3 Яна 1 разьдзел

Трэйцяе пасланьне Яна
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Вацлава Ластоўскага

 
 

Старэйшына — умілаванаму Гаю, якога я люблю ў праўдзе.
 

Умілаваны, малюся, каб ты быў здаровы і каб ва ўсім шчасціла табе, як шчасціць тваёй душы.
 

Я вельмі ўзрадаваўся, калі прыйшлі браты і засведчылі пра тваю праўду і што ты паступаеш па праўдзе.
 

Для мяне няма большай радасці, як чуць, што мае дзеці жывуць у праўдзе.
 

Умілаваны, ты паступаеш згодна з вераю ў тым, што робіш для братоў і чужаземцаў.
 

Яны засведчылі перад Касцёлам пра тваю любоў. Калі адправіш іх па-Божаму, добра зробіш.
 

Бо дзеля імя Хрыстовага яны пайшлі, нічога не беручы ад язычнікаў.
 

Таму мы павінны прымаць такіх людзей, каб стаць супрацоўнікамі праўды.
 

Я напісаў ужо Касцёлу, але Дыятрэф, што любіць першынство сярод іх, не прымае нас.
 

Таму, калі прыйду, узгадаю яго ўчынкі, якія робіць, зласловячы нас. Не задавольваючыся гэтым, і сам не прымае братоў, і забараняе тым, хто хоча прымаць, ды выганяе іх з Касцёла.
 

Умілаваны, не наследуй зло, але дабро. Хто чыніць дабро, той ад Бога, а хто чыніць зло, той не бачыў Бога.
 

Пра Дэметрыя ўсе сведчаць, нават сама праўда. І мы сведчым, а ты ведаеш, што сведчанне нашае праўдзівае.
 

Пра многае меў напісаць табе, але не хацеў пісаць атрамантам і пяром,
 

бо спадзяюся хутка ўбачыць цябе і паразмаўляць з табою.
 

Спакой табе. Вітаюць цябе сябры. І ты прывітай сяброў пайменна.