Да Габрэяў 11 разьдзел
Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Васіля Сёмухі
Вера — гэта зарука таго, на што мы спадзяёмся, і доказ таго, чаго мы не бачым.
А вера ёсьць зьдзяйсьненьне чаканага і ўпэўненасьць у нябачным.
Праз яе продкі атрымалі сведчанне.
У ёй засьведчаны продкі.
Праз веру мы разумеем, што вякі былі ўладкаваныя словам Божым, так што з нябачнага ўзнікла бачнае.
Вераю спазнаём, што вякі створаны словам Божым, так што зь нябачнага пайшло бачнае.
Вераю Абэль прынёс Богу лепшую ахвяру, чым Каін. Дзякуючы ёй ён атрымаў сведчанне сваёй справядлівасці, таму што Бог засведчыў пра дары ягоныя, і дзякуючы ёй ён прамаўляе нават пасля смерці.
Вераю Авель прынёс Богу ахвяру лепшую, ніж Каін; ён атрымаў сьведчаньне, што ён праведны, як засьведчыў Бог пра дары ягоныя; ёю ён і пасьля сьмерці гаворыць яшчэ.
Вераю Энох быў перанесены, каб не бачыць смерці, і не знайшлі яго, таму што Бог перанёс яго. Бо перад перанясеннем было засведчана яму, што ён спадабаўся Богу.
Вераю Энох пераселены быў так, што ня бачыў сьмерці; і ня стала яго, таму што Бог перасяліў яго. Бо раней перасяленьня свайго атрымаў ён сьведчаньне, што дагадзіў Богу.
А без веры немагчыма спадабацца, бо той, хто падыходзіць да Бога, павінен верыць, што Ён існуе і дае ўзнагароду тым, хто Яго шукае.
А бязь веры дагадзіць Богу немагчыма; бо трэба, каб той, хто прыходзіць да Бога, верыў, што Ён ёсьць, і шукальнікам Яго дасьць.
Вераю Ной атрымаў перасцярогу наконт таго, што яшчэ не было бачным, і ў Божай боязі пабудаваў каўчэг, каб уратаваць свой дом. Праз веру ён асудзіў свет і стаў спадкаемцам справядлівасці паводле веры.
Вераю Ной, атрымаўшы абвешчаньне пра тое, што яшчэ ня было бачна, богабаязна збудаваў каўчэг на выратаваньне дому свайго; ёю асудзіў ён (увесь) сьвет і зрабіўся спадкаемцам праведнасьці па веры.
Дзякуючы веры пакліканы Абрагам паслухаўся і пайшоў у месца, якое павінен быў атрымаць у спадчыну. Ён выйшаў, не ведаючы, куды ідзе.
Вераю Абрагам паслухаўся наказу ісьці ў краіну, якую меўся атрымаць у спадчыну, і пайшоў, ня ведаючы, куды ідзе.
Дзякуючы веры ён пасяліўся на абяцанай зямлі, як на чужыне, жывучы ў шатрах з Ісаакам і Якубам, сунаследнікамі таго самага абяцання.
Вераю жыў ён на зямлі абяцанай, як на чужой, і жыў у намётах зь Ісаакам і Якавам, супольнымі спадкаемцамі таго самага абяцаньня;
Бо ён чакаў горада, закладзенага на моцным падмурку, дойлідам і будаўніком якога ёсць Бог.
бо ён чакаў горада, які мае аснову, дойлід і будаўнік якога Бог.
Дзякуючы веры і бясплодная Сара, насуперак старому ўзросту, атрымала сілу, каб зачаць патомства, паколькі лічыла годным даверу таго, хто даў абяцанне.
Вераю і сама Сарра (будучы бясплодная) атрымала сілу на прыняцьце семені і не па часе ўзросту нарадзіла; бо ведала, што верны Той, Хто абяцаў.
Таму ад аднаго чалавека, і гэта ад амярцвелага, нарадзілася так шмат, якзорак нябесных і незлічоных пясчынак на беразе мора.
І таму ад таго, і прытым амярцьвелага, паўстала так многа, як многа зорак на небе і як безьліч пяску на беразе марскім.
Усе яны памерлі ў веры, не атрымаўшы абяцанняў, але ўбачыўшы іх здалёк і прывітаўшы, прызналі, што яны самі вандроўнікі і чужынцы на зямлі.
Усе гэтыя памерлі ў веры, не атрымаўшы абяцаньняў, а толькі здалёк глядзелі, і радаваліся, і казалі пра сябе, што яны вандроўнікі і прыхадні на зямлі;
Бо тыя, хто так кажа, паказваюць, што яны шукаюць айчыну.
бо тыя, якія так кажуць, паказваюць, што яны шукаюць бацькаўшчыны.
Калі б яны памяталі аб той, з якой выйшлі, то мелі б нагоду вярнуцца.
І калі б яны мелі наўме тую бацькаўшчыну, зь якое выйшлі, дык мелі б час вярнуцца;
Цяпер жа яны імкнуцца да лепшай, гэта значыць, да нябеснай айчыны. Таму Бог не саромеецца, што яны называюць Яго сваім Богам, бо Ён падрыхтаваў ім горад.
але яны імкнуліся да лепшага, гэта значыцца, да нябеснага; таму і Бог не саромеецца іх, называючы Сябе іхнім Богам: бо Ён падрыхтаваў ім горад.
Праз веру Абрагам, калі Бог выпрабоўваў яго, ахвяраваў Ісаака. Той, хто атрымаў абяцанне, прынёс нават адзінароднага сына,
Вераю Абрагам, будучы спакушаны, прынёс у ахвяру Ісаака і, маючы абяцаньне, прынёс адзінароднага,
пра якога сказана: «У Ісааку назавецца патомства тваё».
пра якога было сказана: «у Ісааку табе семя»;
Ён лічыў, што Бог мае моц уваскрасіць, таму і атрымаў яго як правобраз.
бо ён думаў, што Бог моцны і зь мёртвых уваскрэсіць, таму і атрымае яго са сьмерці.
Праз веру ў будучыя рэчы Ісаак благаславіў Якуба і Эзава.
Вераю ў будучыню Ісаак дабраславіў Якава і Ісава.
Праз веру Якуб, паміраючы, благаславіў кожнага з сыноў Юзафа і пакланіўся перад верхам яго кія.
Вераю Якаў, паміраючы, дабраславіў кожнага сына Язэпавага і пакланіўся, абапершыся на жазло сваё.
Праз веру Юзаф, паміраючы, успомніў аб выйсці сыноў Ізраэля і даў даручэнне адносна сваіх касцей.
Вераю Язэп пры сконе нагадаў пра выхад сыноў Ізраілевых, наказаў пра косьці свае.
Праз веру бацькі Майсея ўкрывалі яго на працягу трох месяцаў пасля нараджэння, бо бачылі прыгажосць дзіцяці і не спалохаліся загаду фараона.
Вераю Майсей пасьля нараджэньня тры месяцы хаваны быў бацькамі сваімі; бо бачылі яны, што дзіця цудоўнае, і не спалохаліся царскага загаду.
Праз веру Майсей, калі вырас, не захацеў звацца сынам дачкі фараона.
Вераю Майсей, у сталым веку, адмовіўся называцца сынам дачкі фараонавай,
Больш жадаў пакутаваць разам з Божым народам, чым мець часовую грахоўную прыемнасць.
і лепей захацеў пакутаваць з народам Божым, чым мець часовую, грахоўную асалоду,
Большым багаццем за скарбы Егіпта лічыў знявагі Хрыстовыя, бо памятаў аб узнагародзе.
і зьневажаньне Хрыстовае палічыў большым сабе багацьцем, чым Егіпецкія скарбы; бо ён глядзеў на аддзяку.
Праз веру пакінуў Егіпет, не спалохаўшыся гневу фараона. Вытрываў, як быццам бачыў Нябачнага.
Вераю пакінуў ён Егіпет, не пабаяўшыся гневу царскага; бо ён, як бы бачачы Нябеснага, быў цьвёрды.
Праз веру здзейсніў Пасху і акрапленне крывёю, каб не прычыніў ім зло той, хто забіваў першароднае.
Вераю справіў ён пасху і праліцьцё крыві, каб вынішчальнік першынцаў не крануў іх.
Праз веру яны перайшлі праз Чырвонае мора быццам па сухой зямлі, а калі спрабавалі так зрабіць егіпцяне, патанулі.
Вераю перайшлі яны Чэрмнае мора, як па сушы, — на што рызыкнуўшы, Егіпцяне патанулі.
Праз веру ўпалі муры Ерыхона, калі абыходзілі іх вакол сем дзён.
Вераю ўпалі сьцены Ерыхонскія пасьля сямідзённай аблогі.
Праз веру чужаложніца Рахаб не загінула разам з тымі, хто быў непаслухмяны, бо гасцінна прыняла выведнікаў.
Вераю Рааў-распусьніца, мірна прыняўшы выведнікаў (і правёўшы іх іншай дарогаю), не загінула зь нявернымі.
Што яшчэ сказаць? Бо не хопіць мне часу, каб расказаць пра Гедэона, Барака, Самсона і Ефтая, пра Давіда, Самуэля і прарокаў,
І што яшчэ скажу? Ня хопіць мне часу, каб распавядаць пра Гедэона, пра Варака, пра Самсона і Яфая, пра Давіда, Самуіла і (іншых) прарокаў,
якія вераю перамагалі валадарствы, здзяйснялі справядлівасць, атрымлівалі абяцанні, закрывалі пашчы львам,
якія вераю перамагалі царствы, тварылі праўду, атрымлівалі абяцаньні, замыкалі пашчы львам,
гасілі моцны агонь, пазбягалі вастрыя мяча, трывалі, нягледзячы на слабасць, станавіліся моцнымі на вайне, праганялі войскі чужынцаў.
тушылі сілу вагню, пазьбягалі вострага меча, мацаваліся ад немачы, былі моцныя на вайне, праганялі кагорты чужынцаў;
Жанчыны атрымлівалі сваіх памерлых праз уваскрашэнне. Іншыя, адмовіўшыся ад вызвалення, былі закатаваныя, каб атрымаць лепшае ўваскрашэнне.
жонкі атрымлівалі нябожчыкаў сваіх уваскрэслымі; а іншыя замучаны былі, ня прыняўшы вызваленьня, каб атрымаць лепшае ўваскрэсеньне;
Яшчэ іншыя спазналі кпіны і бічаванне, а таксама кайданы і вязніцу.
іншыя перанесьлі зьдзекі і пабоі, а таксама кайданы і цямніцу.
Іх каменавалі, пілавалі, забівалі мячом. Яны туляліся ў авечых і казліных скурах, церпячы нястачу, уціск і знявагу.
Былі пабіваныя камянямі, пілаваныя, катаваныя, паміралі ад меча, блукалі ў авечых і казіных скурах, цярпелі нястачы, уціскі, азлабленьне;
Яны, якіх свет не быў варты, блукалі па пустынях і гарах, па пячорах і цяснінах зямлі.
тыя, каго ўвесь сьвет ня быў варты, блукалі па пустынях і горах, па пячорах і цясьнінах зямных.
І ўсе яны, хоць і былі прызнаныя дзякуючы веры, не атрымалі абяцанага,
І ўсе гэтыя, засьведчаныя ў веры, не атрымалі абяцанага,
таму што Бог прадугледзеў для нас нешта лепшае, каб яны без нас не сталі дасканалымі.
таму што Бог прадугледзеў нам нешта лепшае, каб яны не бяз нас дасягнулі дасканаласьці.