Дзеі 20 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Сабілы і Малахава

 
 

Калі сунялося хваляванне, Павел склікаў вучняў і, падбадзёрыўшы іх, развітаўся з імі ды адправіўся ў Македонію.
 
Калі ж бунт суцíшыўся, Паўла, паклікаўшы вучняў і разьвітаўшыся, выйшаў ісьці ў Македоню.

Прайшоўшы праз гэтыя мясціны і заахвоціўшы многімі словамі, прыйшоў у Грэцыю.
 
Прайшоўшы ж гэныя мясьціны і многімі словамі навучыўшы іх прыйшоў у Грэцыю.

Прабыў ён там тры месяцы. Калі захацеў адплысці ў Сірыю, юдэі ўчынілі супраць яго змову, таму ён вырашыў вяртацца праз Македонію.
 
Прабыў (ён там) тры месяцы. І жыды ўчынілі супраць яго змову. Ён, жадаючы адправіцца ў Сірыю, надумаў вярнуцца праз Македоню.

Яго суправаджалі Сапатэр, сын Піра, з Бэрэі, Арыстарх і Сэкунд з тэсаланікійцаў, а таксама Гай з Дэрбэ і Цімафей, Тыхік і Трафім з Азіі.
 
Суправаджаў жа яго аж да Азіі Сапатр бярыец, (із) тэссалонцаў Арыстарх і Сэкунд; і Гай дэрбянін і Цімахвей; азійцы ж Тыхік і Трахім.

Яны пайшлі наперад і чакалі нас у Траадзе.
 
Гэтыя, апярэдзіўшы, чакалі нас у Троадзе.

А мы адплылі з Філіпаў пасля свята Праснакоў і праз пяць дзён прыбылі адтуль у Трааду, дзе правялі сем дзён.
 
Мы ж адплылí пасьля дзён праснакоў із Піліппаў і прыбылí да іх у Троаду цераз пяць дзён, дзе прабылí сем дзён.

У першы дзень пасля шабату, калі мы сабраліся на ламанне хлеба, Павел прамовіў да іх, бо збіраўся зранку адысці, і зацягнуў сваю прамову да поўначы.
 
У першы ж дзень тыдня, калі вучні сабра́ліся на ламаньне хлеба, Паўла гутарыў зь імі. Манючыся назаўтрае адправіцца, (ён) доўжыў слова да паўночы.

У святліцы, дзе мы сабраліся, было шмат свяцільнікаў.
 
А ў верхнім пакоі, дзе (яны) былі сабраны, было дастаткова сьветачаў.

Адзін юнак, па імені Эўтых, які сядзеў на акне, глыбока заснуў, калі Павел доўга гаварыў. Урэшце, змораны сном, ён зваліўся з трэцяга паверху, і яго паднялі мёртвым.
 
І нейкі юнак імем Яўціх седзячы на вакне моцна заснуў, як Паўла прамаўляў доўга, змораны сном, зваліўся з трэйцяга паверху ўніз, і быў падняты мёртвым.

Павел, спусціўшыся, прытуліў яго і сказаў: «Не трывожцеся, бо душа яго ў ім!»
 
Паўла, сыйшоўшы (уніз), прыпаў да яго і абняўшы сказаў: ня хвалюйцеся, бо душа́ ягоная ў ім.

Затым падняўшыся, ён ламаў хлеб і спажываў, і яшчэ доўга прамаўляў да самай раніцы, а пасля адышоў.
 
І падняўшыся (наверх) ды разламаўшы хлеб і паеўшы, гутарыў даволі (доўга) ажно да сьвітаньня (і) такім чынам пайшоў.

А юнака павялі жывым і на радасць многім.
 
А дзяцюка прывялі жывога і ўцешыліся нямала.

Мы ж селі раней на карабель і паплылі ў Асас, каб забраць адтуль Паўла, бо ён так загадаў, пажадаўшы ісці пехатою.
 
Мы ж, прыйшоўшы на карабель, адплылí ў Асс, адкуль меліся ўзяць Паўлу, бо гэтак было загадана (Паўлам), які меўся сам ісьці пехатой.

Калі ж ён сустрэўся з намі ў Асасе, мы забралі яго і прыбылі ў Мітылену.
 
Калі ж ён сустрэў нас у Асьсе, (то) узяўшы яго (мы) прыплылі ў Мітылену.

Адплыўшы адтуль, мы назаўтра прысталі насупраць Хіёса, на другі дзень накіраваліся ў Самас, а на наступны — прыбылі ў Мілет,
 
А адплыўшы стуль на наступны (дзень) даплылі да Хіосу, а на другі (дзень) прыплылі да Самосу і пабыўшы ў Трагільлі на наступны дзень прыбылі ў Мілет;

бо Павел вырашыў абмінуць Эфес, каб не марнаваць час у Азіі. Ён спяшаўся, каб па магчымасці прыбыць у Ерузалем на дзень Пяцідзясятніцы.
 
бо Паўла надумаў плысьцí міма Эхвесу, каб яму ня траціць часу ў Азіі, бо сьпяшаўся калі магчыма было яму дзень Пяцідзясятніцы прабыць у Ярузаліме.

Паслаўшы з Мілета ў Эфес, Павел паклікаў старэйшын Касцёла.
 
Зь Мілету ж паслаўшы ў Эхвес паклікаў (да сябе) ста́ршых царквы,

А калі яны прыйшлі да яго, сказаў ім: «Вы ведаеце, што з першага дня майго прыходу ў Азію, я ўвесь час быў з вамі.
 
калі ж (яны) прыбылі да яго, сказаў ім: вы ведаеце, як (я) ад першага дня (майго) прыходу ў Азію, што я ўвесь час быў з вамі,

Служыў Пану з усёй пакораю і ў слязах ды сярод выпрабаванняў, якія сустрэлі мяне з-за подступаў юдэйскіх.
 
служачы Госпаду з усёй пакораю і многімі сьлязьмі і спакушэньнямі, што прыйшлі на мяне ад подступаў жыдоў,

Я не мінаў нічога карыснага, пра што б ні абвяшчаў і чаму б ні вучыў вас публічна і па дамах,
 
як (я) нічога ня прапусьціў карыснага, чаго ня апавясьціў бы вам і ня навучыў бы вас усенародна й па дамох,

даючы сведчанне юдэям і грэкам пра навяртанне да Бога і пра веру ў Пана нашага Езуса.
 
сьведчучы жыдам і грэкам аб пакаяньні перад Богам і веры ў Госпада нашага Ісуса Хрыста.

Цяпер, прымушаны Духам, я іду ў Ерузалем, не ведаючы, што мяне там сустрэне,
 
І вось цяпер, зьвязаны Духам, іду я ў Ярузалім ня ведаючы, што ў ім сустрэне мяне.

апроч таго, што Дух Святы ў кожным горадзе сведчыць, кажучы, што чакаюць мяне кайданы і ўціск.
 
Але (ведаю), што Дух Сьвяты ў кожным месту сьведчыць кажучы, што прадстаяць мне путы і мукі.

Але маё жыццё для мяне не вартае нічога. Толькі б скончыў бег свой і служэнне, якое прыняў ад Пана Езуса, каб даць сведчанне пра Евангелле Божай ласкі.
 
Але я ніколькі ня палохаюся і ня даражу жыцьцём маім, толькі б з радасьцю закончыць шлях мой і служэньне, якое я прыняў ад Госпада Ісуса: сьведчыць пра Эвангельле Багадаці Бога.

Цяпер я ведаю, што вы ўсе, сярод якіх я хадзіў, кажучы пра Валадарства, больш не ўбачыце мяне.
 
І цяпер вось я ведаю, што ўжо ня ўбачыце аблічча майго вы ўсе, сярод каторых (я) хадзіў, абвяшчаючы Валадарства Бога.

Таму сёння сведчу вам, што я чысты ад крыві ўсіх,
 
Пагэтаму (я) сьведчу вам у сягоньняшні дзень, што чысты я ад крыві ўсіх,

бо не ўхіляўся я ад абвяшчэння вам усёй Божай волі.
 
бо (я) ня ўхіліўся абвяшчаць вам усю Волю Бога.

Зважайце на сябе і на ўвесь статак, у якім Дух Святы паставіў вас біскупамі, каб вы пасвілі Касцёл Божы, які Ён прыдбаў уласнай крывёю.
 
Дык рупцеся пра самых сябе і пра ўсё стада, у якім Дух Сьвяты паставіў вас япіскапамі, каб пасьвіць Царкву Бога, якую (Ён) прыдбаў уласнаю Крывёй Сваёй.

Ведаю, што пасля майго адыходу ўвойдуць да вас лютыя ваўкі, якія не пашкадуюць статка.
 
Бо я ведаю тое, што пасьля адыходу майго ўвойдуць да вас ваўкі лютыя, якія ня шкадуюць стада,

І з вас саміх паўстануць людзі, якія будуць казаць падступна, каб пацягнуць за сабою вучняў.
 
дый із вас самых паўстануць мужчыны, якія перакручваюць (праўду), каб зьвесьці вучняў за сабою.

Таму чувайце, памятаючы, што я тры гады ўдзень і ўначы не пераставаў вучыць кожнага з вас са слязьмі.
 
Дык будзьце настарожы, па́мятаючы, што (я) тры гады ўдзень і ўначы ня пераставаў са сьлязьмі навучаць кожнага (із вас).

А сёння даручаю вас Богу і слову Ягонай ласкі, якое можа вас умацаваць і даць спадчыну між усіх асвячаных.
 
І цяпер (я) аддаю вас, браты, Богу і Слову Багадаці Ягонай, якое можа збудаваць і даць вам спадчыну з усімі сьвятымі.

Ні срэбра, ні золата, ні вопраткі я ні ад кога не пажадаў.
 
Ні срэбра, ні золата, ні вопраткі (я) ні ад кога ня пажадаў:

Самі ведаеце, што гэтыя рукі служылі патрэбам маім і тых, хто быў са мною.
 
самі ж (вы) ведаеце, што патрэбам маім і тых, што былі са мною, паслужылі рукі гэтыя.

Ва ўсім я паказаў вам, што, так працуючы, трэба дапамагаць слабым, памятаючы словы Пана Езуса, якія Ён сказаў: “Больш шчасця ў тым, каб даваць, чым у тым, каб браць!”».
 
Ува ўсім паказаў (я) вам, што, гэтак працуючы, трэба падтрымліваць слабых ды памятаць словы Госпада Ісуса, як Ён сказаў: шчасьлíвей даваць, чым браць.

Сказаўшы гэта, ён укленчыў і маліўся разам з імі ўсімі.
 
І сказаўшы гэтае (ды) сукланіўшы калені свае, памаліўся з усімі імі.

Тады ўсе ўзнялі вялікі плач, кідаліся Паўлу на шыю і цалавалі яго.
 
Тады ўзьняўся вялікі плач усіх, і ўпаўшы на шыю Паўлы цалавалі яго,

Найбольш смуткавалі з-за слова, якое ён сказаў, што ўжо не ўбачаць яго. І праводзілі яго да карабля.
 
сумуючы найбольш дзеля слова, якое (ён) сказаў, што ўжо больш ня ўбачаць аблічча ягонага. І праводзілі яго да карабля.