Дзеі 22 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

«Браты і айцы, цяпер паслухайце маё апраўданне перад вамі».
 
"Браты і бацькі, паслухайце, што я вам цяпер скажу ў сваё апраўданьне."

Пачуўшы, што ён гаворыць з імі на габрэйскай мове, яшчэ больш суцішыліся. А ён сказаў:
 
Пачуўшы, што ён гаворыць на гэбрэйскаи мове, яны тым больш заціхлі.

«Я — юдэй, нарадзіўся ў Тарсе, што ў Цыліцыі, але выхаваны ў гэтым горадзе, каля ног Гамаліэля, навучаны старанна Закону айцоў, руплівец Божы, як і ўсе вы сёння.
 
Ён казаў: "Я жыд, уроджаны ў Тарсе што ў Цыліцыі. Выгадаваны ў гэтым горадзе, ля ног Гамаліеля атрымаў руплівае ўзгадаваньне ў праўдзе айчыннага Закону, верны Бог, як і вы ўсе сягоньня.

Я бязлітасна пераследаваў гэты шлях, звязваў і кідаў у вязніцу мужчын і жанчын,
 
Прасьледаваў гэты напрамак /шлях/ аж да кары сьмерці, бяручы ў путы і кідаючы ў вязьніцу мужчын і жанчын,

як засведчаць пра мяне першасвятар і ўсё старшынства. Атрымаўшы ад іх лісты, я пайшоў да братоў у Дамаск, каб тых, што былі там, звязаць і прывесці ў Ерузалем для пакарання.
 
што могуць пацьвярдзіць так архісьвятар і Сангэдрым /Рады старэйшын/. Ад іх атрымаў лісты /паручэньне/ да братоў і направіўся ў Дамашак з мэтаю арыштоўваць тых, што былі там, ды дастаўляць у Ерузалім для пакараньня.

Калі я быў у дарозе і набліжаўся да Дамаска, раптам каля поўдня заззяла вакол мяне вялікае святло з неба.
 
Здарылася, калі я ішоў і набліжаўся да Дамашку, каля поўдня раптам ахапіла мяне вялікая яснасьць з неба /асьвяціла/.

Я ўпаў на зямлю і пачуў голас, які казаў мне: “Саўле, Саўле, чаму ты пераследуеш Мяне?”
 
Я ўпаў на зямлю і пачуў голас, які казаў мне: "Шавал, Шавал, чаму прасьледуеш Мяне?"

Я адказаў: “Хто Ты, Пане?” Ён адказаў мне: “Я — Езус Назаранін, якога Ты пераследуеш”.
 
Я спытаў: "А хто Ты, Госпадзе?" Ён сказаў мне: "Гэта Я — Езус з Назарэту, каторага ты прасьледуеш".

Тыя, хто быў са мною, бачылі святло, але не чулі голасу таго, хто гаварыў са мною.
 
Тыя, што былі са мною, бачылі, праўда, сьвятло, яснасьць, але голасу Яго ня чулі, Хто гаварыў са мной.

Тады я сказаў: “Што мне рабіць, Пане?” А Пан сказаў мне: “Устань і ідзі ў Дамаск, там будзе сказана табе пра ўсё, што трэба рабіць”.
 
Дык я спытаў: "Што маю рабіць, Госпадзе?" Госпад жа сказаў мне: "Устань, ідзі ў Дамашак ды там скажуць табе ўсё, што маеш рабіць."

Паколькі я перастаў бачыць ад бляску таго святла, мае спадарожнікі прывялі мяне за руку ў Дамаск.
 
Калі я заневідзеў /асьлеп/ ад яркасьці таго сьвятла, ведзены за руку сябрамі прыбыў у Дамашак.

Нейкі Ананія, чалавек пабожны паводле Закону, пра якога добра сведчылі ўсе жыхары Юдэі,
 
Нейкі Ананій, чалавек рэлігійны, жывучы па Закону, што сьведчаць усе там жывучыя жыды,

прыйшоў да мяне і, стаўшы, сказаў мне: “Браце Саўле, будзь зноў відушчым!” І ў той жа момант я ўбачыў яго.
 
прыбыў да мяне і падыйшоўшы, сказаў: "Шаўле, браце, праглянь! І я ў тую хвіліну ўвідзеў яго.

Ён жа сказаў: “Бог айцоў нашых прадвызначыў цябе, каб ты пазнаў волю Ягоную, убачыў Справядлівага і пачуў голас з вуснаў Ягоных,
 
А ён кажа: "Бог бацькоў нашых выбраў цябе, каб пазнаў ты волю Ягоную і ўвідзеў Справядлівага ды пачуў з вуснаў Яго голас,

бо ты будзеш Яго сведкам перад усімі людзьмі ў тым, што ты бачыў і чуў.
 
бо будзеш сьведчыць аб ім усім людзям, што ты бачыў і чуў.

А цяпер чаго ты марудзіш? Устань, ахрысціся і змый грахі свае, паклікаўшы Яго імя”.
 
Дык не марудзь. Прымі хрост, так абмый свае грахі, прызнаўшы Ягонае Імя."

Калі я вярнуўся ў Ерузалем і маліўся ў святыні, мяне агарнула захапленне.
 
А калі вярнуўся я ў Ерузалім і маліўся ў сьвятыні, упаў у захапленьне.

Я ўбачыў Яго, а Ён казаў мне: “Паспяшайся і выйдзі хутчэй з Ерузалема, бо не прымуць твайго сведчання пра Мяне”.
 
Увідзеў Яго: Ён мне казаў: "Пасьпяшыся і выйдзі скора з Ерузаліму, бо ня прымуць тваіх доказаў аба Мне".

І я сказаў: “Пане, яны ведаюць, што я кідаў у вязніцу і біў у сінагогах тых, хто верыць у Цябе.
 
Я казаў: Госпадзе, яны ж ведаюць, што я тых, што вераць у Цябе запіраў у вязьніцах, бічаваў у сынагогах,

А калі пралівалася кроў Стэфана, Твайго сведкі, я сам стаяў побач і згаджаўся з яго забойствам, і сцярог адзенне ягоных забойцаў.
 
а калі пралівана кроў Сьцяпана, твайго сьведкі, і я ўдзельнічаў і згаджаўся на гэта ды пільнаваў адзеньня забойцаў ягоных".

Але Пан сказаў мне: “Ідзі, Я пашлю цябе далёка, да язычнікаў”».
 
Ён сказаў мне: "Ідзі, бо я цябе пашлю далёка да паганаў."

Да гэтага слова слухалі яго, а пасля ўзнялі крык, кажучы: «Прэч яго з зямлі, бо такі не мае права жыць!»
 
Слуxалі яны яго да гэтых слоў. Затым закрычалі: "Прымі з зямлі такога, яму нельга жыць!"

Калі яны з крыкам рвалі адзенне і ўздымалі пыл у паветра,
 
Калі яны крычалі, махалі адзеньнем і кідалі пясок у паветра,

тысячнік загадаў адвесці яго ў крэпасць і праз бічаванне даведацца, з якой прычыны так крычалі супраць яго.
 
трыбун загадаў завесьці яго ў крэпасьць ды бічаваньнем змусіць яго прызнацца, каб пазнаць прычыну, дзеля якой, так крычаць на яго.

Але калі расцягнулі яго для бічавання, Павел сказаў сотніку: «Хіба дазволена вам без суда бічаваць рымляніна?»
 
Калі яго вязалі раменямі, Павал звярнуўся да стаячага побач сотніка, кажучы: " Ці маеце права, бяз суду бічаваць грамадзяніна рымскага?"

Пачуўшы гэта, сотнік пайшоў і паведаміў тысячніку, кажучы: «Што ты збіраешся рабіць? Гэта ж рымлянін».
 
Пачуўшы гэта, сотнік пайшоў да трыбуна і сказаў яму: "Што робіш? Гэты ж чалавек рымлянінам?"

Тады тысячнік, падышоўшы да яго, спытаўся: «Скажы мне, ты рымскі грамадзянін?» Ён адказаў: «Так».
 
Трыбун падыйшоў і спытаўся ў яго /Паўла/: "Скажы, ці ты Рымлянін?" А Павал сказаў: "Так".

Тысячнік сказаў: «Я за вялікія грошы набыў гэтае грамадзянства». Павел сказаў: «А я нарадзіўся ў ім».
 
Трыбун адказаў: "Я за вялікую суму здабыў гэтае грамадзянства". А Павал сказаў: "Я маю яго ад нараджэньня".

Тады адразу адступіліся ад яго тыя, што хацелі дапытаць яго, а тысячнік спалохаўся, калі даведаўся, што ён загадаў звязаць рымскага грамадзяніна.
 
Адразу таму адыйшлі ад яго тыя, што мелі абсьледаваць. А трыбун, даведаўшыся, што Павал Рымлянам, спалохаўся, бо загадаў яго звязаць.

На другі дзень, жадаючы дакладна ведаць, у чым юдэі абвінавачваюць Паўла, вызваліў яго і загадаў сабрацца першасвятарам і ўсяму Сінэдрыёну. Потым прывёў Паўла і паставіў перад імі.
 
На. другі дзень, трыбун, хочучы лепш даведацца з якой прычыны вінавацяць яго жыды, зьняў з яго рамяні, ды загадаў зыйсьціся архісьвятарам і ўсяму сангэдрыну /Радзе/, і, прывёўшы Паўла, паставіў перад імі.