Дзеі 3 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

А дзевятай гадзіне Пётр і Ян уваходзілі ў святыню на малітву.
 
Калі Пётр і Ян уваходзілі ў сьвятыню на гадзіну дзевятую маліцца,

Быў там чалавек, кульгавы ад нараджэння, якога прыносілі і садзілі штодня каля брамы святыні, што звалася Прыгожай, каб ён прасіў міласціну ў тых, хто ўваходзіў у святыню.
 
уносілі якраз аднаго чалавека, кульгавага ад роду. Клалі яго штодзень ля брамы сьвятыні, званай Прыгожай, каб прасіў міласьціны ўваходзячых у сьвятыню.

Калі ён убачыў Пятра і Яна, якія збіраліся ўвайсці ў святыню, папрасіў у іх міласціну.
 
Ён, убачыўшы Пятра і Яна, маючых ісьці ў сьвятыню — прасіў аб дарэньне.

Пётр прыгледзеўся з Янам да яго і сказаў:
 
Тады Пётр з Янам, гледзячы на яго — сказалі: "Глянь на нас!"

«Паглядзі на нас». Той паглядзеў на іх, спадзеючыся што-небудзь атрымаць. Але Пётр сказаў:
 
А ён глядзеў на іх, спадзяючыся нешта ад іх атрымаць.

«Срэбра і золата не маю, але што маю, тое даю табе: у імя Езуса Хрыста з Назарэта, устань і хадзі!»
 
Тады Пётр сказаў: "Серабра і золата ня маю, але што маю, тое табе даю: У імя Езуса Хрыста з Назарэту ўстань і хадзі!"

І, узяўшы яго за правую руку, падняў яго. Адразу ўмацаваліся яго ногі і ступні.
 
І ўзяўшы яго за правую руку — падняў яго. А зараз акрэплі ногі і ступені ягоныя.

Ён ускочыў, стаў на ногі і пачаў хадзіць, увайшоў з імі ў святыню, ходзячы, падскокваючы і славячы Бога.
 
Ён ускочыў і стануў на нагах, хадзіў ды ўвайшоў з імі ў сьвятыню. Ён хадзіў, падскакваў і славіў Бога.

Усе людзі бачылі, як ён хадзіў і славіў Бога.
 
А ўвесь народ убачыў яго ходзячага і славячага Бога.

Пазналі яго, што гэта быў той, які сядзеў каля Прыгожай брамы святыні дзеля міласціны, і напоўніліся жахам і здзіўленнем ад таго, што сталася з ім.
 
І адпазнавалі ў ім таго чалавека, што сядзеў ля Прыгожай Брамы Сьвятыні і жабраваў. Дык ахапіла іх зьдзіўленьне з прычыны таго, што яго напаткала.

Ён не адступаўся ад Пятра і Яна, таму ўвесь народ у здзіўленні збегся да іх на ганак, званы Саламонавым.
 
А калі ён трымаўся Пятра і Яна — увесь народ з дзівам зьбегся да іх у прысценак, званы Салямонавым.

Убачыўшы гэта, Пётр сказаў народу: «Мужы ізраэльскія, чаго здзіўляецеся? Чаго так глядзіце на нас, быццам мы ўласнай сілаю або пабожнасцю зрабілі так, што ён ходзіць?
 
Бачачы гэта Пётр прамовіў да народу: "Ізраельцы: Чаму дзівіцеся з гэтага? Ды чаму так углядаецеся на нас, быццам мы сваёй моцай або набожнасці даканалі, што ён ходзіць?

Бог Абрагама, Ісаака і Якуба, Бог айцоў нашых уславіў Слугу свайго, Езуса, якога выдалі вы і адракліся ад Яго перад Пілатам, калі той вырашыў адпусціць Яго.
 
Бог Абрагама і Бог Ізаака і Бог Якуба, Бог айцоў нашых уславіў слугу свайго (сына), Езуса, каторага вы ведалі ды адракліся перад Пілатам, калі ён рашыў Яго асвабадзіць.

Вы адракліся ад Святога і Справядлівага, а прасілі памілаваць забойцу.
 
Вы ж адракліся Сьвятога і справядлівага, а выпрасілі дараваць забойцу.

Вы забілі Пачынальніка Жыцця, якога Бог уваскрасіў з мёртвых, чаго мы сведкі.
 
Забілі ж вы спраўцу жыцьця, але Бог Яго з умёршых падняў, чаго мы сьведкамі.

І праз веру ў імя Ягонае таго, каго бачыце і ведаеце, імя гэтае ўмацавала. Вера, што паходзіць ад Яго, дала яму гэтае аздараўленне перад усімі вамі.
 
І дзеля веры ў Яго імя — гэтаму чалавеку, каторага бачыце і знаеце — імя гэта вярнула яму сілы. І вера яго дала яму поўнае аздараўленьне, якое вы відзіце.

Цяпер, браты, я ведаю, што вы зрабілі гэта з няведання, як і вашыя кіраўнікі.
 
Але я цяпер усьведамляў, браты, што гэта вы зрабілі па несведнасьці як і начальнікі вашыя.

А Бог здзейсніў тое, што абвяшчаў вуснамі ўсіх прарокаў, што Яго Месія будзе цярпець.
 
А Бог такім чынам споўніў тое, што прадсказаў вуснамі ўсіх прарокаў, што яго Хрыстус (Мэсія) будзе цярпець.

Дык пакайцеся і навярніцеся, каб знішчаныя былі грахі вашыя,
 
Дык пакутуйце і навярніцеся, каб грахі вашыя былі адпушчаны (скасаваныя),

каб прыйшла ад Пана гадзіна палёгкі і каб паслаў Ён вам таго, хто быў прадказаны, — Езуса Хрыста,
 
каб калі настануць часы астуды (холаду) адносна Госпада, каб паслаў таго, што прадсказаў вам — Езуса Хрыста.

якога неба павінна было прыняць да часоў аднаўлення ўсяго, пра што спрадвеку казаў Бог вуснамі сваіх святых прарокаў.
 
Каторага неба мусіць затрымаць аж да часу аднаўленьня ўсяго, што спрадвеку прадсказваў Бог вуснамі сьвятых Сваіх прарокакў.

Майсей сказаў: “Пан Бог дасць вам Прарока з братоў вашых, падобнага да мяне; слухайцеся Яго ва ўсім, што Ён вам скажа.
 
Майсей жа сказаў: "Прарока як я ўзбудзіць (вябярэ) вам Госпад, Бог ваш спаміж братоў вашых. Слухайце Яго ва ўсім, што Ён вам скажа.

А кожны, хто не паслухае таго Прарока, будзе знішчаны ў народзе”.
 
А кожны, хто не паслухае гэтага Прарока, будзе выкаранены з народу".

І ўсе прарокі, якія прамаўлялі з часоў Самуэля і пасля яго, абвяшчалі гэтыя дні.
 
Прадсказвалі гэтыя дні такжа ўсе прарокі, ад часоў Самуэля і далей яго наступнікі.

Вы — сыны прарокаў і запавету, які Бог заключыў з айцамі вашымі, кажучы Абрагаму: “Благаслаўлёныя будуць у тваім патомстве ўсе народы зямлі”.
 
Вы — ж сыны прарокаў і прымірэньня, якое Бог заключыў з вашымі бацькамі, калі то сказаў Абрагаму: "У патомстве тваім будуць ушчасліўлены (убагаслаўлены) ўсе народы зямлі".

Для вас найперш Бог уваскрасіў Слугу свайго і паслаў Яго, каб Ён благаславіў вас і адвярнуў кожнага ад беззаконняў вашых».
 
Вам у першай чарзе Бог ускрасіў слугу (Сына) Свайго ды паслаў Яго, каб багаславіў кожнаму з вас, каб кожны адвярнуўся ад грахоў сваіх.