Да Рымлянаў 4 разьдзел
Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Чарняўскага 2003
Што, скажам, знайшоў Абрагам, наш праайцец, паводле цела?
Дык што, скажам, здабыў наш прабацька Абрагам паводле цела?
Калі Абрагам апраўдаўся ўчынкамі, то мае чым хваліцца, але не перад Богам.
Бо калі Абрагам апраўданы з учынкаў, — мае славу, але не перад Богам.
Бо што кажа Пісанне? «Паверыў Абрагам Богу, і гэта залічылася яму як справядлівасць».
Бо што кажа Пісанне? «Паверыў Абрагам Богу, і залічана Абрагаму вера за справядлівасць».
Плата працаўніку залічваецца не з ласкі, але з абавязку.
Вось жа таму, хто працаваў, плата налічаецца не з ласкі, але з доўгу або павіннасці.
А таму, хто не працуе, але верыць у таго, хто апраўдвае бязбожнага, вера ягоная залічваецца як справядлівасць.
Таму, аднак, хто не працаваў, але верыць у Таго, Хто апраўдвае бязбожніка, яго вера залічаецца за справядлівасць.
Так і Давід называе шчаслівым чалавека, якому Бог залічвае справядлівасць незалежна ад учынкаў:
Так і Давід называе шчасным чалавека, якога Бог без заслугі залічае справядлівым:
«Шчаслівыя, каму беззаконне дараванае і чые грахі закрытыя;
«Шчасныя тыя, якім адпушчаны беззаконні ды якіх грахі закрытыя.
шчаслівы чалавек, якому Пан не залічыць граху».
Шчасны чалавек, якому Госпад не палічыць граху».
Ці гэтае шчасце датычыць абрэзаных, ці таксама неабрэзаных? Мы кажам, што «Абрагаму вера залічана як справядлівасць».
Дык ці гэта шчаснасць датычыцца абрэзаных, ці таксама і неабрэзаных? Мы кажам: «Залічана Абрагаму вера за справядлівасць».
Калі залічана? Пасля абразання ці да абразання? Не пасля абразання, але да абразання.
Калі была залічана: ці калі быў абрэзаны, ці ў неабрэзанасці? Не пасля абразання, але ў неабрэзанасці;
І знак абразання ён атрымаў, як пячаць справядлівасці праз веру, якую меў у неабразанні, так што ён стаўся айцом усіх веруючых у неабразанні, каб таксама ім была залічана справядлівасць,
і ён атрымаў знак абразання, як пячатку справядлівасці праз веру, якую меў яшчэ ў неабрэзанасці, каб стаўся ён бацькам усіх тых, хто верыць у неабрэзанасці, каб і ім была залічана справядлівасць,
і айцом абрэзаных, якія не толькі прынялі абразанне, але таксама ідуць па слядах веры айца нашага Абрагама, якую ён меў да абразання.
і бацькам не толькі тых абрэзаных, што прынялі абразанне, але і тых, якія ідуць слядамі той веры бацькі нашага Абрагама, якая была ў ім у неабрэзанасці.
Абяцанне Абрагаму і ягонаму патомству, што ён будзе спадкаемцам свету, было дадзена не праз Закон, але праз справядлівасць веры.
Бо не законам было дадзена Абрагаму і нашчадкам яго абяцанне, што ён стане спадкаемцам свету, але справядлівасцю веры.
Калі спадкаемцы тыя, што з Закону, то вера не мае значэння, і непатрэбнае абяцанне.
Бо калі спадкаемцы тыя, што з закону, дык вера пустая, і абяцанне без вартасці.
Бо Закон наклікае гнеў, а дзе няма Закону, няма і злачынства.
Бо закон выклікае гнеў, а дзе няма закону, там няма і злачынства.
Таму абяцанне — з веры, каб было справай ласкі, каб мела моц для ўсяго патомства. Не толькі для тых, хто абапіраецца на Закон, але і для тых, хто трымаецца веры Абрагама, які ёсць айцом усіх нас.
Таму [спадкаемцы] — па веры, каб з ласкі, каб абяцанне было надзейным для кожнага нашчадка, не толькі для таго аднаго, хто з закону, але і для таго, хто з веры Абрагама, — ён жа бацька ўсіх нас, —
Як напісана: «Я паставіў цябе айцом многіх народаў», — перад абліччам Бога, якому ён паверыў як таму, хто ажыўляе памерлых і кліча няіснае да існавання.
як напісана: «Устанавіў Я цябе бацькам многіх народаў», — перад Богам, Якому ён паверыў, як Таму, Які ажыўляе мёртвых і называе няіснае існым.
Ён насуперак надзеі паверыў з надзеяй, што стане айцом многіх народаў, паводле сказанага: «Такім будзе патомства тваё».
Ён насуперак надзеі паверыў надзеі стацца бацькам многіх народаў, як было сказана: «Такім будзе патомства тваё».
І не аслаб у веры, хоць лічыў сваё амаль стогадовае цела ўжо змярцвелым і ўлонне Сары мёртвым.
І, непахісны ў веры, ён не звярнуў увагі, што цела яго ўжо амярцвела, бо было яму каля ста гадоў, і нутро Сары таксама амярцвела.
Не засумняваўся ў абяцанні Божым, але ўмацаваўся ў веры, аддаючы хвалу Богу
І ў абяцанні Божым не засумняваўся ў бязвер’і, але ўмацаваўся вераю, аддаўшы славу Богу,
і будучы цалкам упэўненым, што Бог мае моц выканаць абяцанае.
і быў упэўнены, што Бог мае магутнасць і здзейсніць абяцанае.
Таму гэта і залічана яму як справядлівасць.
Таму гэта залічана было яму за справядлівасць.
Не толькі дзеля яго аднаго напісана, што залічана яму,
А гэта напісана не толькі дзеля яго аднаго, што залічана яму,
але таксама дзеля нас, бо залічыцца і нам, якія вераць у таго, хто ўваскрасіў з мёртвых Езуса, Пана нашага,
але і дзеля нас, бо будзе залічана і нам, веруючым у Таго, Хто ўваскрасіў Ісуса, Госпада нашага, з мёртвых,
які быў выдадзены за правіны нашыя і ўваскрос дзеля нашага апраўдання.
Які быў выданы за грахі нашыя і ўваскрос дзеля апраўдання нашага.