Мацьвея 7 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Дабравесця / «Спадчына»; Клышка

 
 

Не судзіце, каб вас не судзілі.
 
Не судзіце, каб і вас не судзілі.

Бо якім судом вы судзіце, такім і вас асудзяць, і якой мераю мераеце, такой і вам будзе адмерана.
 
Бо якім судом судзіце, такім і вас асудзяць; і якою мерай мераеце, такою вам адмераюць.

Чаму бачыш шчэпку ў воку брата свайго, а бервяна ў сваім воку не заўважаеш?
 
Што ж ты бачыш парушынку ў воку брата свайго, а калоды ў сваім воку не заўважаеш?

Або, як скажаш брату свайму: “Дазволь мне выняць шчэпку з вока твайго”, калі ў тваім воку бервяно?
 
Або, як скажаш ты брату свайму: «давай выму парушынку з твайго вока»; а вось у тваім воку, — калода?

Крывадушнік, спачатку вымі бервяно са свайго вока і тады ўбачыш, як выняць шчэпку з вока твайго брата.
 
Крывадушнік, дастань спярша калоду са свайго вока, а тады ўбачыш, як выняць парушынку з вока брата твайго.

Не давайце сабакам таго, што святое, і не кідайце пярлінаў вашых перад свіннямі, каб яны не патапталі іх сваімі нагамі ды, вярнуўшыся, не разарвалі вас.
 
Не давайце святога сабакам і не рассыпайце сваіх перлаў перад свіннямі, каб не патапталі яны іх сваімі нагамі і, павярнуўшыся, не разарвалі вас.

Прасіце, і будзе дадзена вам; шукайце, і знойдзеце; стукайце, і адчыняць вам.
 
Прасіце і дадуць вам; шукайце і знойдзеце; стукайце і адчыняць вам;

Бо кожны, хто просіць, атрымлівае; і хто шукае, знаходзіць; і хто стукае, таму будзе адчынена.
 
Бо кожны, хто просіць, атрымлівае, а хто шукае, знаходзіць, а таму, хто стукае, адчыняць.

Ці ёсць сярод вас чалавек, які, калі сын ягоны папросіць у яго хлеба, дасць яму камень?
 
Або, ці ёсць між вас чалавек, у якога б яго сын папрасіў хлеба, а ён падасць яму камень?

Або калі папросіць у яго рыбы, дасць яму змяю?
 
Або папрасіў бы рыбы, а ён падасць яму змяю?

Калі ж вы, будучы ліхімі, ведаеце, як даваць дзецям вашым добрыя дары, тым больш Айцец ваш, які ў нябёсах, дасць добрае тым, хто просіць у Яго.
 
Дык калі вы, хоць ліхія самі, можаце даваць добрыя дары сваім дзецям, — наколькі болей ваш Бацька, што ў нябёсах, дасць добрых дароў тым, што просяць у Яго?

Усё, што хочаце, каб рабілі вам людзі, і вы ім рабіце, бо ў гэтым Закон і Прарокі.
 
Дык вось усё, што вы хочаце, каб рабілі вам людзі, тое і вы рабіце ім; бо гэтакі закон і прарокі.

Уваходзьце праз вузкую браму, бо шырокая брама і прасторная дарога вядуць да згубы, і многія ўваходзяць праз яе!
 
Уваходзьце праз цесныя вароты; бо шырокія вароты і прасторная тая дарога, што вядзе да пагібелі, і шмат хто ідзе ёю.

А вузкая брама і вузкая дарога вядуць у жыццё, але нямногія знаходзяць яе.
 
Бо цесныя вароты і вузкая дарога, што вядзе ў жыццё, і мала ёсць тых, хто знаходзіць яе.

Асцерагайцеся фальшывых прарокаў, якія прыходзяць да вас у авечай вопратцы, а ў сярэдзіне — ваўкі драпежныя.
 
Сцеражыцеся ж фалыпывых прарокаў, што прыходзяць да вас у авечым адзенні, а ўсярэдзіне, — драпежныя ваўкі.

Па іхніх пладах пазнаеце іх. Ці збіраюць з цярноўніку вінаград або з асоту смоквы?
 
Па іх пладах пазнаеце іх: ці збіраюць з цёрну вінаградныя гронкі альбо з дзядоўніку фігі?

Так кожнае добрае дрэва родзіць добрыя плады, а дрэннае дрэва родзіць дрэнныя плады.
 
Гэтак кожнае добрае дрэва родзіць гожыя плады; а нягоднае дрэва родзіць благія плады.

Не можа добрае дрэва радзіць дрэнныя плады, а дрэва дрэннае радзіць добрыя плады.
 
Не можа добрае дрэва радзіць благіх пладоў ні дрэва нягоднае радзіць гожых пладоў.

Кожнае дрэва, якое не родзіць добрага плоду, ссякаюць і кідаюць у агонь.
 
Кожнае дрэва, якое не родзіць гожых пладоў, высякаюць і кідаюць у агонь.

Таму па пладах іхніх пазнаеце іх.
 
Значыцца: па іх пладах пазнаеце іх.

Не кожны, хто кажа Мне: “Пане, Пане”, увойдзе ў Нябеснае Валадарства, але той, хто выконвае волю Айца Майго, які ў нябёсах.
 
Не кожны, што Мне кажа: «Госпадзе! Госпадзе!», увойдзе ў Нябеснае Царства; але той, хто выконвае волю Бацькі Майго, што ў нябёсах,

Многія скажуць Мне ў той дзень: “Пане, Пане, ці не ад Твайго імя мы прарочылі, і ці не Тваім імем выганялі злых духаў, і ці не Тваім імем многія цуды чынілі?”
 
Шмат хто скажа Мне ў той дзень: «Госпадзе! Госпадзе! ці ж не ад Твайго імя мы прарочылі? і ці не Тваім імем выганялі дэманаў? і ці не Тваім імем шмат якія цуды рабілі?»

І тады скажу ім: “Я ніколі не ведаў вас, адыдзіце ад Мяне вы, што чыніце беззаконне”.
 
I тады аб’яўлю ім: «Я ніколі не ведаў вас; адыдзіце ад Мяне вы, што чыніце беззаконне».

Таму кожны, хто слухае гэтыя словы Мае і выконвае іх, будзе падобны да чалавека разумнага, які пабудаваў свой дом на скале.
 
Дык кожнага, што слухае гэтыя Мае словы і выконвае іх, параўнаю з разважным чалавекам, што збудаваў свой дом на камені:

Пайшоў дождж, разліліся рэкі, падзьмулі вятры і ўдарылі ў дом той, а ён не ўпаў, бо пастаўлены быў на скале.
 
I пайшоў дождж, і разліліся рэкі, і падзьмулі вятры і накінуліся на той дом; ды ён не ўпаў; бо быў ён пастаўлены на камені.

Кожны, хто слухае гэтыя словы Мае і не выконвае іх, будзе падобны да неразумнага чалавека, які пабудаваў свой дом на пяску.
 
А кожнага, хто слухае гэтыя Мае словы, ды не выконвае іх, параўнаю з неразважным чалавекам, які збудаваў свой дом на пяску:

Пайшоў дождж, разліліся рэкі, падзьмулі вятры і ўдарылі ў дом той; і ён упаў, і падзенне яго было вялікае».
 
I пайшоў дождж, і разліліся рэкі, і падзьмулі вятры і наляглі на той дом, і ён упаў; і руйнаванне яго было вялікае.

Калі Езус скончыў гаварыць, здзіўляліся людзі вучэнню Ягонаму,
 
I калі Ісус закончыў гэтыя словы, народ быў уражаны Яго навукаю;

бо Ён вучыў іх як той, хто мае ўладу, а не як кніжнікі.
 
Бо Ён вучыў яго як паўнамоцны, а не як тыя кніжнікі.