Адкрыцьцё 21 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Чарняўскага 2017 → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

І ўбачыў я новае неба і новую зямлю, бо першае неба і першая зямля зніклі і мора ўжо няма.
 

І я, Ян, убачыў святы горад, новы Ерузалім, які сыходзіць з неба ад Бога, прыгатаваны, быццам нявеста на сустрэчу свайго мужа.
 

І пачуў я голас з пасаду магутны, які кажа: «Вось палатка Бога з людзьмі, і Ён будзе жыць з імі, і яны будуць народам Яму, і Сам Бог з імі будзе іх Богам,
 

і абатрэ Бог кожную слязу з вачэй іх, і смерці ўжо не будзе, ані плачу, ані галашэння, ані болю больш не будзе, бо гэта ўжо ўсё мінула».
 

І сказаў Той, Які сядзеў на пасадзе: «Вось, Я ствараю ўсё новае». І кажа: «Напішы: словы гэтыя верныя і праўдзівыя».
 

І сказаў мне: «Сталася! Я — Альфа і Амега, Пачатак і Канец. Прагнучаму дам Я піць дарма з крыніцы жыцця.
 

Хто пераможа, атрымае гэта як спадчыну, і буду яму Богам, і ён будзе Мне сынам.
 

Удзелам жа палахлівых, няверных, нягоднікаў, забойцаў, распуснікаў, чараўнікоў, балванапаклоннікаў і ўсіх хлуслівых будзе палымнеючае возера агню і серкі, што ёсць другая смерць».
 

І прыйшоў адзін з сямі анёлаў, якія мелі сем чар, поўных сямю плягамі апошнімі, і загаварыў са мною, кажучы: «Хадзі, пакажу табе жонку, нявесту Ягняці».
 

І падняў ён мяне ў духу на гару вялікую і высокую, і паказаў мне вялікі, святы горад Ерузалім, які сыходзіў з неба ад Бога
 

і меў славу Божую. Бляск яго быў падобны да бляску каштоўных камянёў, быццам яспіса ці нават крышталю.
 

І меў ён вялікі і высокі мур, і меў дванаццаць брам, на брамах стаяла дванаццаць анёлаў ды выпісаны былі імёны, якія ёсць імёны дванаццаці пакаленняў сыноў Ізраэля.
 

Ад усходу тры брамы, і ад поўначы тры брамы, і ад поўдня тры брамы, і ад захаду тры брамы.
 

І мур горада меў дванаццаць падмуркаў, і на іх дванаццаць імёнаў дванаццаці Апосталаў Ягняці.
 

І той, што размаўляў са мною, меў мерку, залатую трысціну, каб змерыць горад, брамы яго і мур яго.
 

І горад ляжыць чатырохкутнікам, і даўжыня яго роўная шырыні. І абмераў ён горад залатой трысцінай на дванаццаць тысяч стадый; і даўжыня яго, шырыня і вышыня — аднолькавыя.
 

І змераў мур яго ста сарака чатырма локцямі меры чалавечай, такая ж і анёльская.
 

І мур яго быў збудаваны з яспісу, а сам горад быў з чыстага золата, чыстага, як шкло.
 

Падмуркі муру горада ўпрыгожаны былі дарагімі камянямі: падмурак першы — яспісам, другі — сапфірам, трэці — халцэдонам, чацвёрты — смарагдам,
 

пяты — сардоніксам, шосты — сердалікам, сёмы — хрызалітам, восьмы — берылам, дзевяты — тапазам, дзесяты — хрызапразам, адзінаццаты — гіяцынтам, дванаццаты — аметыстам.
 

І дванаццаць брам — дванаццаць перлаў; кожная брама была з аднаго перла. І вуліца горада з чыстага золата, нібы з празрыстага шкла.
 

І святыні я ў ім не ўбачыў, бо Госпад, Бог Усемагутны, быў яго святыняй, і Ягня.
 

І горад не патрабуе ўжо ані сонца, ані месяца, каб асвятлялі яго, бо слава Божая асвятляе яго і Ягня ёсць свяцільняй яго.
 

І будуць хадзіць народы збаўленых у святле яго, і цары зямныя прынясуць у яго славу сваю і гонар.
 

І брамы яго не будуць зачыняцца ўдзень, а ночы не будзе ўжо там.
 

І ўнясуць у яго славу і гонар народаў.
 

І нішто заганнае не ўвойдзе ў яго, і ніводзін, хто чыніць агіду і хлусню, а толькі тыя, што запісаны ў кнізе жыцця Ягняці.