Да Рымлянаў 6 разьдзел

Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Чарняўскага 2003

 
 

Што ж скажам? Ці маем заставацца ў граху, каб памножылася ласка?
 
Дык што скажам? Ці будзем трываць у граху, каб памнажалася ласка? Ніякім чынам!

Канешне, не! Мы, якія памерлі для граху, як жа будзем жыць у ім?
 
Бо калі мы памерлі для граху, дык як жа можам жыць у ім далей?

Ці ж не ведаеце, што ўсе мы, ахрышчаныя ў Езуса Хрыста, у смерць Ягоную ахрысціліся?
 
Ці ж вы не ведаеце, што мы ўсе, ахрышчаныя ў Ісуса Хрыста, ахрышчаныя ў смерць Яго?

Дык вось, праз хрост мы пахаваныя разам з Ім у смерць, каб, як Хрыстус уваскрос дзеля славы Айца, так і нам хадзіць у абноўленым жыцці.
 
Таму праз хрост мы разам з Ім пахаваныя ў смерць, каб як Хрыстос быў уваскрашоны з мёртвых славаю Айца, так і мы пачалі жыць абноўленым жыццём.

Бо калі мы паяднаныя з Ім падабенствам смерці Ягонай, то павінны быць паяднаныя і падабенствам уваскрасення,
 
Бо калі мы аб’яднаны з Ім падобнасцю Яго смерці, дык [будзем аб’яднаны падобнасцю] і ўваскрэсення.

ведаючы, што былы наш чалавек укрыжаваны з Ім для таго, каб было знішчана грэшнае цела, каб нам не быць ужо нявольнікамі граху;
 
Ведаем гэта, што для знішчэння грэшнага цела даўнейшы наш чалавек быў разам з Ім укрыжаваны на тое, каб мы больш не служылі граху.

бо той, хто памёр, вызваліўся ад граху.
 
Хто бо памёр, апраўдаўся ад граху.

Калі ж мы памерлі з Хрыстом, то верым, што і жыць будзем з Ім,
 
Калі ж мы памерлі разам з Хрыстом, дык верым, што разам з Ім і жыць будзем,

ведаючы, што Хрыстус, які ўваскрос, ужо не памірае, смерць ужо не мае над Ім улады.
 
ведаючы, што Хрыстос, уваскросшы з мёртвых, ужо не памірае, смерць над Ім не мае ўлады.

Бо тое, што Ён памёр, дык памёр раз і назаўсёды для граху, а што жыве, дык жыве для Бога.
 
Калі Ён памёр, дык памёр толькі раз для граху, а што жыве, то жыве для Бога.

Так і вы лічыце сябе мёртвымі для граху, а жывымі для Бога ў Хрысце Езусе.
 
Так і вы лічыце сябе памёршымі для граху, а жывымі для Бога ў Хрысце Ісусе.

Няхай грэх не пануе ў вашым смяротным целе, каб вам не служыць яму ў яго пажадлівасці,
 
Дык хай жа грэх не валадарыць у вашым смяротным целе, каб вам слухацца пажадлівасцей яго.

і не аддавайце члены вашыя граху, як зброю несправядлівасці, але аддайце сябе Богу як тыя, хто ажыў з мёртвых; і члены вашыя аддайце Богу, як зброю справядлівасці.
 
Не аддавайце граху члены вашыя як зброю несправядлівасці, але аддавайце сябе Богу як тыя, што пасля смерці ажылі, ды члены вашыя аддавайце Богу як зброю справядлівасці.

Няхай грэх не пануе над вамі, бо вы не пад Законам, але пад ласкаю.
 
Няхай грэх не пануе над вамі, бо вы не пад законам, але пад ласкаю.

Дык што ж? Будзем грашыць, бо мы не пад Законам, а пад ласкаю? Канешне, не!
 
Дык што ж? Будзем грашыць, бо мы не пад законам, але пад ласкай? Аніяк!

Няўжо вы не ведаеце, што каму вы аддаецеся ў няволю дзеля паслухмянасці і каго слухаеце, таго вы і нявольнікі: або граху дзеля смерці, або паслухмянасці дзеля справядлівасці?
 
Ці ж не ведаеце, што каму аддаяце сябе слугой на паслухмянасць, становіцеся таго слугамі, каму паслухмяныя: ці граху на смерць, ці паслухмянасці на справядлівасць.

Дзякуй Богу, што вы, будучы раней нявольнікамі граху, ад сэрца паслухаліся таго вучэння, якое было вам перададзена.
 
Дзякуй Богу, што вы, якія былі нявольнікамі граху, ад шчырага сэрца паслухаліся таго ладу навукі, у якую вы аддалі сябе.

А вызваліўшыся ад граху, вы сталі слугамі справядлівасці.
 
Вызваленыя ж ад граху, вы сталіся слугамі справядлівасці.

Кажу як чалавек з прычыны слабасці вашага цела. Як аддавалі вы члены вашыя на служэнне нячыстасці і беззаконню для беззаконня, так цяпер аддайце члены вашыя на служэнне справядлівасці для святасці.
 
Гавару, як прынята ў людзей, дзеля кволасці цела вашага. Як аддавалі вы члены вашыя на службу нячыстасці і нягоднасці на беззаконне, так аддавайце цяпер члены вашыя на службу справядлівасці на асвячэнне.

Калі вы былі нявольнікамі граху, вы былі свабоднымі ад справядлівасці.
 
Калі вы былі нявольнікамі граху, тады былі вы свабоднымі ад справядлівасці.

Якія ж плады мелі вы тады, што цяпер саромеецеся іх? Канцом жа іхнім ёсць смерць!
 
Які ж вы мелі плод тады з таго, чаго цяпер саромеецеся? Бо канец  іх — смерць!

Але цяпер, вызваліўшыся ад граху і стаўшы слугамі Бога, маеце плод ваш для святасці, а ў канцы — жыццё вечнае!
 
Цяпер жа, вызваленыя ад граху ды ўчыненыя слугамі Бога, маеце плод ваш на асвячэнне, а на канец — жыццё вечнае!

Бо расплата за грэх — смерць, а дар Бога — жыццё вечнае ў Хрысце Езусе, Пану нашым.
 
Бо плата за грэх — смерць, а дар Божы — жыццё вечнае ў Хрысце Ісусе, Госпадзе нашым.