Дзеі 18 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

Пасля гэтага Павел пакінуў Атэны і прыбыў у Карынт.
 
1.Затым пакінуў ён Атэны ды прыбыў у Карынт.

Знайшоўшы нейкага юдэя па імені Аквіла, родам з Понта, які нядаўна прыйшоў з Італіі, і Прысцылу, жонку ягоную, — бо Клаўдзій загадаў усім юдэям пакінуць Рым, — прыйшоў да іх.
 
Тут напаткаў ён нейкага жыда, імем Аквіла, родам з Понту, каторы з жонкаю Прысьціліяй прыбыў недаўна з Італіі, бо Клаўдзій выселіў з Рыму ўсіх жыдоў. Ён прыйшоў да іх.

А паколькі займаўся тым жа рамяством, заставаўся ў іх і працаваў. Яны ж займаліся вырабам намётаў.
 
Знаў вось ён тое самае рамясло, займаўся вытворчасьцю палатак, таму абжыўся ў іх і працаваў.

Кожны шабат ён прамаўляў у сінагозе і пераконваў юдэяў і грэкаў.
 
У кожны шабат дыскутаваў у сынагозе ды пераконваў так жыдоў як Грэкаў.

Калі прыйшлі з Македоніі Сіла і Цімафей, Павел заняўся навучаннем і сведчыў юдэям, што Езус ёсць Месіяй.
 
Па павароце Сыляса і Цімафея з Мацэдоніі, Павал выключна пасьвяціўся навучэньню, даказваючы жыдам, што Езус ёсьць Мэсіям.

А калі яны пярэчылі і блюзнерылі, ён абтрос сваю вопратку і сказаў ім: «Кроў вашая на галаву вашую. Я — чысты. Цяпер іду да язычнікаў».
 
А калі працівіліся і блюзьнілі, атрасаў сваё адзеньне, ды казаў ім: "Кроў вашая на вашу галаву, я не вінаваты. Ад гэтае хвіліны пайду да паганаў".

Адышоўшы адтуль, прыйшоў у дом аднаго чалавека па імені Ціт Юст, які шанаваў Бога і дом якога быў побач з сінагогай.
 
Перайшоў адтуль і пасяліўся у доме аднаго багабойнага чалавека, імем Тыцый Юстус /справядлівы/. Дом гэты сутыкаўся з сынагогай.

Крысп, кіраўнік сінагогі, паверыў у Пана з усім домам сваім. І шмат хто з карынцянаў, якія слухалі, паверылі і ахрысціліся.
 
Начальнік сынагогі, Крыспус, з усім сваім домам уверыў у Госпада. Прытым многа Карыньцыян, слухаючых уверыла і прыняло хрост.

Пан ноччу ў бачанні сказаў Паўлу: «Не бойся, але кажы і не маўчы,
 
Ноччу Госпад прагаварыў да Паўла ў візіі: "Перастань баяцца і не маўчы,

таму што Я з табою і ніхто не адважыцца зрабіць табе зло, бо ў Мяне шмат людзей у гэтым горадзе».
 
бо Я з табою і нІхто не кране цябе, каб цябе скрыўдзіць, бо многа маю у гэтым горадзе народу."

І прабыў ён год і шэсць месяцаў, навучаючы іх Божаму слову.
 
Дык застаўся і вясьціў Ім слова Божае праз год ды шэсьць месяцаў.

Калі Галіён быў праконсулам у Ахаі, юдэі аднадушна паўсталі супраць Паўла і прывялі яго ў суд,
 
Калі Галліён стаўся праконсулам Ахаі, жыды аднадушна паўсталі супраць Паўла і прывялі яго на суд.

кажучы: «Ён намаўляе людзей шанаваць Бога нязгодна з Законам».
 
Сказалі: "Ён нагаварвае людзей, каб славілі Бога нязгодна з Законам".

Калі Павел хацеў адкрыць вусны, Галіён сказаў юдэям: «Юдэі, калі б размова ішла пра нейкую крыўду ці несправядлівы ўчынак, я б выслухаў вас,
 
Калі ўжо Павал меў адчыніць вусны, Галлій сказаў жыдам: "Калі б быў які праступак або злачынства, жыды, дык я заняўся б вамі.

але калі спрэчка ідзе пра слова і пра імёны, і пра ваш Закон, то разглядайце самі. Я не хачу быць суддзёю ў гэтых справах».
 
Але калі спорыце пра словы і назовы дый аб ваш закон, дык самі разьбірайцеся. Я не хачу быць суддзёю ў такіх справах."

І выгнаў іх з суда.
 
Затым выгнаў іх з суда.

Схапіўшы кіраўніка сінагогі Састэна, усе білі яго перад судом. А Галіёну не было да гэтага ніякай справы.
 
А ўсе другія /Грэкі/ хвалілі начальніка сынагогі, Сосіэнэса, білі яго перад судом. Галліён не зьвяртаў на гэта ўвагі.

Павел жа прабыў там яшчэ даволі шмат дзён і, развітаўшыся з братамі, паплыў у Сірыю, а з ім Прысцыла і Аквіла. У Кенхрах ён абстрыг сабе галаву, бо даў такое абяцанне.
 
Павал яшчэ даўжэйшы час прабываў у Карынце. Потым развітаўся з братамі ды разам з Прысьцыліяй і Аквілам адправіўся у Сырыю. У Кэнхрах падстрыг галаву, бо такое зрабіў шлюбаваньне.

А калі прыйшоў у Эфес, пакінуў іх там, а сам увайшоў у сінагогу і размаўляў там з юдэямі.
 
Затым дабраліся у Эфэз і там ён іx пакінуў. Сам жа пайшоў у сынагогу і дыспутаваў з жыдамі,

Калі ж яны прасілі пабыць у іх даўжэй, ён не згадзіўся,
 
а калі прасілі яго, каб заставаўся даўжэй, не згадзіўся,

а на развітанне сказаў ім: «Я вярнуся да вас, калі захоча Бог». І адплыў з Эфеса.
 
але развітваючыся з імі, сказаў: "Вярнуся да вас, калі Бог захоча", і паплыў з Эфэзу.

Прыбыўшы ў Цэзарэю, ён увайшоў і прывітаў Касцёл, затым адышоў у Антыёхію.
 
Па прыбыцьці ў Цэзарыю, злез на бераг, прывітаўся з Касьцёлам і направіўся ў Антыёхію.

Правёўшы там пэўны час, выйшаў і праходзіў па чарзе краіну галатаў і Фрыгію, умацоўваючы ўсіх вучняў.
 
3абавіўшыся нейкі час там, зноў надаўся ў дарогу, падарожнічаючы праз Галацыю і Фрыгію, умацоўваючы ў веры ўсіх вучняў.

Нейкі юдэй па імені Апалос, родам з Александрыі, чалавек красамоўны і знаўца Пісанняў, прыйшоў у Эфес.
 
Адзін жыд, імем Аполлёс, родам з Александрыі, чалавек красамоўны прыбыў у Эфэз. Знаў ён добра Пісаньне.

Быў ён настаўлены на шлях Пана і з запалам прамаўляў і вучыў старанна пра Езуса, хоць і ведаў толькі хрост Яна.
 
3наў ён дарогу Госпадаву, прамаўляў з вялікай шчодрасцю ды навучаў рупліва пра Езуса. Знаў ён толькі Янаў Хрост.

Ён пачаў адважна прамаўляць у сінагозе. Калі яго пачулі Прысцыла і Аквіла, прынялі яго да сябе і растлумачылі яму шлях Божы.
 
Пачаў сьмела вучыць у сынагогах. Калі пачулі яго, забралі з сабой, ды выясьнілі яму дарогу Божую.

А калі ён збіраўся ісці ў Ахаю, браты напісалі вучням, каб тыя прынялі яго. Калі ён прыйшоў, шмат дапамагаў тым, хто паверыў дзякуючы ласцы.
 
А калі задумаў ісьці ў Ахаю, то браты напісалі ліст да вучняў з паручэньнем, каб яго прынялі. Калі ён прыбыў памагаў многа пры помачы Божай там, што ўверылі.

Адважна пераконваў юдэяў, публічна даказваючы праз Пісанні, што Езус — гэта Месія.
 
Адважна адкідаў цьвярджэньні жыдоў, даказваючы публічна з Пісаньня, што Езус ёсьць Мэсіям /Хрыстусам/.