Да Піліпянаў 3 разьдзел
Пасланьне да Піліпянаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Васіля Сёмухі
Урэшце, браты мае, радуйцеся ў Пану. Пісаць вам тое самае мне не цяжка, для вас жа гэта карысна.
У астатнім, браты мае, радуйцеся ў Госпадзе. Пісаць вам пра гэта самае мне ня цяжка, а вам карысна.
Асцерагайцеся сабак, асцерагайцеся ліхіх работнікаў, асцерагайцеся абразання!
Пільнуйцеся ад сабак, пільнуйцеся ад ліхіх дзеячаў, пільнуйцеся ад абразаньня;
Мы прымаем абразанне, калі служым у Божым Духу і ганарымся ў Хрысце Езусе, а не спадзяёмся на цела.
бо абразаньне — мы, калі служым Богу духам і хвалімся Хрыстом Ісусам, і не на плоць спадзяёмся;
Хоць я магу спадзявацца і на цела. Калі хто іншы спадзяецца на цела, то тым больш я,
хоць я магу спадзявацца і на плоць. Калі хто іншы думае пакласьціся на плоць, дык тым болей я,
абрэзаны на восьмы дзень, з роду Ізраэля, з пакалення Бэньяміна, габрэй ад габрэяў, паводле Закону — фарысей,
абрэзаны на восьмы дзень, з роду Ізраілевага, калена Веньямінавага, Габрэй ад Габрэяў, паводле закона — фарысэй,
паводле руплівасці — ганіцель Касцёла, паводле справядлівасці Закону — беззаганны.
а ў руплівасьці — ганіцель царквы Божай, па праўдзе закона — беззаганны.
Але што было для мяне набыткам, тое дзеля Хрыста я палічыў стратай.
Але што мне было перавагаю, тое дзеля Хрыста я палічыў марнасьцю.
Ды і ўсё лічу стратаю дзеля перавагі пазнання Езуса Хрыста, майго Пана. Дзеля Яго я ўсё страціў і лічу смеццем, каб набыць Хрыста
Ды і ўсё лічу марнасьцю дзеля перавагі пазнаньня Хрыста Ісуса, Госпада майго: дзеля Яго я ад усяго адмовіўся, і ўсё лічу сьмецьцем, каб здабыць Хрыста,
і апынуцца ў Ім не са сваёю справядлівасцю, якая паходзіць з Закону, але з тою, якая паходзіць з веры ў Хрыста, са справядлівасцю ад Бога, заснаванай на веры,
і знайсьці сябе ў Ім не з маёю праведнасьцю, якая ад закона, а з тою, якая празь веру ў Хрыста, з праведнасьцю ад Бога па веры;
каб пазнаць Яго і моц Ягонага ўваскрасення і саўдзельнічаць у цярпеннях Ягоных, прыпадабняючыся да Ягонай смерці,
каб спазнаць Яго, і сілу ўваскрэсеньня Ягонага, і мець удзел у пакутах Ягоных, прыпадобніцца да Яго ў сьмерці,
каб нейкім чынам дасягнуць уваскрашэння.
каб дасягнуць уваскрэсеньня зь мёртвых.
Не тое, каб я ўжо атрымаў гэта і ўжо стаў дасканалым, але я імкнуся атрымаць тое, дзеля чаго мяне здабыў Езус Хрыстус.
Ня тое, каб я ўжо дасягнуў мэты, альбо ўдасканаліўся; але прагну, а ці не дасягну і я, як дасягнуў мяне Хрыстос Ісус.
Браты, я не лічу, што ўжо атрымаў гэта, але толькі забываю тое, што за мною, і сягаю да таго, што наперадзе.
Браты, я ня лічу, што я ўжо дасягнуў; а толькі, забываючы тое, што ўжо за мною, і сягаючы наперад,
Паводле мэты імкнуся да ўзнагароды высокага паклікання Божага ў Хрысце Езусе.
імкнуся да мэты, да гонару вышэйшага пакліканьня Божага ў Хрысьце Ісусе.
Будучы дасканалымі, давайце так думаць, а калі інакш думаеце, то Бог вам адкрые.
І вось, хто з нас дасканалы, так і мусіць думаць; калі ж вы пра што іначай думаеце, дык і гэта Бог вам прасьветліць.
Аднак, будзем жа трымацца таго, чаго мы ўжо дасягнулі.
Тым часам, чаго б мы ні дасягнулі, так і павінны мысьліць і паводле таго правіла жыць.
Наследуйце мяне, браты, і глядзіце на тых, хто паступае паводле ўзору, які маеце ў нас.
Пераймайце, браты, мяне і дзівецеся на тых, якія робяць згодна з прыкладам, які маеце ў нас.
Бо многія, пра каго часта казаў вам, а цяпер нават з плачам кажу, паступаюць, як ворагі Хрыстовага крыжа.
Бо многія, пра каго я часта казаў вам, а цяпер нават са сьлязьмі кажу, робяць, як ворагі крыжа Хрыстовага;
Іхні канец — пагібель, іхні бог — чэрава, і слава іх — у сораме іхнім; яны думаюць пра зямное.
іхні канец — пагібель, іхні бог — чэрава, і слава іхняя — у ганьбе: яны думаюць пра зямное.
А наша айчына знаходзіцца ў нябёсах, адкуль мы чакаем Збаўцу, Пана Езуса Хрыста,
А нашае жыцьцё — на нябёсах, адкуль мы чакаем і Збаўцу, Госпада нашага Ісуса Хрыста,
які пераменіць нашае прыніжанае цела на падабенства свайго праслаўленага цела праз дзеянне моцы, якой Ён можа падпарадкаваць сабе ўсё.
Які нашае паганьбёнае цела пераўтворыць так, што яно прыпадобніцца праслаўленаму Целу Ягонаму, станецца сілаю, якою Ён дзейнічае і ўпакорвае Сабе ўсё.