2 да Фесаланікійцаў 2 разьдзел
Другое пасланьне да Фесаланікійцаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Васіля Сёмухі
Просім вас, браты, наконт прыйсця Пана нашага Езуса Хрыста і нашага сходу перад Ім,
Молім вас, браты, за прышэсьце Госпада нашага Ісуса Хрыста, за нашу сустрэчу зь Ім,
каб вы так хутка не гублялі розуму і не хваляваліся ні праз Духа, ні праз слова, ні праз пасланне, быццам бы нашае, што, маўляў, настаў дзень Пана.
не сьпяшацца пахіснуцца ў розуме і бянтэжыцца ні ад духа, ні ад слова, ні ад пасланьня, нібыта намі (пасланага), быццам ужо настаў дзень Хрыстовы.
Няхай ніхто не зводзіць вас ніякім чынам, бо спачатку прыйдзе адступніцтва і з’явіцца беззаконны чалавек, сын згубы,
Хай не ашукае вас ніхто ніяк: бо дзень той ня прыйдзе, пакуль ня прыйдзе раней адступленьне і не адкрыецца чалавек грэху, сын пагібелі,
які будзе працівіцца і ўзвышацца над усім, што называецца Божым і годным пашаны, так што засядзе ў Божай святыні, выдаючы сябе за Бога.
які супрацівіцца і выстаўляецца вышэй за ўсё, што называецца Богам ці сьвятыняю, так што ў храме Божым сядзе ён, як Бог, выдаючы сябе за Бога.
Ці ж не памятаеце, што калі я быў яшчэ сярод вас, казаў вам аб гэтым?
Ці ж не памятаеце, як я, яшчэ калі быў у вас, казаў вам пра гэта?
І ведаеце, што цяпер яго трымае аж да часу, калі з’явіцца.
І цяпер вы ведаеце, што не дазваляе адкрыцца яму ў сваім часе.
Таямніца бязбожнасці ўжо дзейнічае. Хай толькі той, хто яго трымае, саступіць месца.
Бо таямніца беззаконьня ўжо ў дзеяньні; толькі ня зьдзейсьніцца да таго часу, пакуль ня будзе ўзяты з асяродзьдзя той, хто трымае цяпер, —
Тады і з’явіцца той беззаконнік, якога Пан Езус заб’е подыхам сваіх вуснаў і знішчыць яго аб’яўленнем свайго прыйсця.
і тады адкрыецца беззаконьнік, якога Гасподзь Ісус заб’е духам вуснаў Сваіх і зьнішчыць зьяўленьнем прышэсьця Свайго,
А прыход беззаконніка будзе як дзеянне сатаны ва ўсёй сіле, знаках і фальшывых цудах,
таго, прышэсьце якога, пасьля дзеяньня сатаны, будзе з усякаю сілаю і азнакамі і цудамі фальшывымі,
і з усякім нягодным ашуканствам тых, якія ідуць на згубу, бо яны не палюбілі праўды, каб збавіцца.
і з усякім няправедным ашуканствам тых, якія гінуць за тое, што яны не прынялі любові ісьціны дзеля свайго збавеньня.
Таму пасылае ім Бог дзеянне подступу, каб яны паверылі падману,
І за гэта пашле ім Бог дзеяньне аблуды, так што яны будуць верыць хлусьні,
каб былі асуджаны ўсе, хто не паверыў праўдзе, але палюбіў несправядлівасць.
хай будуць асуджаны ўсе тыя, што ня верылі ісьціне, а ўпадабалі няпраўду.
Мы ж павінны заўсёды дзякаваць Богу за вас, умілаваныя Панам браты, што Бог выбраў вас як першых дзеля збаўлення праз асвячэнне ў Духу і праз веру ў праўду.
А мы заўсёды павінны дзякаваць Богу за вас, любасныя Богу браты, што Бог ад пачатку, праз асьвячэньне Духа і веру ісьціне, выбраў вас на ратаваньне,
Для таго і паклікаў вас праз нашае Евангелле да ўдзелу ў славе Пана нашага Езуса Хрыста.
да якога і паклікаў вас зьвеставаньнем нашым, дзеля дасягненьня славы Госпада нашага Ісуса Хрыста.
Таму, браты, трымайцеся і захоўвайце традыцыі, якім навучыліся як праз слова, так і праз нашае пасланне.
Дык вось, браты, стойце і трымайце паданьні, якім вы навучаны або словам, або пасланьнем нашым.
Сам Пан наш Езус Хрыстус і Бог, Айцец наш, які палюбіў нас і даў вечнае суцяшэнне і добрую надзею ў ласцы,
А Сам Гасподзь наш Ісус Хрыстос і Бог і Айцец наш, Які палюбіў нас і даў уцеху вечную і надзею добрую ў мілаце,
няхай заахвоціць сэрцы вашыя і ўмацуе вас у кожнай справе і добрым слове.
няхай суцешыць вашыя сэрцы і ўмацуе вас у кожным слове і справе добрай.