Яна 15 разьдзел

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Чарняўскага 2003

 
 

Я — сапраўдная вінаградная лаза, а Айцец Мой — вінаградар.
 
Я ёсць праўдзівы вінаградны куст, а Айцец Мой — вінаградар.

Кожную галінку ўва Мне, якая не прыносіць плоду, Ён адразае, і кожную, якая дае плод, Ён ачышчае, каб давала яшчэ больш пладоў.
 
Кожную галінку, якая ўва Мне не прыносіць плода, Ён адсякае, а кожную, што прыносіць плод, тую ачышчае, каб болей прыносіла плода.

Вы ўжо чыстыя дзякуючы слову, якое Я сказаў вам.
 
Вы ўжо ачышчаны праз слова, якое Я гаварыў вам.

Заставайцеся ўва Мне, а Я ў вас. Як галінка не можа прынесці плоду сама з сябе, калі не застанецца ў вінаграднай лазе, так і вы, калі не будзеце ўва Мне.
 
Заставайцеся ўва Мне, і Я — у вас. Як галінка не можа прыносіць плод сама з сябе, калі не застанецца на вінаградным кусце, так і вы, калі не застанецеся ўва Мне.

Я — вінаградная лаза, вы — галіны. Хто застаецца ўва Мне, а Я ў ім, той прыносіць багаты плён, бо без Мяне нічога не можаце зрабіць.
 
Я — вінаградны куст, а вы — галіны. Хто застаецца ўва Мне, і Я — у ім, той прыносіць многа пладоў, бо без Мяне вы не можаце нічога зрабіць.

Хто не застаецца ўва Мне, будзе выкінуты вон, як галіна, і засохне. Іх збіраюць і кідаюць у агонь, і яны згараюць.
 
Калі хто не застанецца ўва Мне, будзе адкінуты прэч, як галінка, і ссохне, і збяруць гэтыя [галінкі], і кінуць у агонь, і там згараць.

Калі будзеце ўва Мне і словы Мае ў вас будуць, прасіце, чаго захочаце, і станецца вам.
 
Калі застанецеся ўва Мне, і словы Мае ў вас застануцца, пра што захочаце, прасіце, і станецца вам.

Гэтым будзе ўслаўлены Айцец Мой, калі вы прынясеце багаты плён і станеце Маімі вучнямі.
 
У гэтым уславіцца Айцец Мой, калі многа плода прынесяце ды станецеся Маімі вучнямі.

Як Мяне палюбіў Айцец, так і Я палюбіў вас. Заставайцеся ў Маёй любові.
 
Як Мяне ўзлюбіў Айцец, так і Я ўзлюбіў вас; заставайцеся ў Маёй любові.

Калі будзеце захоўваць Мае запаведзі, застанецеся ў любові Маёй, як і Я захаваў запаведзі Айца Майго і застаюся ў Ягонай любові.
 
Калі зберажаце Мае прыказанні, застанецеся ў Маёй любові, як і Я збярог прыказанні Айца Майго і застаюся ў Яго любові.

Гэта Я сказаў вам, каб Мая радасць была ў вас, і каб радасць вашая была поўнай.
 
Гэта Я вам сказаў, каб радасць Мая была ў вас, ды каб радасць ваша была поўнай.

Вось запаведзь Мая, каб вы любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас.
 
Гэта вось Мае прыказанні, каб вы любілі адзін аднаго, як і Я ўзлюбіў вас;

Ніхто не мае большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх.
 
ніхто не мае большай любові за тую, калі хто аддае жыццё сваё за сваіх сяброў.

Вы сябры Мае, калі робіце тое, што Я наказваю вам.
 
Вы —  сябры Мае, калі рабіць будзеце тое, што Я загадваю вам.

Я ўжо не называю вас слугамі, бо слуга не ведае, што робіць ягоны гаспадар. Я ж назваў сябрамі вас, бо ўсё, што чуў ад Айца Майго, Я сказаў вам.
 
Ужо Я вас не называю слугамі, бо слуга не ведае, што робіць гаспадар яго; а Я назваў вас сябрамі, бо ўсё, што ад Айца Майго пачуў, зрабіў вядомым вам.

Не вы Мяне выбралі, але Я выбраў вас і прызначыў, каб вы ішлі і прыносілі плён, і каб плён ваш трываў. Каб Айцец даў вам тое, чаго толькі папросіце ў імя Маё.
 
Не вы Мяне выбралі, але Я вас выбраў і паставіў вас, каб вы ішлі і прыносілі плод, ды каб ваш плод застаўся, і каб Айцец даў вам, пра што толькі будзеце прасіць Яго ў імя Маё.

Гэта наказваю вам, каб вы любілі адзін аднаго.
 
Гэта загадваю вам, каб вы любілі адзін аднаго.

Калі свет вас ненавідзіць, ведайце, што Мяне раней за вас зненавідзеў.
 
Калі вас свет ненавідзіць, ведайце, што і Мяне зненавідзеў раней за вас.

Калі б вы былі са свету, ён любіў бы вас, як сваё. А паколькі вы не са свету, бо Я выбраў вас са свету, таму свет ненавідзіць вас.
 
Каб вы былі са свету, свет любіў бы тое, што яго; але вы не са свету, бо Я вас выбраў са свету, таму вас свет ненавідзіць.

Памятайце слова, якое Я сказаў вам: слуга не большы за свайго гаспадара. Калі Мяне пераследавалі, то і вас будуць пераследаваць. Калі слова Маё захавалі, то і вашае захаваюць.
 
Памятайце Мае словы, якія Я вам сказаў: слуга не большы за гаспадара свайго. Калі Мяне пераследавалі, дык і вас пераследаваць будуць; а калі вы Маё слова збераглі, дык і вашае берагчы будуць.

Але ўсё гэта будуць рабіць вам з прычыны імя Майго, бо не ведаюць таго, хто паслаў Мяне.
 
А гэта ўсё зробяць вам дзеля імя Майго, бо не ведаюць Таго, Хто Мяне паслаў.

Калі б Ян не прыйшоў і не гаварыў з імі, не мелі б граху. Цяпер жа не маюць апраўдання за свой грэх.
 
Калі б Я не прыйшоў і не гаварыў ім, не мелі б граху, але цяпер не маюць апраўдання за свой грэх.

Хто ненавідзіць Мяне, той і Айца Майго ненавідзіць.
 
Хто Мяне ненавідзіць, ненавідзіць і Айца Майго.

Калі б Я не ўчыніў тых спраў, якіх не рабіў ніхто іншы, яны не мелі б граху. А цяпер яны бачылі і зненавідзелі Мяне і Айца Майго.
 
Калі б не рабіў спраў сярод іх, якіх не рабіў ніхто іншы, не мелі б граху; але ж цяпер і бачылі, і зненавідзелі Мяне і Айца Майго.

Але няхай збудзецца слова, напісанае ў іхнім Законе: “Зненавідзелі мяне без прычыны”.
 
Але, каб споўнілася слова, якое запісана ў іх законе: «Зненавідзелі Мяне без прычыны».

Калі прыйдзе Суцяшыцель, якога Я пашлю вам ад Айца, Дух праўды, які ад Айца паходзіць, Ён будзе сведчыць пра Мяне.
 
А калі прыйдзе Суцяшальнік, Якога Я вам пашлю ад Айца, Дух праўды, Які ад Айца паходзіць, Ён пра Мяне сведчыць будзе;

Але і вы сведчыце, бо вы ад пачатку са Мною.
 
але і вы сведчыць будзеце, бо вы ад пачатку са Мною.