Яна 16 разьдзел

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Чарняўскага 2003

 
 

Я сказаў вам гэта, каб вы не зняверыліся.
 
Гэта Я сказаў вам, каб вы не горшыліся.

Вас адлучаць ад сінагогі. Але прыходзіць час, калі кожны, хто заб’е вас, будзе думаць, што здзяйсняе пакланенне Богу.
 
Выключаць вас з сінагогаў; нават надыходзіць гадзіна, што кожны, хто забівае вас, будзе думаць, што паслугу Богу робіць.

І так будуць рабіць, бо не пазналі ні Айца, ні Мяне.
 
А ўчыняць гэта, бо не пазналі ані Айца, ані Мяне.

Але я сказаў вам гэта, каб вы, калі прыйдзе іхні час, згадалі тое, што Я сказаў вам. Я не казаў вам гэтага ад пачатку, бо Я быў з вамі.
 
Але гэта сказаў Я вам, каб, калі надыдзе іх гадзіна, успомнілі пра тое, што Я вам сказаў. Не сказаў Я вам гэтага спачатку, бо Я быў з вамі.

Цяпер Я адыходжу да таго, хто паслаў Мяне, і ніхто з вас не пытаецца ў Мяне: “Куды ідзеш?”
 
А цяпер іду да Таго, Хто Мяне паслаў, і ніхто з вас не пытаецца ў  Мяне: «Куды ідзеш?»

Але таму, што Я сказаў вам гэта, смутак напоўніў сэрца вашае.
 
Але, калі б Я вам сказаў гэта, смутак напоўніў бы вашае сэрца.

Аднак Я кажу вам праўду: лепш для вас, каб Я адышоў. Бо калі Я не адыду, Суцяшыцель не прыйдзе да вас. А калі адыду, пашлю Яго да вас.
 
Але Я вам кажу праўду: лепей для вас, каб Я пайшоў, бо, калі не адыду, Суцяшальнік не прыйдзе да вас; а калі адыду, пашлю Яго да вас.

Калі Ён прыйдзе, пераканае свет наконт граху, справядлівасці і суда.
 
І, калі Ён прыйдзе, дакажа свету пра грэх, пра справядлівасць і пра суд:

Наконт граху, бо не вераць у Мяне.
 
пра грэх, што не вераць у Мяне,

Наконт справядлівасці, бо іду да Айца, і вы ўжо не ўбачыце Мяне.
 
пра справядлівасць, што іду да Айца, ды ўжо Мяне не ўбачыце,

Наконт суда, бо князь гэтага свету ўжо асуджаны.
 
а пра суд, што князь гэтага свету ўжо асуджаны.

Яшчэ шмат чаго маю сказаць вам, але цяпер вам гэтага не знесці.
 
Многа яшчэ маю вам сказаць, але цяпер не можаце несці.

Калі ж прыйдзе Ён, Дух праўды, навучыць вас усёй праўдзе. Бо не ад сябе будзе прамаўляць, а будзе казаць вам тое, што пачуе, і будучыню абвесціць вам.
 
Але калі прыйдзе Ён, Дух праўды, то навучыць вас усякай праўдзе; бо не ад Сябе гаварыць будзе, але што толькі пачуе, тое скажа, ды, што мае быць, вам аб’явіць.

Ён уславіць Мяне, бо ад Майго возьме і абвесціць вам.
 
Ён праславіць Мяне, бо з Майго возьме і вам абвесціць.

Усё, што мае Айцец, гэта Маё. Таму Я сказаў вам, што з Майго возьме і абвесціць вам.
 
Усё, што мае Айцец, ёсць Маё. Таму сказаў вам, што з Майго возьме і вам абвесціць.

Яшчэ крыху і вы не ўбачыце Мяне, і хутка зноў убачыце Мяне».
 
Яшчэ крыху, і ўжо не ўбачыце Мяне, і потым яшчэ крыху, і ўбачыце Мяне.

Некаторыя з вучняў сказалі адзін аднаму: «Што гэта Ён кажа нам: “Яшчэ крыху і вы не ўбачыце Мяне, і хутка зноў убачыце Мяне,” і: “Я іду да Айца”?»
 
Дык некаторыя з вучняў гаварылі між сабой: «Што гэта значыць, што Ён нам кажа: «Яшчэ крыху, і ўжо не ўбачыце Мяне, і потым яшчэ крыху, і ўбачыце Мяне», і «Іду да Айца»?

Казалі таксама: «Што гэта значыць: “Яшчэ крыху”? Не ведаем, што Ён кажа».
 
Дык казалі: «Што значыць, што кажа: «Яшчэ крыху»? Не ведаем, што гаворыць».

А Езус пазнаў, што хацелі ў Яго спытаць, і сказаў ім: «Распытваецеся адзін у аднаго пра тое, што Я сказаў: “Яшчэ крыху і вы не ўбачыце Мяне, і хутка зноў убачыце Мяне?”
 
Зразумеў Ісус, што хочуць пытацца Яго, дык сказаў ім: «Пытаецеся адзін аднаго пра тое, што Я сказаў: «Яшчэ крыху, і ўжо не ўбачыце Мяне, і потым яшчэ крыху, і ўбачыце Мяне»?

Сапраўды, сапраўды кажу вам: вы будзеце плакаць і галасіць, а свет будзе радавацца. Вы будзеце смуткаваць, але смутак ваш абернецца ў радасць.
 
Сапраўды, сапраўды кажу вам, што вы будзеце плакаць і галасіць, а свет будзе весяліцца; вы сумаваць будзеце, але смутак ваш заменіцца ў радасць.

Жанчына, калі нараджае, смуткуе, бо прыйшла яе гадзіна. Калі ж народзіць дзіця, ужо не памятае з радасці пра боль, бо чалавек нарадзіўся на свет.
 
Жанчына, калі нараджае, замірае, бо надыходзіць яе гадзіна, а калі дзіця народзіць, ужо не памятае сваіх пакут з радасці, што чалавек на свет нарадзіўся.

Так і вы цяпер смуткуеце, але Я зноў убачу вас, і ўзрадуецца сэрца вашае, і радасці вашай ніхто не адбярэ ў вас.
 
Так і вы, цяпер заміраеце; але Я вас зноў убачу, і будзе радавацца сэрца вашае, і радасці вашай ніхто ўжо не адбярэ ад вас.

У той дзень вы ні пра што не будзеце ў Мяне пытацца. Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі чаго ў імя Маё папросіце ў Айца, дасць вам.
 
І ў той дзень ні пра што не будзеце ў Мяне пытацца. Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі пра што будзеце прасіць Айца ў імя Маё, дасць вам.

Дагэтуль вы нічога не прасілі ў імя Маё. Прасіце і атрымаеце, каб радасць вашая была поўнай.
 
Дасюль нічога не прасілі ў імя Маё. Прасіце і атрымаеце, каб радасць ваша была поўнай.

Гэта Я казаў вам у прыпавесцях. Надыходзіць час, калі ўжо не ў прыпавесцях буду казаць, а адкрыта абвяшчу вам пра Айца.
 
Гэта ўсё расказваў вам у прыпавесцях; прыходзіць гадзіна, што ўжо не ў прыпавесцях расказваць буду вам, але яўна абвяшчу вам пра Айца.

У той дзень будзеце прасіць у імя Маё. І не кажу, што Я буду прасіць Айца за вас.
 
У той дзень у імя Маё прасіць будзеце, і не кажу Я вам, што Я буду прасіць Айца за вас;

Сам Айцец любіць вас, бо вы Мяне палюбілі і паверылі, што Я выйшаў ад Бога.
 
бо Сам Айцец любіць вас, бо вы Мяне палюбілі ды ўверылі, што Я ад Бога выйшаў.

Я выйшаў ад Айца і прыйшоў у свет. Зноў пакідаю свет і іду да Айца».
 
Я выйшаў ад Айца і прыйшоў у свет, і зноў пакідаю свет і іду да Айца».

Вучні сказалі Езусу: «Вось цяпер Ты гаворыш адкрыта і не кажаш ніякай прыпавесці.
 
Кажуць Яму вучні Яго: «Вось цяпер адкрыта гаворыш ды ніякай прыпавесці не расказваеш.

Цяпер мы ведаем, што Ты ведаеш усё і не маеш патрэбы, каб нехта пытаўся ў Цябе. Таму верым, што Ты прыйшоў ад Бога».
 
Цяпер мы ведаем, што ўсё ведаеш і не трэба Табе, каб хто ў Цябе пытаўся; дзеля таго верым, што Ты ад Бога выйшаў».

Езус адказаў ім: «Цяпер верыце?
 
Адказаў ім Ісус: «Цяпер верыце?

Вось надыходзіць час і ўжо настаў, калі вы рассеецеся кожны ў свой бок і Мяне пакінеце аднаго. Але Я не адзін, бо Айцец са Мною.
 
Вось жа надыходзіць гадзіна, і ўжо надышла, калі расцярушыцеся кожны ў свой бок, а Мяне аднаго пакінеце; але Я не адзін, бо Айцец са Мной.

Гэта Я сказаў вам, каб вы мелі ўва Мне спакой. У свеце зведаеце ўціск, але будзьце адважнымі: Я перамог свет».
 
Гэта Я вам сказаў, каб вы мелі супакой ува Мне; на свеце будзеце мець пакуты, але будзьце пэўныя: Я перамог свет».