру за грэх, а другога дзеля цэласпаленьня;

Хай прынясе іх да святара, які першага складзе ў ахвяру за грэх і надломіць яму галаву пры карку, але яе не аддзеліць.
 
няхай прынясе іх да сьвятара, і сьвятар возьме раней тую, якая за грэх, і надломіць галаву яе ад шыі яе, але не аддзеліць;

Пасля пакропіць крывёй яго сцяну ахвярніка, а рэшту крыві вылье на падножжа яго. Гэта вось ахвяра за грэх.
 
і пакропіць крывёю гэтай ахвяры за грэх на сьцяну ахвярніка, а астатнюю кроў выцадзіць да падножжа ахвярніка; гэта ахвяра за грэх;

Другога голуба хай складзе ён у ахвяру цэласпалення, як звычайна бывае; так ачысціць яго святар ад граху яго, якім ён правініўся, і ён будзе яму адпушчаны.
 
а другую ўжыве на цэласпаленьне паводле ўстанаўленьня; і так ачысьціць яго сьвятар ад грэху ягонага, якім ён зграшыў, і даравана будзе яму.

Калі б рука яго не знайшла дзвюх туркавак або двух маладых галубоў, хай прынясе дзесятую частку эфы пшанічнай мукі ў ахвяру за грэх; хай не палівае яе алеем ды хай не кладзе на яе кадзіла, бо гэта ахвяра за грэх.
 
Калі ж ён ня здолее прынесьці дзьвюх галубак альбо двух маладых галубоў, няхай прынясе за тое, што зграшыў, дзясятую частку эфы пшанічнай мукі ў ахвяру за грэх; няхай ня лье на яе алею і лівану няхай не кладзе на яе, бо гэта ахвяра за грэх;

І прынясе яе да святара, а той возьме з гэтага поўную жменю як памятную частку і спаліць на ахвярніку ў агнявую ахвяру Госпаду. Гэта ахвяра за грэх.
 
і прынясе яе сьвятару, а сьвятар возьме зь яе поўную жменю на памяць і спаліць на ахвярніку ў ахвяру Госпаду: гэта ахвяра за грэх;

Так ачысціць яго святар ад граху яго, якім ён зграшыў супраць аднаго з тых прыказанняў, і будзе літасцівы Госпад. Застаўшуюся частку возьме святар як ахвяру з ежы”».
 
і так ачысьціць яго сьвятар ад грэху ягонага, якім ён зграшыў у якім-небудзь з гэтых выпадкаў, і даравана будзе яму; а рэшта належыць сьвятару, як прынашэньне хлебнае.

Вось што сказаў Госпад Майсею:
 
І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:

«Калі хто спракудзіцца і зграшыць праз памылку, прысвойваючы сабе рэчы, што пасвячоны Госпаду, хай за віну сваю са свайго статка авечак прынясе Госпаду ягня без заганы па цане двух сікляў срэбра паводле вагі святыні як ахвяру за грэх,
 
калі хто ўчыніць злачынства і з памылкі згрэшыць супроць прысьвечанага Госпаду, няхай за віну сваю прынясе Госпаду са статку авечак барана без пахібы, паводле тваёй ацэны, срэбранымі сіклямі па сіклі сьвяшчэнным, у ахвяру павіннасьці;

і за тую страту, якую ўчыніў, хай аддасць і дадасць да таго пятую частку вартасці ды аддасць гэта святару, а святар ачысціць яго ахвярай ягняці, і грэх будзе яму адпушчаны.
 
за тую сьвятыню, супроць якое ён зграшыў, няхай аддасьць і дадасьць да таго пятую долю, і аддасьць гэта сьвятару, і сьвятар ачысьціць яго бараном ахвяры павіннасьці, і даравана будзе яму.

Калі душа зграшыць праз няўвагу і ўчыніць штосьці з таго, што забаронена законам Госпада, ды, абвінавачаная ў граху, панясе сваё злачынства,
 
Калі хто згрэшыць і зробіць што-небудзь супроць запаведзяў Гасподніх, чаго не належала рабіць, і зь няведання зробіцца вінаватым і панясе на сабе грэх,

хай прынясе да святара ягня без заганы са статка, па сваім ацаненні, у ахвяру за грэх. Тады святар ачысціць яго ад праступка, якога несвядома дапусціўся, і будзе ён яму адпушчаны.
 
няхай прынясе сьвятару ў ахвяру павіннасьці барана без пахібы, паводле ацэны тваёй, і загладзіць сьвятар злачынства ягонае, у чым ён пераступіў зь няведаньня, і даравана будзе яму.

Гэта ахвяра за праступак; правініўшыся, правініўся ён перад Госпадам».
 
Гэта ахвяра павіннасьці, якою, ён правінаваціўся перад Госпадам.