Мацьвея 6 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Дабравесця / «Спадчына»; Клышка

 
 

Глядзіце, не чыніце справядлівасці вашай перад людзьмі, каб яны бачылі. Інакш не атрымаеце ўзнагароды ад Айца вашага, які ў нябёсах.
 
Асцерагайцеся даваць міласціну сваю перад людзьмі, каб яны бачылі; а як не, то не будзеце мець узнагароды ад вашага Бацькі, што ў нябёсах.

Калі даеш міласціну, не трубі перад сабою, як робяць крывадушнікі ў сінагогах і на вуліцах, каб людзі хвалілі іх. Сапраўды кажу вам: яны атрымліваюць сваю ўзнагароду.
 
Дык вось, калі даеш міласціну, не трубі перад сабою, як крывадушнікі робяць у сінагогах і на скрыжаваннях, каб хвалілі іх людзі. Папраўдзе кажу вам: яны ўжо атрымліваюць сваю ўзнагароду.

Калі даеш міласціну, няхай не ведае твая левая рука, што робіць правіца твая,
 
У цябе ж, калі даеш міласціну, няхай твая левая рука не ведае, што робіць твая правая рука;

каб міласціна твая была патаемнай. А твой Айцец, які бачыць патаемнае, аддасць табе.
 
Каб твая міласціна была ў таямніцы; і твой Бацька, што бачыць у таямніцы, аддасць табе адкрыта.

І калі молішся, не будзь, як крывадушнікі. Бо яны любяць маліцца, стоячы ў сінагогах і на рагах вуліц, каб паказацца перад людзьмі. Сапраўды кажу вам: яны атрымліваюць сваю ўзнагароду.
 
I калі молішся, не будзь, як крывадушнікі, што любяць у сінагогах і на рагах вуліц стоячы маліцца, каб паказаць сябе людзям; папраўдзе кажу вам, што яны ўжо атрымліваюць сваю ўзнагароду.

Ты, калі молішся, увайдзі ў пакой свой і, зачыніўшы дзверы, маліся да Айца твайго, які ў таемнасці. А твой Айцец, які бачыць патаемнае, аддасць табе.
 
А ты, калі молішся, увайдзі ў сваю каморку і, зачыніўшы дзверы свае, маліся Бацьку свайму, што ў таямніцы; і Бацька твой, што бачыць у таямніцы, аддасць табе адкрыта.

Калі моліцеся, не гаварыце шмат, як язычнікі, бо яны думаюць, што ў мнагаслоўі сваім будуць пачутыя.
 
А молячыся, не кажыце шмат, як язычнікі, бо яны думаюць, што ў шматслоўі сваім будуць пачутыя.

Не будзьце ж падобнымі да іх, бо ведае Айцец ваш, у чым вы маеце патрэбу, раней, чым вы папросіце ў Яго.
 
Дык не будзьце падобныя да іх; бо ведае Бацька ваш, у чым вы маеце патрэбу, перш чым вы ў Яго папросіце.

Таму вы так маліцеся:Ойча наш, каторы ёсць у небе,свяціся імя Тваё,
 
Вы ж маліцеся так: Ойча наш, які ў нябёсах! Няхай будзе ў святасці імя Тваё;

прыйдзі Валадарства Тваё,будзь воля Твая,як у небе, так і на зямлі.
 
Няхай прыйдзе Царства Тваё; няхай будзе воля Твая як у небе, так і на зямлі;

Хлеба нашага штодзённага дай нам сёння
 
Хлеба нашага штодзённага дай нам сёння;

і адпусці нам правіны нашы,як і мы адпускаем вінаватым нашым.
 
I даруй нам нашы правіны, як і мы даруем нашым вінаваўцам;

І не ўводзь нас у спакусу,але збаў нас ад злога.
 
I не дапусці нас да спакусы, але засцеражы нас ад ліхога. Бо Тваё ёсць Царства, і сіла, і слава навекі. Амін.

Калі вы будзеце адпускаць людзям правіны іхнія, то Айцец ваш Нябесны адпусціць і вам.
 
Бо калі вы даруеце людзям іх правіны, даруе і вам Бацька ваш Нябесны

А калі не будзеце адпускаць людзям, то і Айцец ваш не адпусціць вам правінаў вашых.
 
А калі вы не даруеце людзям іх правінаў, то і Бацька ваш не даруе вашых правінаў.

Калі посціце, не будзьце панурымі, як крывадушнікі. Бо яны закрываюць свае твары, каб людзі бачылі, што яны посцяць. Сапраўды кажу вам: яны атрымліваюць сваю ўзнагароду.
 
А калі вы посціце, не рабіцеся, як крывадушнікі, панурыя; бо яны змяняюць твары свае, каб паказаць людзям, што посцяць. Папраўдзе кажу вам, што яны ўжо атрымліваюць сваю ўзнагароду.

Ты, калі посціш, намасці галаву сваю і абмый свой твар,
 
А ты, калі посціш, памаж галаву сваю і памый свой твар;

каб паказаць, што посціш, не людзям, але Айцу твайму, які ў таемнасці. А твой Айцец, які бачыць патаемнае, аддасць табе.
 
Каб паказаць, што ты посціш, не людзям, а Бацьку свайму, што ў таямніцы; і твой Бацька, які бачыць у таямніцы, аддасць табе адкрыта.

Не збірайце сабе скарбаў на зямлі, дзе моль і ржа знішчаюць і дзе злодзеі падкопваюцца і крадуць.
 
Не збірайце сабе скарбаў на зямлі, дзе моль і ржа есць і дзе зладзеі падкопваюць і крадуць;

Збірайце сабе скарбы ў небе, дзе ні моль, ні ржа не знішчаюць і дзе злодзеі не падкопваюцца і не крадуць.
 
А збірайце сабе скарбы на небе, дзе ні моль, ні ржа не есць і дзе зладзеі не падкопваюць і не крадуць.

Бо дзе скарб твой, там будзе і сэрца тваё.
 
Бо дзе скарб ваш, там будзе і сэрца ваша.

Светачам цела ёсць вока. Калі ж вока тваё чыстае, то ўсё цела тваё будзе светлае.
 
Светач цела ёсць вока; дык вось, калі тваё вока чыстае, усё цела будзе ў святле;

Калі ж вока тваё дрэннае, то ўсё цела тваё будзе цёмнае. Калі ж святло, якое ў табе, з’яўляецца цемрай, то якая ж цемра!
 
Калі ж тваё вока было б ліхое, усё тваё цела будзе ў цемры. Калі ж святло, што ў табе, — цемра, то якая вялікая сама цемра?

Ніхто не можа служыць двум гаспадарам. Бо ці аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць; ці аднаго будзе трымацца, а другім пагарджаць. Не можаце служыць Богу і мамоне.
 
Ніхто не можа служыць двум панам: або аднаго будзе ненавідзець, а другога, — любіць, або аднаму будзе адданы, а другім будзе пагарджаць. Не можаце служыць Богу і мамоне

Таму кажу вам: не турбуйцеся аб жыцці вашым, што есці і што піць, ні аб целе вашым, у што апрануцца. Ці ж не большае жыццё за ежу, а цела — за вопратку?
 
Дзеля гэтага кажу вам: не турбуйцеся пра сваё жыццё, што есці і што піць, ні пра ваша цела, у што адзецца. Хіба жыццё не больш важнае за яду, а цела за адзенне?

Паглядзіце на птушак нябесных: яны ні сеюць, ні жнуць, ні збіраюць у засекі, і Айцец ваш Нябесны корміць іх. Ці ж вы не больш вартыя за іх?
 
Паглядзіце на птушак нябесных, што не сеюць, не жнуць, не збіраюць у свірны, а Бацька ваш Нябесны жывіць іх. Хіба вы не нашмат лепшыя за іх?

І хто з вас, турбуючыся, можа дадаць да свайго росту хоць адзін локаць?
 
Хто ж з вас, турбуючыся, можа прыбавіць сабе росту на адзін локаць?

І аб вопратцы навошта турбуецеся? Паглядзіце на палявыя лілеі, як яны растуць: ні працуюць, ні прадуць.
 
I пра адзенне што турбуецеся? Паглядзіце на палявыя лілеі, як растуць: ні працуюць, ні прадуць;

Кажу вам, што нават Саламон ва ўсёй славе сваёй не апранаўся так, як адна з іх.
 
Кажу ж вам, што і Саламон ва ўсёй сваёй славе не адзяваўся так, як кожная з іх.

Калі ж палявую траву, якая сёння ёсць, а заўтра будзе кінута ў печ, Бог так апранае, ці не намнога больш вас, малаверныя?
 
Калі ж палявую траву, што ёсць сёння, а заўтра будзе кінутая ў печ, Бог так прыбірае, то ці ж не тым болей вас, малаверныя?

Таму не турбуйцеся і не кажыце: “Што нам есці?” або: “Што піць?”, або: “У што апрануцца?”
 
Дык вось не турбуйцеся і не кажыце: «што мы будзем есці?», або: «што мы будзем піць?», або: «у што мы адзенемся?»

Бо ўсяго гэтага шукаюць язычнікі. А ваш Нябесны Айцец ведае, што вы маеце патрэбу ва ўсім гэтым.
 
Бо ўсяго гэтага шукаюць язычнікі; дый Бацька ваш Нябесны ведае, што вы маеце патрэбу ва ўсім гэтым.

Шукайце найперш Валадарства Божага і справядлівасці ягонай, а гэта ўсё дадасца вам.
 
Шукайце ж перш Царства Божае і Яго справядлівасць, і ўсё гэта прыкладзецца вам.

Таму не турбуйцеся аб заўтрашнім дні, бо заўтрашні дзень патурбуецца сам за сябе. Хопіць кожнаму дню свайго клопату.
 
Дык вось, не турбуйцеся пра заўтра: бо заўтрашні дзень патурбуецца пра сваё. Даволі для кожнага дня свайго ліха.