1 да Карынфянаў 2 разьдзел
Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Антонія Бокуна
Я прыйшоў да вас, браты, не для таго, каб абвяшчаць вам Божую таямніцу ўзнёслым словам ці мудрасцю.
І я, прыйшоўшы да вас, браты, прыйшоў прапаведваць вам сьведчаньне Божае ня ўзвышаным словам ці мудрасьцю,
Бо я вырашыў не ведаць нічога між вас, апроч Езуса Хрыста, і то ўкрыжаванага.
бо я судзіў ня ведаць у вас нічога, акрамя Ісуса Хрыста, і Таго, Які ўкрыжаваны.
Я стаў перад вамі ў слабасці, у страху і ў вялікім трымценні.
І быў я ў вас у немачы, і ў страху, і ў вялікім трымценьні.
А маё слова і прапаведаванне не ў пераканаўчых словах мудрасці, а ў праяўленні Духа і моцы,
І слова маё, і пропаведзь мая былі не ў пераканаўчых словах чалавечае мудрасьці, але ў выяўленьні Духа і сілы,
каб вера вашая грунтавалася не на чалавечай мудрасці, а на моцы Божай.
каб вера ваша была ня ў мудрасьці чалавечай, але ў сіле Божай.
Мы абвяшчаем мудрасць сярод дасканалых, а не мудрасць гэтага свету ці знікомых князёў гэтага свету.
А мудрасьць мы гаворым сярод дасканалых, але мудрасьць ня гэтага веку і не князёў гэтага веку, што зьнішчаюцца,
Абвяшчаем мудрасць Божую, схаваную ў таямніцы, якую Бог прадвызначыў перад вякамі для нашай славы.
але гаворым мудрасьць Божую, якая ў тайне, схаваную, якую прадвызначыў Бог перад вякамі на славу нашую,
Ніхто з князёў гэтага свету не пазнаў яе, бо калі б пазналі, не ўкрыжавалі б Пана славы.
якое ніхто з князёў веку гэтага не зразумеў, бо калі б зразумелі, дык не ўкрыжавалі б Госпада славы.
Але, як напісана: «Чаго вока не бачыла, і вуха не чула, і не спазнала сэрца чалавека, тое Бог падрыхтаваў тым, хто любіць Яго».
Але як напіса́на: «Вока ня бачыла, і вуха ня чула, і не ўзыходзіла на сэрца чалавека тое, што Бог прыгатаваў тым, якія любяць Яго».
Нам жа Бог адкрыў праз Духа, бо Дух пранікае ва ўсё, таксама ў глыбіні Божыя.
А нам Бог адкрыў праз Духа Свайго, бо Дух усё дасьледуе, і глыбіні Божыя.
Бо хто з людзей ведае чалавечае, акрамя духа чалавека, які ў ім самім? Так і Божага не ведае ніхто, акрамя Духа Божага.
Бо хто з людзей ведае, што ў чалавеку, акрамя духа чалавечага, які ў ім? Гэтак і таго, што ў Бога, ніхто ня ведае, акрамя Духа Божага.
Мы ж прынялі не духа свету, але Духа ад Бога, каб ведаць тое, што нам падаравана Богам.
А мы атрымалі ня духа сьвету, але Духа, Які ад Бога, каб ведаць, што падаравана нам ад Бога.
І мы гаворым пра гэта, навучаныя не словамі чалавечай мудрасці, але навучаныя Духам, і тлумачым духоўнае пры дапамозе духоўнага.
І гэта мы гаворым ня словамі, якімі навучыла мудрасьць чалавечая, але якіх навучыў Дух Сьвяты, параўноўваючы духоўнае з духоўным.
Цялесны ж чалавек не прымае таго, што ад Духа Божага. Бо гэта для яго глупства, і ён не можа спазнаць, таму што гэта разумеюць духоўна.
А душэўны чалавек ня прыймае таго, што ад Духа Божага, бо гэта глупства для яго, і ня можа зразумець, бо пра гэта су́дзіцца духоўна.
А духоўны чалавек можа разважаць пра ўсё, пра яго ж не можа разважаць ніхто.
А духоўны су́дзіць усё, сам жа ён нікім ня су́дзіцца.
Бо хто пазнаў дух Пана, каб павучаць Яго? Мы ж маем дух Хрыстовы.
Бо хто зразумеў розум Госпада, што будзе [нешта] даводзіць Яму? А мы маем розум Хрыстовы.