Яна 12 разьдзел

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Чарняўскага 2003

 
 

За шэсць дзён да Пасхі прыйшоў Езус у Бэтанію, дзе быў Лазар, якога Ён уваскрасіў.
 
А за шэсць дзён перад Пасхай прыйшоў Ісус у Бэтанію, дзе быў Лазар, якога Ісус падняў з мёртвых.

Таму прыгатавалі Яму там вячэру, і Марта прыслугоўвала, а Лазар сядзеў разам з Ім пры стале.
 
Дык прыгатавалі Яму там вячэру, і Марта паслугавала, а Лазар быў адным з тых, якія ўзлягалі з Ім пры стале.

Марыя ж узяла фунт міра з чыстага і вельмі каштоўнага нарду і намасціла ногі Езусу, і абцёрла сваімі валасамі ногі Ягоныя. А дом напоўніўся пахам міра.
 
Марыя ж узяла фунт каштоўнага алейку нардавага і намасціла ногі Ісусу, і абцёрла сваімі валасамі Яго ногі, а пах алейку напоўніў увесь дом.

Сказаў тады Юда Іскарыёт, адзін з вучняў Ягоных, які збіраўся выдаць Яго:
 
Кажа тады адзін з вучняў Яго, Юда Іскарыёт, які меўся Яго выдаць:

«Чаму не прадалі гэтага міра за трыста дынараў і не раздалі ўбогім?»
 
«Чаму не прадалі гэтага алейку за трыста дынараў і не раздалі ўбогім?»

А сказаў гэта не таму, што клапаціўся пра ўбогіх, а таму, што быў злодзеем і, маючы скарбонку, забіраў тое, што туды кідалі.
 
А сказаў гэта не таму, што дзеля ўбогіх цікавіўся ім, але таму, што быў злодзей ды, маючы [грашовы] капшук, насіў тое, што туды кідалі.

Сказаў яму Езус: «Пакінь яе, каб яна захавала гэта на дзень Майго пахавання.
 
Сказаў тады Ісус: «Не дакучайце ёй, бо яна ўчыняе гэта на дзень Майго пахавання.

Бо ўбогіх заўсёды маеце пры сабе, а Мяне не заўсёды маеце».
 
Убогіх пры сабе заўсёды маеце, а Мяне — не заўсёды».

Мноства народу з юдэяў, даведаўшыся, што там Езус, прыйшлі не толькі дзеля Езуса, але каб таксама ўбачыць Лазара, якога Ён уваскрасіў з мёртвых.
 
І шмат хто з Юдэяў даведаўся, што Ён там, і прыйшлі не толькі дзеля Ісуса, але і каб убачыць Лазара, якога Ён падняў з мёртвых.

Першасвятары ж пастанавілі забіць і Лазара,
 
Дык першасвятары пастанавілі забіць таксама Лазара,

бо многія з юдэяў адыходзілі ад іх і верылі ў Езуса.
 
бо многа Юдэяў адыходзіла ад іх дзеля яго і ўверыла ў Ісуса.

На другі дзень многія, хто прыйшоў на свята, пачуўшы, што Езус ідзе ў Ерузалем,
 
А назаўтра многія людзі, што прыйшлі на свята, калі пачулі, што Ісус ідзе ў Ерузалім,

узялі пальмавыя галінкі і выйшлі Яму насустрач, і ўсклікалі: «Гасанна! Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у Імя Пана, Кароль Ізраэля!»
 
назбіралі пальмавых галінак і выйшлі Яму насустрач, усклікаючы: «Гасана! Блаславёны, Хто прыходзіць у імя Госпада, Цар Юдэйскі».

А Езус знайшоў асляня і сеў на яго; як напісана:
 
Ісус жа знайшоў асляня і сеў на яго, як напісана:

«Не бойся, дачка Сіёна. Вось Кароль твой ідзе, седзячы на асляняці».
 
«Цешся радасна, дачка Сіёна! Вось жа, Валадар твой прыходзіць, седзячы на асляняці».

Вучні Ягоныя спачатку не зразумелі гэтага, але калі Езус быў услаўлены, тады ўзгадалі, што так было пра Яго напісана і так Яму зрабілі.
 
Спачатку вучні Яго не зразумелі гэтага, але, калі Ісус ўжо быў праслаўлены, тады яны прыпомнілі, што так было пра Яго напісана і так і здзейснілася з Ім.

Натоўп, які быў з Ім, сведчыў, што Ён паклікаў Лазара з магілы і ўваскрасіў яго.
 
Таксама сведчылі і людзі, што былі з Ім, калі выклікаў з магілы Лазара і падняў яго з мёртвых.

Таму народ і сустрэў Яго, бо пачуў, што Ён учыніў такі знак.
 
З гэтай прычыны выйшаў натоўп людзей Яму на спатканне, бо чулі, што Ён гэткі знак учыніў.

А фарысеі казалі адзін аднаму: «Бачыце, што нічога не дапамагае? Увесь свет пайшоў за Ім!»
 
Фарызеі ж казалі паміж сабою: «Бачыце, што ад вас нічога не залежыць? Вось, увесь свет пайшоў за Ім».

Былі некаторыя грэкі сярод тых, хто прыйшоў пакланіцца Богу на свята.
 
Між тымі, што прыбылі на дзень святочны, каб пакланіцца Богу, было таксама некалькі грэкаў;

Яны падышлі да Філіпа, які быў з Бэтсаіды Галілейскай, і прасілі яго, кажучы: «Пане, мы хочам убачыць Езуса».
 
яны вось звярнуліся да Піліпа, што быў з Бэтсайды Галілейскай, і прасілі яго, кажучы: «Гаспадару, хочам пабачыць Ісуса».

Прыйшоў Філіп і сказаў пра гэта Андрэю. Потым Андрэй і Філіп пайшлі і расказалі Езусу.
 
Дык Піліп ідзе і кажа Андрэю, а Андрэй і Піліп ідуць і кажуць Ісусу.

А Езус сказаў ім у адказ: «Настала гадзіна, каб быў услаўлены Сын Чалавечы.
 
А Ісус адказвае ім, кажучы: «Прыйшла гадзіна, каб праслаўлены быў Сын Чалавечы.

Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі пшанічнае зерне, упаўшы ў зямлю, не памрэ, то застанецца адно, а калі памрэ, то прынясе багаты плён.
 
Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі пшанічнае зерне, укінутае ў зямлю, не памрэ, дык застаецца адно; а калі памрэ, то прыносіць шмат пладоў.

Хто любіць жыццё сваё, загубіць яго, а той, хто ненавідзіць жыццё сваё на гэтым свеце, захавае яго для вечнага жыцця.
 
Хто любіць сваю душу, загубіць яе, а хто мае ў нянавісці сваю душу на гэтым свеце, зберажэ яе на жыццё вечнае.

Калі хто служыць Мне, няхай ідзе Маім шляхам; і дзе Я, там будзе і слуга Мой. І хто Мне служыць, таго ўшануе Айцец Мой.
 
Хто б хацеў Мне паслугаваць, хай ідзе за Мною, і дзе Я, там будзе і слуга Мой; калі хто Мне паслугуе, шануе яго Айцец.

Цяпер усхвалявана душа Мая; і што Мне сказаць? Ойча, захавай Мяне ад гэтай гадзіны. Але ж дзеля гэтай гадзіны Я і прыйшоў.
 
Цяпер стрывожылася душа Мая. Можа, Мне сказаць: Ойча, захавай Мяне ад гэтай гадзіны? Але ж Я прыйшоў дзеля гэтай гадзіны.

Ойча, услаў імя сваё!» І пачуўся з неба голас: «Уславіў і ўслаўлю зноў!»
 
Ойча, праслаў імя Тваё!» І азваўся голас з неба: «І праславіў, і яшчэ праслаўлю!»

Натоўп жа, які стаяў і чуў гэта, казаў: «Гэта гром». Іншыя казалі: «Анёл гаварыў з Ім».
 
А людзі, што стаялі і чулі, казалі, што загрымела; а іншыя казалі: «Анёл прамовіў да Яго».

Адказваючы, Езус сказаў: «Не дзеля Мяне быў гэты голас, але дзеля вас.
 
Адказаў Ісус і сказаў: «Не дзеля Мяне азваўся голас гэты, але дзеля вас.

Цяпер адбываецца суд над гэтым светам; цяпер князь гэтага свету будзе выкінуты вон.
 
Цяпер суд гэтаму свету, цяпер князя гэтага свету выганяць вон;

І Я, калі буду ўзняты над зямлёю, усіх прыцягну да сябе».
 
а Я, калі буду падняты над зямлёй, усіх пацягну да Сябе».

Казаў жа Ён гэта, прадказваючы, якою смерцю меў памерці.
 
А казаў гэта, вызначаючы, якою смерцю мае памерці.

Натоўп спытаўся ў Яго: «Мы чулі з Закону, што Месія трывае навекі. Дык чаму Ты кажаш, што павінен быць узвышаны Сын Чалавечы? Хто гэты Сын Чалавечы?»
 
Адказаў Яму натоўп: «Мы чулі з закону, што Хрыстос застаецца вечна; а як жа Ты кажаш: «Трэба, каб быў падняты Сын Чалавечы»? Хто гэты Сын Чалавечы?»

Тады Езус сказаў ім: «Яшчэ нядоўга будзе святло сярод вас. Хадзіце, пакуль маеце святло, каб цемра не агарнула вас. А хто ходзіць у цемры, не ведае, куды ідзе.
 
Сказаў ім тады Ісус: «Яшчэ толькі кароткі час будзе святло сярод вас; ідзіце, пакуль маеце святло, каб вас цемра не агарнула; бо хто ў цемры ходзіць, не ведае, куды ідзе.

Пакуль маеце святло, верце ў святло, каб стаць дзецьмі святла». Сказаўшы гэта, Езус адышоў і ўкрыўся ад іх.
 
Пакуль маеце святло, верце ў святло, каб былі вы сынамі святла». Гэта сказаў Ісус і адышоў, ды схаваўся ад іх.

Хоць Ён учыніў перад імі столькі знакаў, яны не паверылі ў Яго,
 
Ды хоць так многа знакаў учыніў перад імі, не верылі ў Яго,

каб збылося слова, сказанае прарокам Ісаем: «Пане, хто паверыў пачутаму ад нас? Каму адкрылася плячо Пана?»
 
каб споўніліся словы Ісаі прарока, які сказаў: «Госпадзе, хто ўверыў пачутаму ад нас, ды рука Госпада каму была аб’яўлена?»

Таму не маглі верыць, бо, як сказаў яшчэ Ісая:
 
Дзеля таго не змаглі ўверыць, бо як далей сказаў Ісая:

«Ён асляпіў вочы іх і зрабіў жорсткімі сэрцы іхнія, каб не бачылі вачыма і не разумелі сэрцам, і не навярнуліся, каб Я вылечыў іх».
 
«Засляпіў вочы іх і закамяніў сэрца іх, каб часам вачамі не ўбачылі ды сэрцам не зразумелі, і не навярнуліся, і Я не аздаравіў іх».

Гэта сказаў Ісая, бо бачыў славу Яго і казаў пра Яго.
 
Гэта сказаў Ісая, калі ўбачыў хвалу Яго і гаварыў пра Яго.

Аднак жа і са старэйшын шмат хто паверыў у Яго, але праз страх перад фарысеямі не прызнаваліся, каб не выключылі іх з сінагогі,
 
Усё ж такі многа з кіраўнікоў уверыла ў Яго, але са страху перад фарызеямі не прызнаваліся, каб іх не вылучылі з сінагогі;

бо яны больш любілі чалавечую славу, чым славу Божую.
 
бо славу людзей больш узлюбілі, чым славу Божую.

Езус усклікнуў і сказаў: «Хто верыць у Мяне, не ў Мяне верыць, а ў таго, хто паслаў Мяне.
 
А Ісус усклікнуў і сказаў: «Хто верыць у Мяне, не ў Мяне верыць, але ў Таго, Хто паслаў Мяне;

І хто бачыць Мяне, бачыць таго, хто паслаў Мяне.
 
 і хто Мяне бачыць, бачыць Таго, Хто паслаў Мяне.

Я, святло, прыйшоў на свет, каб кожны, хто верыць у Мяне, не заставаўся ў цемры.
 
Я святлом прыйшоў у свет, каб кожны, хто верыць у Мяне, не заставаўся ў цемры.

І калі хто пачуе словы Мае і не захавае іх, Я не суджу яго. Бо Я прыйшоў не судзіць свет, а збавіць свет.
 
І хто б слухаў словы Мае, а не збярог, Я яго не суджу, бо Я не прыйшоў, каб судзіць свет, але каб збавіць свет.

Хто пагарджае Мною і не прымае Маіх словаў, той мае сабе суддзю — слова, якое Я абвяшчаў, яно будзе судзіць яго ў апошні дзень.
 
Хто грэбуе Мною і не прымае слоў Маіх, той ўжо мае таго, хто будзе судзіць яго: слова, што Я сказаў, яно асудзіць яго ў апошні дзень;

Бо Я казаў не ад сябе, але Айцец, які паслаў Мяне, Ён даў Мне запаведзь, што казаць і што гаварыць.
 
бо Я не ад Самога Сябе гаварыў, але Айцец, Які Мяне паслаў, Ён Мне даў загад, што маю гаварыць і вясціць.

І Я ведаю, што запаведзь Ягоная — гэта жыццё вечнае. Таму тое, што Я кажу, кажу так, як сказаў Мне Айцец».
 
І Я ведаю, што загад Яго ёсць жыццё вечнае. І тое, што Я гавару, Я гавару так, як Мне сказаў Айцец».