Да Габрэяў 11 разьдзел

Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

Вера — гэта здзяйсненне чаканага і пэўнасць у рэчах, якіх не бачым.
 

Дзякуючы ёй продкі атрымалі сведчанне.
 

Праз веру пазнаём, што словам Божым наладжаны вякі і што з нябачнага паўстала бачнае.
 

Праз веру Абэль прынёс Богу лепшую ахвяру, чым Каін, праз што атрымаў сведчанне, што ён справядлівы. Бо Бог засведчыў пра яго дары, і праз яе нават памерлы гаворыць.
 

Праз веру Гэнох перанесены быў, каб не бачыў смерці, і не знайшлі яго, бо перасяліў яго Бог; бо перад перанясеннем сваім атрымаў сведчанне, што ён мілы Богу.
 

А без веры немагчыма падабацца Богу. Бо трэба верыць, шукаючы Бога, што Ён ёсць і шукаючым Яго дае ўзнагароду.
 

Праз веру атрымаў Ной аб’яўленне аб тым, што яшчэ было нябачным, і богабаязна пабудаваў каўчэг на выратаванне сям’і сваёй. Праз яе асудзіў ён свет і стаўся спадкаемцам справядлівасці праз веру.
 

Праз веру пакліканы Абрагам паслухаўся пайсці ў месца, якое павінен быў атрымаць у спадчыну, і выйшаў, не ведаючы, куды ідзе.
 

Праз веру асеў ён у зямлі абяцанай, як у чужой, у палатках пражываючы з Ізаакам і Якубам, са спадкаемцамі таго ж самага абяцання.
 

Бо спадзяваўся на горад, які мае моцныя падмуркі, будаўнічы якога і творца — Бог.
 

Праз веру і сама Сара, бясплодная, нягледзячы на ўзрост, атрымала моц на пачацце нашчадка і нарадзіла, бо паверыла, што верны Той, Які даў абяцанне.
 

Дзеля таго і ад аднаго, прытым амярцвелага, нарадзілася шмат, як зорак на небе і як пяску незлічонага на беразе мора.
 

Усе яны памерлі ў веры, не атрымаўшы таго, што ім было абяцана, толькі здалёк аглядаючы яго, вітаючы і вызнаючы, што на зямлі яны толькі вандроўнікі і госці.
 

Бо якія так кажуць, паказваюць, што шукаюць бацькаўшчыны.
 

Калі ж бы тую ўспаміналі, з якой выйшлі, знайшлі б час у яе вярнуцца.
 

Але яны тужаць па лепшай, гэта значыць па нябеснай. Вось таму Бог не саромеецца называць Сябе іх Богам, бо падрыхтаваў ім горад.
 

Праз веру прынёс Абрагам Ізаака, калі выпрабоўваўся, і адзінага сына склаў у ахвяру той, які атрымаў абяцанне
 

і якому было сказана: «Ад Ізаака будуць называцца твае нашчадкі».
 

Верыў жа ён, што і мёртвага можа Бог уваскрасіць; таму і атрымаў яго ў вобраз.
 

Праз веру ў будучыню дабраславіў Ізаак Якуба і Эзава.
 

Праз веру Якуб, паміраючы, дабраславіў кожнага з сыноў Язэпа і пакланіўся перад верхам кія свайго.
 

Праз веру Язэп, паміраючы, нагадваў аб выхадзе сыноў Ізраэля і даў даручэнне адносна сваіх касцей.
 

Праз веру Майсей быў укрываны бацькамі сваімі на працягу трох месяцаў ад свайго нараджэння, бо бачылі, што прыгожае дзіцятка, і не спалохаліся загаду фараона.
 

Вырасшы, Майсей праз веру адмовіўся называцца сынам дачкі фараона,
 

лепш выбіраючы быць пераследаваным разам з народам Божым, чым мець часовую прыемнасць граху.
 

Бо лічыў за большае багацце знявагі Хрыстовы, чым скарбы егіпецкія, бо глядзеў на ўзнагароду.
 

Праз веру пакінуў ён Егіпет, не збаяўшыся злосці царскай; вытрываў, як быццам бачачы Нябачнага.
 

Праз веру справіў Пасху і апырскванне крывёй, каб знішчальнік першынцаў не крануў іх.
 

Праз веру перайшлі яны Чырвонае мора, як быццам па сухой зямлі; калі ж спрабавалі гэта зрабіць егіпцяне, былі патоплены.
 

Праз веру паразвальваліся муры Ерыхона, калі абыходзілі іх вакол сем дзён.
 

Праз веру блудніца Рахаб не загінула разам з няверуючымі, бо ў супакоі прыняла выведчыкаў.
 

Ды што яшчэ маю сказаць? Не хапіла б часу расказваць пра Гедэона, Барака, Самсона, Яфтаха, Давіда, Самуэля і прарокаў,
 

якія вераю перамагалі царствы, аказвалі справядлівасць, атрымлівалі абяцанні, закрывалі пашчы львам,
 

тушылі полымя агню, усцерагаліся смерці ад меча, ачуньвалі ад немачы, былі стойкімі ў баях, змушаючы ўцякаць дружыны ворагаў;
 

жонкі атрымлівалі сваіх памерлых уваскрослымі. Іншыя былі замучаны, не прыняўшы вызвалення, каб атрымаць лепшае ўваскрэсенне;
 

іншыя ж нацярпеліся здзекаў і біцця ды яшчэ кайданоў ды астрогу,
 

каменавалі іх, перапілоўвалі і катавалі, гінулі яны ад меча, туляліся ў авечых і казліных скурах, жылі ў горы, нястачах і прыгнёце.
 

Не варты быў іх свет, а блукалі [яны] па пустынях, па гарах, у пячорах і шчылінах зямлі.
 

І ўсе гэтыя, атрымаўшы сведчанне праз веру, не атрымалі абяцанага,
 

дзеля таго, што Бог прадбачыў для нас нешта лепшае, каб яны не без нас дасягнулі дасканаласці.