Дзеі 2 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Чарняўскага — арыгінал
Калі настаў дзень Пяцідзясятніцы, усе былі разам у тым самым месцы.
Калі падыйшоў дзень Пяцідзесятніцы (сёмухі), усе вучні былі разам у тым жа месцы.
Раптам узняўся шум з неба, нібы павеў моцнага ветру, і напоўніў увесь дом, дзе яны сядзелі.
Раптам пачуўся з неба шум, як бы падыходзячага сільнага ветру ды напоўніў увесь дом, дзе яны прабывалі.
З’явіліся ім падзеленыя языкі, быццам ад агня, і затрымаліся на кожным з іх.
І паказаліся ім паасобна як бы агнявыя языкі і апаў на кожнага з іх.
Усе напоўніліся Духам Святым і пачалі гаварыць на іншых мовах, як Дух даваў ім прамаўляць.
Ды напоўнены былі яны ўсе Духам Сьвятым, пачалі гаварыць іншымі мовамі, так як ім пазваляў Дух.
Былі ў Ерузалеме жыхары Юдэі, людзі пабожныя з усякага народу пад небам.
Прабывалі тады ў Ерузаліме пабожныя Юдэі з усіх народаў пад сонцам.
Калі ўзняўся гэты шум, сабралася мноства людзей і захвалявалася, бо кожны з іх чуў, што яны гавораць на ягонай мове.
Калі ўзняўся гэты шум зьбеглася мноства людзей. І кожны быў здзіўлены, бо кожны з іх чуў прамаўляючых іх у сваёй (роднай) мове.
Былі ўражаныя і здзіўляліся, кажучы: «Ці ж усе тыя, хто гаворыць, не галілейцы?
Астаўпянелі яны, дзівіліся ды казалі: "Ці ж гэтыя усе; што прамаўляюць — не галілейцы?"
Як жа мы чуем кожны сваю мову, у якой нарадзіліся?
Дык як жа мы кожны чуем у сваёй роднай мове, у якой мы нарадзіліся.
Парфяне і мідзяне, эламіты і жыхары Месапатаміі, Юдэі і Кападоцыі, Понта і Азіі,
Мы — Парты і Мэды, Эляміты і жыхары Мэзопатаміі, Юдэі і Кападокіі, Понту і Азіі.
Фрыгіі і Памфіліі, Егіпта і частак Лівіі, сумежных з Кірэнай, ды прыезджыя рымляне,
Жыхары Фрыгіі і Памфіліі, Эгіпту і старон Лібіі, што каля Цырэны і прыбыльцы з Рыму,
юдэі і празеліты, крыцяне і арабы, — мы чуем, што яны гавораць нашымі мовамі пра вялікія справы Божыя».
а таксама Юдэі і празэліты, Крэтэйцы і Арабы — чуем іх вешчучых вялікія справы Божыя ў нашых мовах".
Усе былі ўражаныя і ўзбянтэжаныя, кажучы адзін аднаму: «Што гэта значыць?»
Падзіўлялі вось усе і неразумеючы гэтага — пыталіся адзін другога: "Што гэта значыць?"
А іншыя з насмешкай казалі: «Яны напіліся маладога віна».
А іншыя насьміхаліся і казалі: "Напіліся хіба яны маладога віна".
Тады ўстаў Пётр разам з Адзінаццаццю, узняў рукі свае і прамовіў да іх моцным голасам: «Мужы юдэйскія і ўсе жыхары Ерузалема, пазнайце і выслухайце мае словы.
Тады Пётр стаўшы з адзінаццацю падняў голас свой і сказаў ім: "Юдэі дыў усе жыхары Ерузаліма, хай будзе вам гэта ведама, — удумайцеся ў словы мае!
Яны не п’яныя, як вы думаеце, бо яшчэ толькі трэцяя гадзіна дня,
Гэтыя людзі не п'яныя, як вы думаеце, бо трэцяя гадзіна дня,
але гэта тое, што было сказана прарокам Ёэлем:
але спаўняецца тое, што сказаў прарок Ёель:
“У апошнія дні, — кажа Бог, —Я пралью з Духа Майго на кожнае цела,і будуць прарочыць сыны вашыя і дочкі вашыя,а юнакі вашыя будуць бачыць візіі,а старцам вашым будуць сніцца сны.
"У апошнія дні — кажа Бог — вылью Духа Майго на кожнае цела, і будуць праракаваць сыны вашыя і дочкі вашыя, а юнакі вашыя будуць мець візіі, а старцы вашыя будуць сьніць сны.
На слуг Маіх і на служанак Маіху тыя дні Я пралью Духа Майго,і яны будуць прарочыць.
І на нявольнікаў маіх і на нявольніц у тыя дні вылью з Духа Майго дый будуць праракаваць.
Учыню цуды на небе ўверсе і знакі на зямлі ўнізе:кроў, і агонь, і клубы дыму.
І пакажу цуды на небе ў гары ды знакі на зямлі, на нізе. Кроў і агонь стаўбы дыму.
Сонца абернецца ў цемру,а месяц — у кроў,перш чым настане дзень Пана,вялікі і слаўны.
Сонца абернецца ў цемру, а месяц у кроў, перш чым падыйдзе дзень Госпадаў вялікі і слаўны.
Кожны, хто пакліча імя Пана, будзе збаўлены”.
Кожны, хто будзе прызываць імя Госпада будзе збаўлены.
Мужы ізраэльскія, выслухайце гэтыя словы: Езус з Назарэта быў чалавекам, якога Бог паказаў вам у сіле, цудах і знаках, якія Бог учыніў праз Яго сярод вас, як і самі ведаеце.
Мужы Ізраеля, паслухайце слоў гэтых: (Ісуса Назарэйца (з Назарэту), людзну, апрабаванага для вас Божымі моцамі, цудамі і знакамі, каторыя Бог учыніў праз Яго між вас, як вы самі ведаеце.
Яго, выдадзенага паводле вызначанай волі і Божага прадбачання, вы, укрыжаваўшы рукамі бязбожных, забілі.
Яго вось рашэньнем волі Божай і Яго оглядам выдадзенага, вы ліхотнікаў рукамі укрыжаваўшы — забілі.
Але Бог уваскрасіў Яго, вызваліўшы ад пакутаў смерці, бо немагчыма было, каб яна трымала Яго.
Але Бог ускрасіў Яго, разарваўшы звязі сьмерці, бо немагчыма было, каб яна авалодала Ім (панавала над ім), бо Давід кажа пра Яго:
Давід жа гаворыць пра Яго: “Пана я маю заўсёды перад вачыма,бо Ён праваруч мяне, каб я не пахіснуўся.
"Бачыў я перад сабой Госпада заўсёды, бо Ён па правіцы Маёй (Праваруч Мяне), каб Я не захістаўся.
Таму радуецца маё сэрцаі весяліцца язык мой,і цела маё будзе спачываць у надзеі.
Дзеля таго ўзрадавалася Маё сэрца і развясяліўся мой язык, затым і цела маё супачываць будзе з надзеяй.
Бо не пакінеш душы маёй у адхланіі не дасі святому Твайму ўбачыць тленне.
Бо не пакінеш душы маёй у пекле (цемры), ды не дасі Сьвятому Твайму бачыць гніцьцё (гніль).
Ты даў мне пазнаць дарогі жыцця.Ты напоўніш мяне радасцю перад абліччам Тваім”.
Даў Ты мне пазнаць дарогі жыцьця ды напоўніш мяне радасьцю (агляданьнем) аблічча Твайго.
Браты, дазвольце мне сказаць вам адкрыта пра патрыярха Давіда, які памёр і пахаваны, а магіла ягоная знаходзіцца сярод нас па сённяшні дзень.
Браты, хочацца сказаць вам адкрыта аб патрыярсе Давідзе, што ён памёр, быў пахаваны ды гроб яго захаваўся ў нас да сённяшняга дня.
Будучы ж прарокам і ведаючы, што Бог прысягнуў яму пасадзіць на ягоным троне ягонага патомка,
Як прарок ён ведаў, што Бог прысягнуў яму, што яго нашчадак засядзе на яго троне (пасадзе).
ён прадбачыў і казаў пра ўваскрасенне Хрыста, што Ён не застанецца ў адхлані, і цела Ягонае не ўбачыць тленне.
Ён бачыў будучыню і прадсказаў уваскрасеньне Мэсіі — Хрыста, што Ён не застанецца ў цемры, ды што цела Яго не падасца гніцьцю (распаду).
Гэтага Езуса ўваскрасіў Бог, чаму ўсе мы сведкі.
Гэтага вось Езуса ўскрасіў Бог, а мы ўсе яўляемся гэтага сьведкамі.
Ён, узнесены правіцаю Бога і атрымаўшы ад Айца абяцанне Духа Святога, праліў Яго, як вы бачыце і чуеце.
Ён быў Божаю правіцаю ўзвышаны ды атрымаў ад Айца абяцанне (зароку) Духа Сьвятога і выліў яго.
Бо Давід не ўзышоў на неба, але сам ён кажа: “Пан сказаў майму Пану: Сядай праваруч Мяне,
Як бачыце гэта і самі і чуеце. Бо Давід не ўзыйшоў у неба, аднак кажа: "Сказаў Госпад Госпаду майму: Сядзь праваруч у Мяне,
пакуль не пакладу ворагаў тваіх да падножжа Твайго”.
пакуль не палажу непрыяцеляў Тваіх падножжам ног Тваіх",
Няхай кожны дом Ізраэля цвёрда ведае, што гэтага Езуса, якога вы ўкрыжавалі, Бог зрабіў і Панам, і Месіяй».
Дык хай ведае ўвесь дом Ізраеля ўпэўнены, што гэтага Езуса, каторага вы ўкрыжавалі, Бог устанавіў Госпадам і Мэсіям (Хрыстом, Намашчэнцам).
Калі ж пачулі гэта, змякчэла іхняе сэрца, і яны сказалі Пятру і астатнім Апосталам: «Што нам рабіць, браты?» Пётр адказаў ім:
Калі яны пакінулі гэта, спакарыліся сэрцам, ды пытталіся ў Пятра і іншых апосталаў: "Браты, што маем мы рабіць?"
«Пакайцеся, і няхай кожны з вас ахрысціцца ў імя Езуса Хрыста дзеля адпушчэння вашых грахоў, і вы атрымаеце дар Духа Святога.
Пётр сказаў ім: "Пакайцеся і хай кожны з вас прыме хрост у імя Езуса Хрыста на адпушчэньне вашых грахоў ды атрымаеце дар Духа Сьвятога.
Бо вам належыць абяцанне і дзецям вашым, і ўсім тым, хто далёка, каго толькі пакліча Пан Бог наш».
Бо вам належыцца абяцанае і дзецям вашым дый усім далёкім, каго пакліча Госпад Бог наш.
Таксама многімі іншымі словамі ён сведчыў і навучаў, кажучы: «Ратуйцеся ад гэтага падступнага пакалення».
І іншымі многімі словамі даказваў і напамінаў, кажучы: "Ратуйцеся спасярод гэтага пераваротнага роду".
Тыя ж, хто прыняў ягонае слова, былі ахрышчаныя. І далучылася ў гэты дзень да іх каля трох тысяч людзей.
Дык тыя, каторыя прынялі яго навуку — былі ахрышчаны. І ў той дзень далучылася каля трох тысяч душаў.
Яны трывалі ў вучэнні Апосталаў і ў супольнасці, у ламанні хлеба і ў малітвах.
Трывалі яны ў навуцы Апосталаў ды ў супольнасьці, у ламаньні хлеба і ў маленьнях.
Страх быў у кожнай душы; шмат цудаў і знакаў чынілі Апосталы.
Кожны баяўся, бо Апосталы чынілі многа знакаў і цудаў.
Усе ж вернікі былі разам, і ўсё ў іх было супольнае.
Усе тыя, што ўверылі, прабывалі разам дый усё мелі супольнае.
Яны прадавалі набытак свой і маёмасць і дзялілі паміж усімі, хто меў патрэбу.
Прадавалі маёмасьць і ўласнасьць ды дзялілі паміж усіх тых, што мелі недастатак.
Штодня збіраліся аднадушна ў святыні і, ламаючы дома хлеб, спажывалі ежу ў радасці і прастаце сэрца,
Штодзень аднадушна прабывалі ў сьвятыні, ламаючы хлеб па дамах, ды спажывалі ежу з радасьцю і прастатой сэрца.
праслаўляючы Бога і маючы прыхільнасць усяго народу. А Пан штодня далучаў да іх тых, хто меў быць збаўлены.
Славілі Бога, і мелі ласку ва ўсяго народу. Госпад жа штодзень павялічваў тых, што мелі быць збаўлены.