Дзеі 7 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

Тады першасвятар спытаўся: «Ці гэта так?»
 
Архісьвятар спытаўся ў яго: "Ці гэта праўда?"

І Стэфан адказаў: «Браты і айцы, паслухайце. Бог славы аб’явіўся айцу нашаму Абрагаму, калі ён быў у Месапатаміі, перш чым пасяліўся ў Харане.
 
А ён адказаў: "Браты і бацькі, паслухайце! Бог хвалы аб'явіўся бацьку нашаму, Абрагаму, калі ён яшчэ жыў у Мэзопатаміі, да таго як жыў у Храрране.

І сказаў яму: “Выйдзі з зямлі сваёй, ад сваякоў сваіх і пайдзі ў зямлю, якую Я пакажу табе”.
 
Сказаў яму тады: Пакінь зямлю сваю ды радню сваю, а ідзі ў зямлю, якую табе пакажу.

Тады ён выйшаў з халдэйскай зямлі і пасяліўся ў Харане. Адтуль, пасля смерці ягонага бацькі, Бог перасяліў яго на тую зямлю, дзе вы цяпер жывяце.
 
Тады выйшаў з зямлі Хальдэяў і абжыўся ў Харране. А зсюль, па сьмерці свайго бацькі, перасяліў яго Бог у край, зямлю гэтую, у якой вы цяпер пражываеце.

Ён не даў яму там спадчыны нават на крок, але абяцаў даць яе ва ўладанне яму і ягоным нашчадкам, хоць у яго яшчэ не было дзіцяці.
 
Ня даў яму аднак на ўласнасьць ані пядзі зямлі, але абяцаў даць яе на ўласнасьць яму, а па ім яго патомкам (нашчадкам), хоць ня меў тады яшчэ сына.

Бог сказаў яму, што нашчадкі яго будуць прышлымі на чужой зямлі, што будуць нявольнікамі і прыгнятаць іх будуць чатырыста гадоў.
 
Сказаў Бог так: Патомкі твае будуць перасяленцамі ў чужой зямлі і праз чатырыста гадоў будуць зьняволены і крыўджаны.

Але Бог сказаў: “Я буду судзіць народ, якому яны будуць служыць, а потым яны выйдуць і будуць служыць мне на гэтым месцы”.
 
Затым народ, у каторага будуць яны нявольнікамі, Я сам асуджу — кажа Бог — а пасля таго выйдуць яны і будуць служыць Мне на гэтым вось месцы.

І заключыў з ім запавет абразання. Так ён стаў бацькам Ісаака і абрэзаў яго на восьмы дзень. Ад Ісаака ж нарадзіўся Якуб, і ад Якуба — дванаццаць патрыярхаў.
 
Ды заключыў з ім прымірэньне (угоду) абразаньня. Так нарадзіўся яму Ізаак, каторага абрэзаў восьмага дня, а Ізааку — Якуб, а Якуб — дванаццаць патрыярхаў.

А патрыярхі праз зайздрасць прадалі Юзафа ў Егіпет, але Бог быў з ім
 
А гэтыя патрыярхі з завіднасьці прадалі Юзэфа ў Эгіпт, але Бог быў з ім.

і вызваліў яго ад усякага ўціску, адарыў яго ласкай і мудрасцю ў вачах фараона, караля егіпецкага, і паставіў яго кіраўніком над Егіптам і над усім яго домам.
 
Бог асвабадзіў яго ад усякіх бедаў, даў яму ласку і мудрасьць у вачах фараона, караля Эгіпту, які назначыў яго начальнікам над Эгіптам ды над усім сваім домам.

Тады прыйшоў голад на ўвесь Егіпет і Канаан і вялікая бяда, і не знаходзілі айцы нашы ежы.
 
Тады ўвесь Эгіпт і Ханаан наведаў голад і вялікае гора. Бацькі нашыя ня мелі чаго есьці.

Калі ж Якуб пачуў, што ў Егіпце ёсць збожжа, паслаў туды айцоў нашых першы раз.
 
Калі Якуб даведаўся, што ў Эгіпце ёсьць збожжа, паслаў бацькоў нашых першы раз,

А на другі раз Юзаф адкрыўся сваім братам, і фараон даведаўся пра ягоны род.
 
а за другім разам Юзэф даўся пазнаць сваім братам, фараон жа даведаўся пра яго род.

Пасля Юзаф паслаў паклікаць свайго бацьку Якуба і ўсю сваю сям’ю, што налічвала семдзесят пяць асобаў.
 
Паслаў Юзэфа па Якуба, бацьку яго ды ўсю радню ў ліку семдзесят пяць душ.

Якуб прыйшоў у Егіпет і памёр сам і айцы нашы.
 
Так Якуб дастаўся ў Эгіпт і памёр ён сам і бацькі нашыя.

Перанеслі іх у Сіхем і паклалі ў грабніцу, якую Абрагам купіў за цану срэбра ў сыноў Эмора ў Сіхеме.
 
Пераправілі іх у Сыхэм ды склалі ў гробе, каторы Абрагам купіў за серабро ад сыноў Гэммора ў Сыхэм.

Паводле таго, як набліжаўся час абяцання, якое Бог даў Абрагаму, разрастаўся і памнажаўся народ у Егіпце,
 
У меру, як прыблізіжаўся час зьдзейсьненьня абяцаньня, якое Бог даў Абрагаму, народ разрастаўся і размнажаўся ў Эгіпце,

пакуль не паўстаў новы кароль Егіпта, які не ведаў Юзафа.
 
аж запанаваў іншы кароль у Эгіпце, каторы ня ведаў пра Юзэфа.

Ён, хітруючы супраць нашага народу, крыўдзіў айцоў нашых, прымушаючы іх кідаць сваіх немаўлят, каб яны не выжывалі.
 
Ён пачаў падступна дзейнічыць супраць нашага народа. Прымушаў бацькоў нашых выкінуць раджэнцаў каб не жылі.

У гэты час нарадзіўся Майсей, і ён быў любы Богу. Тры месяцы яго кармілі ў доме бацькі.
 
Тады вось нарадзіўся Майсей, Быў ён мілы Богу. Тры месяцы кармілі яго ў доме бацькі.

А калі яго кінулі, дачка фараона ўзяла яго і выхавала яго сабе, як сына.
 
А калі ён быў выкінуты, узяла яго дачка фараона і усынавіла яго.

Майсея навучылі ўсёй егіпецкай мудрасці, і быў ён магутны ў словах і ўчынках.
 
Майсей быў вывучаны ва ўсей мудрасьці Эгіпецкай, ды быў магутны ў слове дзейнасьці.

Калі споўнілася яму сорак гадоў, ён вырашыў наведаць сваіх братоў, сыноў Ізраэля.
 
Калі дажыў сорак гадоў, захацелася адведаць сваіх братоў, сыноў Ізраеля.

Убачыўшы, як адзін з іх зазнае крыўду, заступіўся і адпомсціў за пакрыўджанага, забіўшы егіпцяніна.
 
Там убачыўшы аднаго крыўджаўнага зямляка, стаў у яго абарону адамсьціў крыўджанага, забіўшы Эгіпца.

Ён думаў, што яго браты зразумеюць, што Бог дае ім вызваленне ягонай рукою, але яны не зразумелі.
 
Майсей думаў, што браты яго зразумеюць, што Бог яго рукой дае ім ратунак, але яны не зразумелі.

На наступны дзень, калі яны біліся між сабою, ён з’явіўся перад імі ды схіляў іх да міру, кажучы: “Мужы, вы ж браты, навошта крыўдзіце адзін аднаго?”
 
Калі на другі дзень паявіўся ён між іх, калі яны біліся між сабой ды стараўся іх пагадзіць, кажучы: "Людзі, вы ж браты, чаму крыўдзіце адзін другога?"

Але той, што крыўдзіў бліжняга, адштурхнуў яго са словамі: “Хто паставіў цябе правадыром і суддзёю над намі?
 
Але той, што крыўдзіў другога — адпіхнуў яго і сказаў: "Хто устанавіў цябе начальнікам і суддзёю над намі?

Ці ты хочаш забіць мяне, як учора забіў егіпцяніна?”
 
Хіба і мяне хочаш забіць, як учора забіў ты Эгіпца?"

Ад гэтых слоў Майсей уцёк і стаў чужынцам у зямлі Мадыям, дзе ад яго нарадзіліся два сыны.
 
Дзеля гэтых слоў Майсей уцёк ды жыў як чужынец у зямлі Мад'ян, дзе нарадзіліся яму два сыны.

Калі прайшло сорак гадоў, у пустыні ля гары Сінай яму з’явіўся анёл Пана ў палаючым кусце.
 
Па сараку гадах явіўся яму на пустыні гары Сынай анёл Госпадаў у полымі агністага куста.

Убачыўшы гэта, Майсей здзівіўся, а калі падышоў прыгледзецца, прагучаў голас Пана:
 
Майсей жа ўбачыўшы, падзяліў бачанае. Але калі падыйшоў бліжэй; каб прыгледзіцца, пачуўся голас Госпадаў:

“Я — Бог айцоў тваіх, Бог Абрагама, Ісаака і Якуба”. Майсей затрымцеў і не адважваўся паглядзець.
 
"Я Бог тваіх бацькоў, Бог Абрагама, Ізаака і Якуба". Стрывожыўся Майсей і ня сьмеў глядзець.

І Пан сказаў яму: “Здымі сандалі з ног тваіх, бо месца, на якім стаіш, — гэта святая зямля.
 
Затым сказаў яму Госпад: "Здымі абутак з ног сваіх. Бо месца, на якім ты стаіш, зямлёй сьвятой ёсьць.

Я ўбачыў прыгнёт майго народу ў Егіпце і пачуў іх стогн, таму зышоў, каб вызваліць іх. А цяпер падыдзі, Я пашлю цябе ў Егіпет”.
 
Доўга Я глядзеў (наглядаў) за прыгнётам народу Майго ў Эгіпце ды чуў стогны яго ды зыйшоў, каб асвабадзіць. Прыдзі, пашлю цябе ў Эгіпт".

Таго Майсея, якога яны адкінулі, сказаўшы: “Хто паставіў цябе правадыром і суддзёю?” — Бог паслаў як правадыра і вызваліцеля праз руку анёла, які з’явіўся яму ў кусце.
 
Таго вось Майсея, якога адракліся, кажучы: "Хто цябе ўстанавіў начальнікам і суддзёй?", яго вось Бог паслаў як правадыра і збаўцу пад апекаю анёла, каторы явіўся яму ў кусьце.

Гэта ён вывеў іх, робячы цуды і знакі ў егіпецкай зямлі, на Чырвоным моры і на пустыні сорак гадоў.
 
Ён вывеў іх, чынячы знакі і цуды ў зямлі эгіпецкай над Чырвоным морам ды на пустыні праз сорак гадоў.

Гэта той Майсей, які сказаў сынам Ізраэля: “Бог пашле вам прарока, падобнага да мяне, з ліку вашых братоў”.
 
Гэты вось Майсей, што сказаў сынам Ізраеля: "Прарока як я, узгадуе вам Бог спаміж братоў вашых".

Гэта той, хто быў на сходзе ў пустыні разам з анёлам, які гаварыў з ім на гары Сінай, быў з айцамі нашымі і прыняў жывыя словы, каб перадаць іх нам.
 
Ён гэта ў дзень сабраньня ў пустыні пасярэднічыў між анёлам, каторы гаварыў яму на гары Сынай, а нашымі бацькамі. Ён атрымаў словы жыцця, каб пераказаць іх вам.

Гэта яго не хацелі слухацца айцы нашыя, таму адкінулі яго і звярнулі сэрцы свае да Егіпта,
 
Але не хацелі яго слухаць бацькі нашы ды адпіхнулі яго, а зьвярнулі сэрцы свае да Эгіпту.

кажучы Аарону: “Зрабі нам багоў, якія б ішлі перад намі, бо мы не ведаем, што сталася з тым Майсеем, які вывеў нас з егіпецкай зямлі”.
 
Сказалі яны Аарону: "Зрабі нам багоў, каторыя будуць ісьці перад намі, бо ня ведаем, што сталася з тым Майсеем, каторы вывеў нас з зямлі Эгіпецкай".

Яны зрабілі ў тыя дні цяльца, прыносілі ахвяры ідалу і радаваліся справе сваіх рук.
 
У той час зрабілі сабе цялё ды склалі ахвяру ідалу, ды цешыліся з працы сваіх рук.

Тады Бог адвярнуўся ад іх і аддаў іх, каб служылі яны войску нябеснаму, як напісана ў кнізе Прарокаў: “Дом Ізраэля, ці прыносілі вы Мне забітую жывёлу і ахвярына пустыні сорак гадоў?
 
Але Бог адвярнуўся ад іх і дазволіў, што служылі войску нябеснаму, як напісана ў кнізе прарокаў: "Доме Ізраеля! Ці прыносілі вы мне цэлапаленьні і жэртвы, напрацягу сарака гадоў у пустыні?

Вы ўзнялі намёт Молахаі зорку бога вашага Рэфана,выявы, якія вы зрабілі, каб пакланяцца ім.Праз гэта Я перасялю вас за Бабілён”.
 
Вы прынялі лепш палатку Молоха ды зорку божышча Рэфана, ідалы (выбражэньні), каторыя зрабілі, каб ім пакланяцца. Таму перасялю вас за Бабілон.

У нашых айцоў была ў пустыні скінія сведчання, як пажадаў той, хто загадаў Майсею зрабіць яе паводле ўзору, які ўбачыў.
 
Нашыя бацькі мелі ў пустыні Палатку Пасьведчаньня (Аб'яўленьня). Той бо, Хто гаварыў з Майсеем, загадаў збудаваць яе па ўзору, які (Майсей) відзеў.

І нашыя айцы, атрымаўшы яе, з Езусам Навіным прынеслі яе ва ўладанні язычнікаў, якіх Бог прагнаў ад аблічча айцоў нашых аж да дзён Давіда,
 
Прынялі яе нашыя бацькі і з Ёзуэм унесьлі ў зямлю паганаў, каторых Бог выгнаў перад нашымі бацькамі, аж да часоў Давіда.

які знайшоў ласку ў вачах Бога і папрасіў знайсці жыллё для дому Якуба.
 
Ён знайшоў ласку ў Бога і прасіў пабудаваць сьвятыню для Бога Якуба.

Саламон жа пабудаваў Яму дом.
 
Але толькі Салямон пабудаваў Яму дом.

Аднак Найвышэйшы не жыве ў тым, што зроблена рукамі, як гаворыць прарок:
 
Усё ж такі Узвышні не жыве ў пабудовах рук людзкіх, як кажа прарок:

“Неба — Мой трон,а зямля — падножжа Маіх ног.Які ж дом пабудуеце для Мяне, — кажа Пан, —або якое месца адпачынку Майго?
 
Неба — Мой пасад (трон), зямля жа падножжам ног Маіх. Які ж дом пабудуеце Мне — кажа Госпад, або якое месца для Майго супачынку.

Ці ж не Мая рука стварыла ўсё гэта?”
 
Ці ж усё гэта не ўчыніла рука Мая?"

Вы з цвёрдым каркам, з неабрэзаным сэрцам і вушамі, вы заўсёды працівіліся Духу Святому; як айцы вашыя, так і вы.
 
Цьвёрдалобыя, паганых сэрцаў і вушэй! Вы заўсёды працівіцеся Духу Сьвятому, як бацькі вашыя, так і вы!

Каго з прарокаў не пераследавалі айцы вашыя? Яны забілі тых, хто прадказваў прыйсце Справядлівага, здраднікамі і забойцамі якога цяпер сталіся вы,
 
Каторага з прарокаў не прасьледавалі бацькі вашыя?! Пазабівалі вы нават тых, каторыя прадсказвалі прыход справядлівага. А вы выдалі яго, а цяпер замардавалі.

якія атрымалі Закон праз пасрэдніцтва анёлаў, але не захоўвалі яго».
 
Вы, што атрымалі закон за паміжствам анёлаў, але не бераглі яго".

Калі яны слухалі гэта, запалалі гневам у сэрцах сваіх і скрыгаталі на яго зубамі.
 
Пачуўшы гэта, іхнія сэрцы закіпелі гневам, яны скрыгаталі на яго зубамі.

Стэфан жа, напоўнены Духам Святым, паглядзеў на неба і ўбачыў славу Божую і Езуса, які стаяў праваруч Бога,
 
А ён перапоўнены Духам Сьвятым глядзеў у неба і бачыў хвалу Божую і Езуса, стоячага поруч Айца.

і сказаў: «Вось бачу нябёсы раскрытыя і Сына Чалавечага, які стаіць праваруч Бога».
 
Ён казаў: "Віджу адкрытае неба і Сына Чалавечага, стоячага па правіцы Бога".

Але яны, закрычаўшы моцным голасам, заткнулі вушы свае і кінуліся на яго ўсе разам.
 
А яны паднялі вялікі крык, затыкалі вушы сабе і кінуліся на яго аднадушна.

Вывеўшы за горад, пачалі каменаваць. А сведкі паклалі адзежу сваю каля ног юнака, якога звалі Саўл.
 
Выцягнулі яго за горад і ўкаменавалі, а сьведкі паклалі сваё адзеньне ля ног юнака званага Шаўлом.

І каменавалі Стэфана, які маліўся, кажучы: «Пане Езу, прымі мой дух».
 
Гэтак каменавалі Сьцяпана, а ён маліўся: "Госпадзе Езу, прымі майго Духа!"

Упаўшы на калені, ён усклікнуў моцным голасам: «Пане, не лічы ім граху гэтага». Сказаўшы гэта, памёр.
 
А калі апаў на калені, закрычэў паднятым голасам: "Госпадзе, не палічы ім гэтага граха." Па гэтых словах сканаў.