Марка 2 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча

 
 

Праз некалькі дзён Езус зноў прыйшоў у Кафарнаум, і разышлася вестка, што Ён у доме.
 

Адразу сабралася столькі народу, што ўжо не было месца каля дзвярэй. І Ён прамаўляў да іх.
 

Прыйшлі да Яго чацвёра, якія неслі паралізаванага.
 

Не змогшы прынесці яго да Езуса праз натоўп, разабралі страху, дзе Ён быў, і праз адтуліну спусцілі насілкі, на якіх ляжаў паралізаваны.
 

Убачыўшы іх веру, Езус сказаў паралізаванаму: «Сыне, адпускаюцца твае грахі».
 

Там жа сядзелі некаторыя з кніжнікаў і разважалі ў сэрцах сваіх:
 

«Чаму Ён так кажа? Ён блюзнерыць! Хто можа адпускаць грахі, калі не сам Бог?»
 

Езус, адразу пазнаўшы духам сваім, што яны так разважаюць, сказаў ім: «Чаму так разважаеце ў сэрцах вашых?
 

Што лягчэй? Сказаць паралізаванаму: “Адпускаюцца твае грахі”, ці сказаць: “Устань, вазьмі насілкі свае і хадзі?”
 

Але каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае на зямлі ўладу адпускаць грахі». І сказаў паралізаванаму:
 

«Табе кажу: устань, вазьмі насілкі свае ды ідзі да дому свайго».
 

Той адразу ж устаў і, узяўшы насілкі, выйшаў перад усімі, так што ўсе дзівіліся і славілі Бога, кажучы: «Ніколі мы такога не бачылі!»
 

Езус зноў выйшаў да мора. Усе людзі прыходзілі да Яго, а Ён навучаў іх.
 

Праходзячы, Ён убачыў Левія, сына Алфея, які сядзеў на мытні, і сказаў яму: «Ідзі за Мною». Той устаў і пайшоў за Ім.
 

Калі Езус быў за сталом у доме ягоным, шмат мытнікаў і грэшнікаў было разам з Ім і вучнямі Ягонымі, бо шмат было тых, хто ішоў за Ім.
 

Кніжнікі з ліку фарысеяў, убачыўшы, што Ён есць з грэшнікамі і мытнікамі, казалі вучням Ягоным: «Чаму Ён есць з мытнікамі і грэшнікамі?»
 

Пачуўшы гэта, Езус сказаў ім: «Не здаровым патрэбны лекар, а хворым; Я прыйшоў заклікаць не праведнікаў, а грэшнікаў».
 

Вучні Янавы і фарысеі пасцілі. Яны прыйшлі і сказалі Яму: «Чаму вучні Янавы і фарысеяў посцяць, а Твае вучні не посцяць?»
 

Езус адказаў ім: «Ці могуць пасціць госці на вяселлі, калі з імі жаніх? Пакуль жаніх з імі, не могуць пасціць.
 

Але прыйдуць дні, калі будзе забраны ад іх жаніх, і тады будуць пасціць у той дзень.
 

Ніхто не прышывае латы з нябеленага палатна да старой вопраткі, бо новая лата адарвецца ад старога, і дзіра робіцца яшчэ горшай.
 

І ніхто не налівае маладое віно ў старыя мяхі. Інакш віно парве мяхі, і прападуць віно і мяхі. Але маладое віно ўліваюць у новыя мяхі».
 

Аднойчы ў шабат, калі Езус праходзіў праз пасевы, вучні Ягоныя пачалі па дарозе зрываць каласы.
 

Тады сказалі Яму фарысеі: «Глядзі, чаму яны робяць у шабат тое, што не дазволена?»
 

Ён адказаў ім: «Вы ніколі не чыталі, што зрабіў Давід, калі меў патрэбу і згаладаўся ён і тыя, хто быў з ім?
 

Як увайшоў у дом Божы ў часы першасвятара Абіятара і еў ахвярныя хлябы, якіх нельга было есці нікому, акрамя святароў, і даў тым, хто быў з ім?»
 

І сказаў ім: «Шабат устаноўлены для чалавека, а не чалавек для шабату.
 

Таму Сын Чалавечы — гаспадар шабату».