Дзеі 6 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

У тыя дні, калі колькасць вучняў павялічвалася, эліністы пачалі наракаць на габрэяў, што яны забываюць пра іхніх удоваў у штодзённым служэнні.
 
У час, калі лік вучняў узрастаў, пачалі Гэленісты наракаць на Гэбрэяў (жыдоў), што ў штодзенным абслугіваньні іхнія удовы былі крыўджаны.

Тады Дванаццаць склікалі ўсіх вучняў і сказалі: «Нягожа, каб мы занядбалі слова Божае і служылі пры сталах.
 
Тады Дванаццаць склікаўшы ўсіх вучняў, заявіла ім: "Не выпадае нам пакінуць слова Божае, а заняцца абслугай сталоў.

Таму, браты, выберыце з вашага ліку сем мужоў добрай славы, поўных Духа і мудрасці, якім даручым гэтую паслугу.
 
Таму вось, браты, спаміж сябе сем чалавек, маючых добрае імя, поўных Духа Сьвятога і мудрасьці. Мы ім паручым гэтую работу.

А мы будзем трываць у малітве і ў служэнні слова».
 
А мы далей будзем (прадаўжаць) займацца маленьнем і паслугай слова.

Спадабалася гэта ўсёй грамадзе, і абралі Стэфана, мужа поўнага веры і Духа Святога, Філіпа і Прохара, Міканора і Тымона, Пармэна і Мікалая, празеліта з Антыёхіі,
 
Спадабалася гэта прапанова ўсім сабраўшымся. Яны выбралі Сьцяпана, чалавека поўнага веры і Духа Сьвятога, Філіппа, Прахора, Ніканора, Тымона, Прамэнаса і Мікалая, празэліту Ант'ёхійца.

якіх паставілі перад Апосталамі. Яны, памаліўшыся, усклалі на іх рукі.
 
Прадставілі іх Апосталам, каторыя молячыся усклалі на іх рукі.

А слова Божае пашыралася, і значна павялічвалася колькасць вучняў у Ерузалеме. І шмат святароў паверыла.
 
А Слова Божае разшыралася, расла лічба вучняў вельмі ў Ерузаліме. Нават шмат сьвятароў уверыла.

Стэфан, поўны ласкі і моцы, чыніў вялікія цуды і знакі сярод народу.
 
Сьцяпан жа поўны ласкі і моцы, чыніў цуды ды вялікія знакі ў народзе.

Некаторыя з сінагогі, называнай лібертынскай, кірэнэйскай і александрыйскай, і некаторыя з Цыліцыі і Азіі ўсталі і пачалі спрачацца са Стэфанам.
 
Тады некаторыя з сынагогі, званай Лібэртынцаў, Цырэнэйцаў і Александрыйцаў ды тых, што былі з Цыліцыі дый з Азіі, дыскутавалі з Сьцяпанам.

Але не маглі супрацьстаяць мудрасці і Духу, з якімі ён прамаўляў.
 
Але не маглі яны ўстаяць мудрасьці і Духа, у якім ён прамаўляў.

Тады яны падгаварылі людзей, каб казалі: «Мы чулі, як ён блюзнерыць супраць Майсея і Бога».
 
Затым падабралі яны людзей, каторыя казалі б: "Мы чулі, як ён казаў блюзьнерствы на Майсея і Бога".

Так падбухторылі народ, старэйшын і кніжнікаў і, напаўшы, схапілі яго і павялі ў Сінэдрыён.
 
Гэтым узбурылі народ і старшын і кніжнікаў. Яны зьбегшыся схапілі яго і завялі ў Сангэдрын.

Паставілі ілжывых сведкаў, якія казалі: «Гэты чалавек не перастае блюзнерыць супраць святога месца і Закона.
 
Там паставілі фальшывых сьведкаў, каторыя пасьведчылі: "Гэты чалавек не перастане гаварыць проціў сьвятога гэтага месца ды проціў закону.

Мы чулі, як ён казаў, што гэты Езус Назаранін зруйнуе гэтае месца і зменіць звычаі, якія перадаў нам Майсей».
 
Аднойчы мы чулі, як ён казаў, што Езус Назарэц зруйнуе гэтае месца і пераіначыць звычаі, якія нам перадаў Майсей".

І ўсе, хто сядзеў у Сінэдрыёне, уважліва глядзелі на яго і бачылі аблічча ягонае, падобнае да аблічча анёла.
 
А ўсе, што засядалі ў сангэдрыне, прыглядаліся яму пільна і відзелі твар ягоны, як воблік анёла.