Да Габрэяў 11 разьдзел
Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад П. Татарыновіча
Вера — гэта здзяйсненне чаканага і пэўнасць у рэчах, якіх не бачым.
Вера ёсьць запарукаю таго, чаго спадзяёмся, запэўненнем таго, чаго ня відзім.
Дзякуючы ёй продкі атрымалі сведчанне.
Праз яе стараветнікі здабываюць узнанне (аўтарытэт знаўцы і сьветкі мінуўшчыны), без яе наагул немагчымая былаб і навука, гісторыя.
Праз веру пазнаём, што словам Божым наладжаны вякі і што з нябачнага паўстала бачнае.
Праз веру пазнаём, што сьветы створаные ўсемагутным словам Бога= (Абсалюта), што зь нявідомых сталіся відомымі, ўсыстэматызаванымі.
Праз веру Абэль прынёс Богу лепшую ахвяру, чым Каін, праз што атрымаў сведчанне, што ён справядлівы. Бо Бог засведчыў пра яго дары, і праз яе нават памерлы гаворыць.
Праз веру Абэль злажыў Богу ахвяру лепшую, чым Каін, за якую атрымаў сьвядоцтва праведнасьці ад Бога і хоць памёр, празь веру сваю гаварыць не перастае.
Праз веру Гэнох перанесены быў, каб не бачыў смерці, і не знайшлі яго, бо перасяліў яго Бог; бо перад перанясеннем сваім атрымаў сведчанне, што ён мілы Богу.
Вераю Гэнох быў забраны з гэтага сьвету, каб не аглядаў сьмерці. І не знайдзена яго, Бог бо забраў яго, а перад узяццем, меў сьвядоцтва, што Богу спадабаўся.
А без веры немагчыма падабацца Богу. Бо трэба верыць, шукаючы Бога, што Ён ёсць і шукаючым Яго дае ўзнагароду.
Бяз веры бо нельга падабацца (Богу), той хто прыступае да Бога павінен моцна верыць, што Бог ёсьць ды што шукаючым Яго дае нагароды.
Праз веру атрымаў Ной аб’яўленне аб тым, што яшчэ было нябачным, і богабаязна пабудаваў каўчэг на выратаванне сям’і сваёй. Праз яе асудзіў ён свет і стаўся спадкаемцам справядлівасці праз веру.
Праз веру Ноэ перасьцярэжаны Богам перад загрозаю, набачанаю шчэ, з богабоязьзю збудаваў адумысны вадаплаў для уратавання свайго дому. Празь яе асудзіў ён сьвет, а унасьледзіў справядлівасьць.
Праз веру пакліканы Абрагам паслухаўся пайсці ў месца, якое павінен быў атрымаць у спадчыну, і выйшаў, не ведаючы, куды ідзе.
Праз веру той, каго названа Абрагамам, паслужна выйшаў да абяцанага яму ў спадчыну краю. І вырушыў шчэ няведаючы куды йдзе.
Праз веру асеў ён у зямлі абяцанай, як у чужой, у палатках пражываючы з Ізаакам і Якубам, са спадкаемцамі таго ж самага абяцання.
Вераю прабываў у абяцанай сабе зямлі, бы ў чужой, селечыся ў намётах з Ізаакам і Якубам спадкаемнікамі тагож абяцання;
Бо спадзяваўся на горад, які мае моцныя падмуркі, будаўнічы якога і творца — Бог.
чакаў бо места на фундамантах, закладчыкам якога і будаўнічым — сам Бог.
Праз веру і сама Сара, бясплодная, нягледзячы на ўзрост, атрымала моц на пачацце нашчадка і нарадзіла, бо паверыла, што верны Той, Які даў абяцанне.
Праз веру і Сара, хоць час ейны мінуў прыняла дужасьць пачацьця сына (ў перасьпелым веку), бо ўверыла у вернасьць таго, каторы абяцаў ёй гэта.
Дзеля таго і ад аднаго, прытым амярцвелага, нарадзілася шмат, як зорак на небе і як пяску незлічонага на беразе мора.
І так вось з чалавека аднаго толькі, ды шчэ й згрыбелага, паўстала патомства гэтак колькаснае, як зоры на небе, як пясок краймора нязьлічымы.
Усе яны памерлі ў веры, не атрымаўшы таго, што ім было абяцана, толькі здалёк аглядаючы яго, вітаючы і вызнаючы, што на зямлі яны толькі вандроўнікі і госці.
Усе яны паўміралі зь вераю, не дачакаўшыся і не атрымаўшы абяцанага, аглядалі толькі яго й віталі здалёк, вызнаючы, што на зямлі былі пяльгрымамі й гасьцьмі.
Бо якія так кажуць, паказваюць, што шукаюць бацькаўшчыны.
Тые бо, што так гавораць, паказваюць, што яны шукаюць бацькаўшчыны.
Калі ж бы тую ўспаміналі, з якой выйшлі, знайшлі б час у яе вярнуцца.
А каліб яны памяталі аб той, зь якое выйшлі, дык меліж час вярнуцца;
Але яны тужаць па лепшай, гэта значыць па нябеснай. Вось таму Бог не саромеецца называць Сябе іх Богам, бо падрыхтаваў ім горад.
алеж бо яны сяння чуюць ностальгію да лепшай, да нябеснай; таму ім пазваляе называць сябе іхнім Богам, бо прыгатаваў ім места.
Праз веру прынёс Абрагам Ізаака, калі выпрабоўваўся, і адзінага сына склаў у ахвяру той, які атрымаў абяцанне
Праз веру Абрагам, пастаўлены на пробу, ахвяраваў Ізаака.
і якому было сказана: «Ад Ізаака будуць называцца твае нашчадкі».
Той, каторы атрымаў быў абяцанне, ахвяраваў адзінага сына, аб якім было сказана: «Ад Ізаака звацца будзе тваё патомства» (Быць. 21−22).
Верыў жа ён, што і мёртвага можа Бог уваскрасіць; таму і атрымаў яго ў вобраз.
думаў, што Бог моц мае і умерлых падняць з гробу, дзеля таго і дастаў яго на падобу (згробуўсталага).
Праз веру ў будучыню дабраславіў Ізаак Якуба і Эзава.
Праз веру Ізаак багаславіў Якуба і Эзава для будучыні.
Праз веру Якуб, паміраючы, дабраславіў кожнага з сыноў Язэпа і пакланіўся перад верхам кія свайго.
Праз веру ўміраючы Якуб багаславіў кажнага із сыноў Язэпа і аддаў паклон (Богу) зьніжыўшы свой посах.
Праз веру Язэп, паміраючы, нагадваў аб выхадзе сыноў Ізраэля і даў даручэнне адносна сваіх касцей.
Праз веру Язэп на канцы жыцьця успомніў аб выйсьці сыноў Ізраэльскіх (з Эгіпту) і пакінуў тэстамэнт адносна касьцей сваіх.
Праз веру Майсей быў укрываны бацькамі сваімі на працягу трох месяцаў ад свайго нараджэння, бо бачылі, што прыгожае дзіцятка, і не спалохаліся загаду фараона.
Праз веру бацькоў сваіх Майжэш быў праз тры месяцы укрываны, ведама бо была ягона прыгожасьць, і не зьлякаліся эдыкту Фараона.
Вырасшы, Майсей праз веру адмовіўся называцца сынам дачкі фараона,
Праз веру Майжэш, як вырас, запярэчыў быццамбы ён быў сынам Фараонавай дачкі,
лепш выбіраючы быць пераследаваным разам з народам Божым, чым мець часовую прыемнасць граху.
воліў зносіць прыгнобу й зьдзекі з народам Божым, чым карыстаць з грэшных дачасных роскашаў.
Бо лічыў за большае багацце знявагі Хрыстовы, чым скарбы егіпецкія, бо глядзеў на ўзнагароду.
Знявагі, перацерпеные за прыкладам Хрыстуса народам выбраным, уважаў за большые скарбы, чым Егіпскіе, аглядаўся бо на нагароду.
Праз веру пакінуў ён Егіпет, не збаяўшыся злосці царскай; вытрываў, як быццам бачачы Нябачнага.
Праз веру пакінуў Эгіпт, не баючыся гневу Фараона; вытрываў, як той, што Нявідомага мае прад вачыма, якбы відзеў.
Праз веру справіў Пасху і апырскванне крывёй, каб знішчальнік першынцаў не крануў іх.
Праз веру справіў Пасху і праліцьцё крыві, каб вынішчальнік першародных не крануў іх.
Праз веру перайшлі яны Чырвонае мора, як быццам па сухой зямлі; калі ж спрабавалі гэта зрабіць егіпцяне, былі патоплены.
Праз веру прайшлі Мора Чырвонае, моў па сушы, а Эгіпцяне як папрабавалі гэта — затанулі.
Праз веру паразвальваліся муры Ерыхона, калі абыходзілі іх вакол сем дзён.
Праз веру рухнулі муры Ерыхонскіе па сямідзённым абойсьцю іх.
Праз веру блудніца Рахаб не загінула разам з няверуючымі, бо ў супакоі прыняла выведчыкаў.
Праз веру яўнагрэшніца Рагаб ня згінула з нявернымі, прыняўшы прыязна выведнікаў (Ёз. 2:1−21; 6:1−25).
Ды што яшчэ маю сказаць? Не хапіла б часу расказваць пра Гедэона, Барака, Самсона, Яфтаха, Давіда, Самуэля і прарокаў,
І штож скажу яшчэ? Бо ня хапае мне часу, каліб захацеў расказваць аб Гэдэоне і Бараку, Самсоне і Ефце, Давідзе, Самуэлю ды аб прароках,
якія вераю перамагалі царствы, аказвалі справядлівасць, атрымлівалі абяцанні, закрывалі пашчы львам,
якіе вераю паканалі валадарствы, выканалі справядлівасьць, атрымалі абяцанні, затыкалі пашчы львом;
тушылі полымя агню, усцерагаліся смерці ад меча, ачуньвалі ад немачы, былі стойкімі ў баях, змушаючы ўцякаць дружыны ворагаў;
гасілі агню магуцтва, зручна ўхіляліся ад вастрыя мяча, ачыналіся зь немачы, мужнелі на войнах, гналі палкі чужынскіе ад наскокаў.
жонкі атрымлівалі сваіх памерлых уваскрослымі. Іншыя былі замучаны, не прыняўшы вызвалення, каб атрымаць лепшае ўваскрэсенне;
(Празь іх) жоны атрымоўвалі сваіх памерлых ускрослымі, тады як іншыя, незгаджаўшыяся на выкуп, гінулі, разрываные колам, спадзяючыся на лепшае ўскрашэнне.
іншыя ж нацярпеліся здзекаў і біцця ды яшчэ кайданоў ды астрогу,
А йшчэ іншые зьняважаны вострымі насьмешкамі, абкіданые каменнямі, трыманые ў цёмных вязьніцах,
каменавалі іх, перапілоўвалі і катавалі, гінулі яны ад меча, туляліся ў авечых і казліных скурах, жылі ў горы, нястачах і прыгнёце.
піламі рэзаные й разьдзіраные, на меч кіданые, ратаваліся якмага, цяняючыся ў авечых, ці казьліных шкурах па гарах, пячорах і пустырах;
Не варты быў іх свет, а блукалі [яны] па пустынях, па гарах, у пячорах і шчылінах зямлі.
тые, каторых няварты быў сьвет, туляліся па ягоных пустынных вертэпах.
І ўсе гэтыя, атрымаўшы сведчанне праз веру, не атрымалі абяцанага,
І ўсе яны, праз веру так добра засьветчаные, не дачакаліся абецанага,
дзеля таго, што Бог прадбачыў для нас нешта лепшае, каб яны не без нас дасягнулі дасканаласці.
Бог бо прадугледзеў нам нешта дасканалае, каб яны не без нас дасяглі лепшае долі.