2 да Фесаланікійцаў 3 разьдзел

Другое пасланьне да Фесаланікійцаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Нарэшце, браты, маліцеся за нас, каб слова Пана пашыралася і было праслаўлена, таксама як у вас,
 
Нарэшце, маліцеся за нас, браты, каб слова Госпада пашыралася і выслаўлялася, як і ў вас,

і каб мы ўсцерагліся ад крывадушных і ліхіх людзей, бо не ўсе маюць веру.
 
і каб мы былі выбаўленыя ад нягодных і злых людзей, бо не ў-ва ўсіх вера.

Верны ёсць Пан, які ўмацуе вас і захавае ад ліхога.
 
Але верны Госпад, Які ўмацуе вас і захавае ад злога.

Мы ўпэўнены наконт вас у Пану, што вы робіце і будзеце рабіць тое, што мы наказваем вам.
 
Мы пэўныя адносна вас у Госпадзе, што вы выконваеце і будзеце выконваць тое, што мы загадваем вам.

Хай жа Пан скіруе сэрцы вашыя да Божай любові і Хрыстовай цярплівасці.
 
Няхай Сам Госпад накіруе сэрцы вашыя да любові Божае і цярплівасьці Хрыстовай.

Наказваем вам, браты, у імя Пана нашага Езуса Хрыста, каб вы асцерагаліся кожнага брата, які жыве ў бязладдзі і нязгодна з традыцыяй, якую прынялі ад нас.
 
Загадваем вам, браты, у імя Госпада нашага Ісуса Хрыста, каб цура́ліся ўсякага брата, які ходзіць свавольна і не паводле традыцыі, прынятай ад нас,

Вы самі ведаеце, як трэба наследаваць нас, бо мы не лайдачылі сярод вас
 
бо вы самі ведаеце, як трэба насьлядава́ць нас, бо мы не сваволілі між вамі,

і ні ў кога не елі хлеба дарма, але цяжка і ў мазалях працавалі дзень і ноч, каб не абцяжарваць нікога з вас.
 
таксама дарма ні ў кога хлеба ня елі, але ў працы і стоме рабілі ўначы і ўдзень, каб не абцяжарыць каго з вас,

Не таму, што мы не мелі ўлады, але каб саміх сябе даць вам як прыклад для пераймання.
 
не таму, што ня маем улады, але каб сябе саміх даць вам за прыклад дзеля перайманьня нас.

Калі мы былі ў вас, то наказвалі вам: калі хто не хоча працаваць, няхай і не есць.
 
Бо калі мы былі ў вас, дык загадалі вам: калі хто ня хоча працаваць, той няхай і ня есьць.

Але мы чулі, што некаторыя сярод вас жывуць у бязладдзі: нічога не робяць, але займаюцца марнымі справамі.
 
Але чуем, што некаторыя ў вас ходзяць свавольна, нічога ня робяць, але мітусяцца.

Такім загадваем і заклікаем іх у Пану Езусе Хрысце, каб яны працавалі ў спакоі і елі ўласны хлеб.
 
Гэтакім загадваем і молім у Госпадзе нашым Ісусе Хрысьце, каб яны, працуючы моўчкі, елі свой хлеб.

Вы ж, браты, не пераставайце рабіць дабро.
 
А вы, браты, не журы́цеся, робячы дабро.

Калі хто часам не паслухае словаў паслання нашага, таго асцерагайцеся ды не сябруйце з ім, каб быў асаромлены.
 
Калі ж хто не паслухаецца слова нашага праз гэтае пасланьне, таго мейце на прыкмеце і ня мейце справы з ім, каб быў асаромлены;

Аднак не лічыце яго ворагам, але настаўляйце як брата.
 
але не лічы́це яго за ворага, але настаўляйце, як брата.

Сам Пан спакою няхай ва ўсім і ўсяляк адорвае вас спакоем. Пан з усімі вамі.
 
Сам жа Госпад супакою няхай дасьць вам супакой заўсёды і ў-ва ўсім. Госпад з усімі вамі.

Уласнаручнае прывітанне маё, Паўла, што ёсць знакам у кожным пасланні. Так я пішу.
 
Прывітаньне маёю рукою, Паўлаваю, што ёсьць знак у-ва ўсякім пасланьні; пішу я гэтак:

Ласка Пана нашага Езуса Хрыста з усімі вамі.
 
ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з усімі вамі. Амэн.