Да Піліпянаў 3 разьдзел

Пасланьне да Піліпянаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Наапошку, браты мае, цешчася ў Спадару. Пісаць вам тое самае ня нудна імне, а вам бясьпечна.
 
У астатнім, браты мае, радуйцеся ў Госпадзе. Пісаць вам пра гэта самае мне ня цяжка, а вам карысна.

Сьцеражыцеся сабак, сьцеражыцеся благіх работнікаў, сьцеражыцеся калечаньня,
 
Пільнуйцеся ад сабак, пільнуйцеся ад ліхіх дзеячаў, пільнуйцеся ад абразаньня;

Бо мы — абразаньне, каторыя сьцім Бога Духам і хвалімся Хрыстом Ісусам, а не спадзяемся на цела;
 
бо абразаньне — мы, калі служым Богу духам і хвалімся Хрыстом Ісусам, і не на плоць спадзяёмся;

Хоць я мог бы спадзявацца й на цела. Калі хто іншы думае спадзявацца на цела, дык пагатове я,
 
хоць я магу спадзявацца і на плоць. Калі хто іншы думае пакласьціся на плоць, дык тым болей я,

Абрэзаны восьмага дня, з роду Ізраелявага, пакаленьня Веняміновага, Гэбрэй із Гэбрэяў, подле Закону фарысэй,
 
абрэзаны на восьмы дзень, з роду Ізраілевага, калена Веньямінавага, Габрэй ад Габрэяў, паводле закона — фарысэй,

Подле рупатлівасьці перасьледаваньнік Царквы, подле справядлівасьці законнай беззаганны.
 
а ў руплівасьці — ганіцель царквы Божай, па праўдзе закона — беззаганны.

Але што імне было прыдбаньням, тое дзеля Хрыста я замеў за страту.
 
Але што мне было перавагаю, тое дзеля Хрыста я палічыў марнасьцю.

Дый усе маю за страту дзеля пераважнага пазнаньня Хрыста Ісуса, Спадара свайго, дзеля Каторага я ўсе страціў, і ўсе маю за гной, каб прыдбаць Хрыста,
 
Ды і ўсё лічу марнасьцю дзеля перавагі пазнаньня Хрыста Ісуса, Госпада майго: дзеля Яго я ад усяго адмовіўся, і ўсё лічу сьмецьцем, каб здабыць Хрыста,

Знайсьціся ў Ім, ня маючы справядлівасьці свае, што із Закону, але тую, што зь веры Хрыстовае, справядлівасьць, што ад Бога вераю;
 
і знайсьці сябе ў Ім не з маёю праведнасьцю, якая ад закона, а з тою, якая празь веру ў Хрыста, з праведнасьцю ад Бога па веры;

Каб пазнаць Яго, і магутнасьць ускрысеньня Ягонага, і мець узаем’е ў муках Ягоных, тарнуючыся да сьмерці Ягонае,
 
каб спазнаць Яго, і сілу ўваскрэсеньня Ягонага, і мець удзел у пакутах Ягоных, прыпадобніцца да Яго ў сьмерці,

Каб дясягчы ўскрысеньня зь мертвых.
 
каб дасягнуць уваскрэсеньня зь мёртвых.

Не каб я ўжо дасяг альбо ўдасканальніўся; але імкнуся, ці не дасягну й я, як дасяг мяне Хрыстос.
 
Ня тое, каб я ўжо дасягнуў мэты, альбо ўдасканаліўся; але прагну, а ці не дасягну і я, як дасягнуў мяне Хрыстос Ісус.

Браты, я ня маю сябе за дасяглага, але адно — забываючыся задняе, прасьцягаючыся наперад,
 
Браты, я ня лічу, што я ўжо дасягнуў; а толькі, забываючы тое, што ўжо за мною, і сягаючы наперад,

Імкнуся да мэты, да нагароды высокага пагуканьня Божага ў Хрысту Ісусу.
 
імкнуся да мэты, да гонару вышэйшага пакліканьня Божага ў Хрысьце Ісусе.

Дык каторыя з нас дасканальныя, гэтак думайма; калі ж вы праз што-колечы накш думаеце, дык і гэта вам Бог аб’яве.
 
І вось, хто з нас дасканалы, так і мусіць думаць; калі ж вы пра што іначай думаеце, дык і гэта Бог вам прасьветліць.

Чаго мы, адылі, дасяглі, хадзіма так.
 
Тым часам, чаго б мы ні дасягнулі, так і павінны мысьліць і паводле таго правіла жыць.

Будзьце перайманьнікамі зь мяне, браты, і ўзірайцеся на тых, што ходзяць подле зразы, якую маеце ў нас.
 
Пераймайце, браты, мяне і дзівецеся на тых, якія робяць згодна з прыкладам, які маеце ў нас.

Бо шмат хто, праз каторых я часта гукаў вам, а цяпер нават із плачам гукаю, што яны ё як непрыяцелі крыжа Хрыстовага;
 
Бо многія, пра каго я часта казаў вам, а цяпер нават са сьлязьмі кажу, робяць, як ворагі крыжа Хрыстовага;

Каторых канец — загуба, каторых бог — бруха, і слава іхная — у сораме; яны думаюць празь земнае;
 
іхні канец — пагібель, іхні бог — чэрава, і слава іхняя — у ганьбе: яны думаюць пра зямное.

Бо грамадзянства наша ў небе, скуль мы жджэм і Спаса, Спадара Ісуса Хрыста,
 
А нашае жыцьцё — на нябёсах, адкуль мы чакаем і Збаўцу, Госпада нашага Ісуса Хрыста,

Каторы адмене цела наша з паніжэньня ў згоднасьць ізь целам славы Свае, дзеяньням сілы, каторай Ён і паддаець Сабе ўсе.
 
Які нашае паганьбёнае цела пераўтворыць так, што яно прыпадобніцца праслаўленаму Целу Ягонаму, станецца сілаю, якою Ён дзейнічае і ўпакорвае Сабе ўсё.