Якава 5 разьдзел
Пасланьне Якава
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Дабравесця / «Спадчына»; Клышка
Вось цяпер вы, багатыя, заплачце і загаласіце над вашымі няшчасцямі, што прыходзяць да вас.
Багацце вашае згніло, і вопратку вашую патачыла моль.
Золата ваша і срэбра паржавела, ржа іх засведчыць супраць вас і з’есць вашыя целы, як агонь. Вы сабралі скарб у апошнія дні.
Вось кліча плата, якую вы затрымалі працаўнікам, што жалі вашыя палеткі, і крык жняцоў дайшоў да вушэй Пана Магуццяў.
Вы жылі на зямлі ў распусце і раскошы, вы насыцілі сэрцы вашыя ў дзень забою.
Вы асудзілі і забілі справядлівага. Ён не супраціўляўся вам.
Цярплівымі будзьце, браты, ажно да прыйсця Пана. Вось земляроб чакае каштоўнага плоду зямлі і дзеля яго доўга церпіць, пакуль не атрымае плод, ранні і позні.
Будзьце цярплівыя і вы, умацуйце вашыя сэрцы, бо набліжаецца прыйсце Пана.
Не наракайце, браты, адзін на аднаго, каб не быць асуджанымі; вось Суддзя стаіць пры дзвярах.
За прыклад вытрываласці і цярплівасці, браты, вазьміце прарокаў, якія прамаўлялі ад імя Пана.
Вось, мы называем шчаслівымі тых, хто выцерпеў. Вы чулі пра цярплівасць Ёва і бачылі яго канчатковую ўзнагароду ад Пана, бо Пан шматміласцівы і літасцівы.
Але перадусім, браты мае, не кляніцеся ні небам, ні зямлёю ці якою іншаю клятваю. Няхай жа ваша «так» будзе «так», а ваша «не» будзе «не», каб вам не патрапіць пад суд.
Нехта сярод вас пакутуе? Няхай моліцца. Нехта радасны? Няхай спявае.
Нехта сярод вас хварэе? Няхай пакліча прэзбітэраў Касцёла, а яны няхай памоляцца над ім і намасцяць яго алеем у імя Пана.
Малітва веры ўратуе хворага, і Пан падыме яго, а грахі, якія ўчыніў, будуць адпушчаны яму.
Прызнавайцеся адзін аднаму ў грахах і маліцеся адзін за аднаго, каб быць аздароўленымі; бо шмат можа шчырая малітва справядлівага.
Ілля быў чалавекам, падобным да нас. Ён памаліўся моцна, каб не было дажджу, і не было дажджу на зямлі тры гады і шэсць месяцаў.
Пасля памаліўся зноў, і неба спаслала дождж, а зямля дала свой плён.
Браты мае, калі хто з вас збочыў са шляху праўды, а нехта вярнуў яго,
няхай ведае: хто вярнуў грэшніка з яго аблуднага шляху, збавіць душу ягоную ад смерці і закрые мноства грахоў.