Мацьвея 20 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Дабравесця / «Спадчына»; Клышка

 
 

Валадарства Нябеснае падобнае да гаспадара дому, які выйшаў на світанні наняць работнікаў у свой вінаграднік.
 
Бо Нябеснае Царства падобнае да таго гаспадара, які выйшаў вельмі рана згадзіць работнікаў у свой вінаграднік.

Дамовіўшыся з работнікамі па дынары за дзень, ён паслаў іх у свой вінаграднік.
 
А ўмовіўшыся з работнікамі па дынарыю за дзень, паслаў іх у свой вінаграднік.

Пасля ён выйшаў каля трэцяй гадзіны і, убачыўшы іншых, якія стаялі на рынку без працы,
 
I, выйшаўшы каля трэцяй гадзіны, убачыў ён другіх, якія стаялі на рынку без работы.

сказаў ім: “Ідзіце і вы ў мой вінаграднік, а я справядліва заплачу вам”.
 
Ен і тым сказаў: ідзіце і вы ў вінаграднік, і, што будзе належаць, дам вам. Яны і адышлі.

Яны пайшлі. Зноў выйшаўшы каля шостай і дзевятай гадзіны, зрабіў тое самае.
 
Зноў выйшаўшы каля шостай і дзевятай гадзіны, ён зрабіў тое самае.

Выйшаўшы каля адзінаццатай гадзіны, ён знайшоў іншых, якія стаялі без працы, і сказаў ім: “Чаму вы стаіце тут цэлы дзень без працы?”
 
А выйшаўшы каля адзінаццатай гадзіны, знайшоў іншых, што стаялі без работы, і кажа ім: чаго стаіце вы тут цэлы дзень без работы?

Яны сказалі яму: “Нас ніхто не наняў”. Ён сказаў ім: “Ідзіце і вы ў вінаграднік”.
 
Яны кажуць яму: ніхто нас не наняў. Ен кажа ім: ідзіце і вы ў вінаграднік і, што будзе належаць, атрымаеце.

Калі ж настаў вечар, гаспадар вінаградніку сказаў свайму эканому: “Пакліч работнікаў і заплаці, пачаўшы з апошніх да першых”.
 
А калі надышоў вечар, кажа гаспадар вінаградніка свайму аканому: пакліч работнікаў і выдай ім плату, пачаўшы з апошніх і аж да першых.

І тыя, хто прыйшоў каля адзінаццатай гадзіны, атрымалі па дынары.
 
I нанятыя каля адзінаццатай гадзіны, прыйшоўшы, атрымалі па адным дынарыі.

Тыя, што прыйшлі першымі, думалі, што атрымаюць больш, але яны таксама атрымалі па дынары.
 
Нанятыя ж першымі, прыйшоўшы, думалі, што яны атрымаюць больш; але атрымалі і яны па дынарыі.

Узяўшы, яны пачалі наракаць на гаспадара дому,
 
I, атрымаўшы, пачалі наракаць на гаспадара,

кажучы: “Гэтыя апошнія працавалі адну гадзіну, і ты зраўняў іх з намі, якія перанеслі цяжкі дзень і спёку!”
 
Кажучы: гэтыя апошнія адну гадзіну прарабілі, а ты зраўняў іх з намі, а мы ж цярпелі цяжар дня і спёку.

У адказ ён сказаў аднаму з іх: “Дружа, я не крыўджу цябе. Хіба не аб дынары ты дамаўляўся са мною?
 
Ен жа сказаў аднаму з іх у адказ: дружа! не крыўджу я цябе; ці не за дынарый умовіўся ты са мною?

Вазьмі сваё і ідзі. Я ж хачу даць гэтаму апошняму так, як і табе.
 
Вазьмі сваё ды ідзі; я ж хачу і гэтаму даць, як табе.

Ці ж не дазволена мне рабіць са сваім тое, што хачу? Ці вока тваё зайздросціць, што я добры?”
 
Хіба нельга мне зрабіць са сваім, як я хачу? Ці тваё вока ліхое з-за таго, што я добры?

Гэтак апошнія будуць першымі, а першыя — апошнімі».
 
Так будуць апошнія першымі і першыя апошнімі. Бо шмат пакліканых, ды мала выбраных.

Калі Езус узыходзіў у Ерузалем, Ён узяў асобна дванаццаць вучняў і ў дарозе сказаў ім:
 
I Ісус, выпраўляючыся ў Іерусалім, узяў дванаццаць вучняў і на адзіноце ў дарозе сказаў ім:

«Вось, мы ўзыходзім у Ерузалем, і Сын Чалавечы будзе выдадзены першасвятарам і кніжнікам. Яны асудзяць Яго на смерць
 
Вось уваходзім мы ў Іерусалім, і Сын Чалавечы будзе выданы першасвятарам і кніжнікам; і асудзяць Яго на смерць,

і аддадуць Яго язычнікам на здзек, бічаванне і ўкрыжаванне, а на трэці дзень Ён уваскрэсне».
 
I выдадуць яго язычнікам на здзек, катаванне і ўкрыжаванне, але на трэці дзень Ен уваскрэсне.

Тады падышла да Яго маці сыноў Зэбэдэя са сваімі сынамі, пакланілася і прасіла Яго аб нечым.
 
Тады падышла да Яго маці сыноў Заведзеевых са сваімі сынамі, кланяючыся і нешта просячы ў Яго.

Ён жа сказаў ёй: «Чаго ты хочаш?» Яна адказала: «Скажы, каб гэтыя два сыны мае селі ў Тваім Валадарстве адзін праваруч, а другі леваруч Цябе».
 
Ен жа сказаў ёй: чаго ты хочаш? Яна кажа Яму: скажы, каб селі гэтыя мае два сыны адзін праваруч ад Цябе, а другі леваруч — у Тваім Царстве.

Езус сказаў у адказ: «Не ведаеце, аб чым просіце. Ці можаце піць келіх, які Я павінен піць?» Яны адказалі Яму: «Можам».
 
Ісус жа сказаў у адказ: не ведаеце, чаго просіце. Ці можаце піць чару, якую буду Я піць, і хрысціцца хрышчэннем, якім Я хрышчуся? Яны кажуць Яму: можам.

Тады Ён сказаў ім: «Келіх Мой будзеце піць, але даць сесці праваруч ці леваруч Мяне, не ад Мяне залежыць, а каму падрыхтавана Айцом Маім».
 
Тады Ен кажа ім: піць Маю чару будзеце і хрышчэннем, якім Я хрышчуся, будзеце ахрышчаны, але сядзець праваруч ад Мяне і леваруч ад Мяне — не Я даю, але каму прызначана ад Бацькі Майго.

І, пачуўшы, дзесяць вучняў абурыліся на двух братоў.
 
I, пачуўшы, дзесяцёра абурыліся на двух братоў.

А Езус, паклікаўшы іх, сказаў: «Вы ведаеце, што кіраўнікі народаў пануюць над імі, і вяльможы маюць уладу над імі.
 
Ісус жа, паклікаўшы іх, сказаў: вы ведаеце, што князі народаў пануюць над імі, а вяльможы твораць самачынствы.

Але не так няхай будзе сярод вас: хто хоча быць большым сярод вас, няхай будзе вам слугою;
 
Ды не гэтак будзе ў вас, але хто хоча зрабіцца вялікім між вас, няхай ён будзе вам слугою;

і хто хоча сярод вас быць першым, няхай будзе вашым нявольнікам.
 
А хто з вас хоча быць першым, няхай ён будзе вам раб;

Бо Сын Чалавечы не для таго прыйшоў, каб Яму служылі, але каб служыць і аддаць жыццё сваё для адкуплення многіх».
 
Як і Сын Чалавечы прыйшоў не дзеля таго, каб Яму служылі, а каб служыць і аддаць Сваё жыццё ў выкуп за многіх.

Калі яны выходзілі з Ерыхона, за Ім ішоў вялікі натоўп.
 
I калі выходзілі яны з Іерыхона, пайшло ўслед за Ім шмат народу.

І вось, двое сляпых, што сядзелі пры дарозе, пачуўшы, што праходзіць Езус, пачалі крычаць: «Змілуйся над намі, Пане, Сыне Давіда!»
 
I вось два сляпыя, што сядзелі пры дарозе, пачуўшы, што праходзіць Ісус, пачалі крычаць, просячы: злітуйся над намі, Госпадзе, Сыне Давідаў!

Народ жа прымушаў іх змоўкнуць, але яны крычалі яшчэ мацней: «Змілуйся на намі, Пане, Сыне Давіда!»
 
Але народ дамагаўся, каб яны маўчалі; але тыя яшчэ больш крычалі, просячы: злітуйся над намі, Госпадзе, Сыне Давідаў!

Езус спыніўся, паклікаў іх і сказаў: «Што хочаце, каб Я зрабіў вам?»
 
I Ісус, прыпыніўшыся, паклікаў іх, кажучы: што хочаце, каб Я вам зрабіў?

Яны адказалі Яму: «Пане, каб адкрыліся вочы нашы».
 
Яны кажуць Яму: Госпадзе! каб адкрыліся нашы вочы.

Езус, злітаваўшыся, дакрануўся да вачэй іхніх, і адразу яны пачалі бачыць, і пайшлі за Ім.
 
I, злітаваўшыся, Ісус дакрануўся да іх вачэй, і тут жа пачалі бачыць іх вочы, і яны пайшлі ўслед за Ім.