Лукаша 8 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Вітаўта Тумаша
Пасля гэтага Ён праходзіў па гарадах і паселішчах, прапаведуючы і абвяшчаючы Добрую Навіну пра Валадарства Божае. Былі з Ім Дванаццаць,
а таксама некаторыя жанчыны, аздароўленыя ад злых духаў і хвароб: Марыя, называная Магдаленай, з якой выйшла сем злых духаў;
Яна, жонка Хузы, чыноўніка Ірада; Зузана і шмат іншых, якія дапамагалі ім маёмасцю сваёй.
Калі сабраўся вялікі натоўп і людзі з розных гарадоў прыходзілі да Яго, Ён расказаў прыпавесць:
«Выйшаў сейбіт сеяць зерне сваё. Калі сеяў, адно ўпала пры дарозе, і было патаптана, і птушкі нябесныя падзяўблі яго.
Другое ўпала на скалу і, узышоўшы, засохла, бо не мела вільгаці.
Іншае ўпала між церняў, і разам вырасла, але церні заглушылі яго.
Іншае ўпала на добрую зямлю і, калі ўзышло, прынесла плён у сто разоў большы». Кажучы гэта, заклікаў: «Хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае».
Пыталіся ў Яго вучні Ягоныя, што значыць гэтая прыпавесць.
А Ён сказаў: «Вам дадзена пазнаць таямніцу Валадарства Божага, а да астатніх гавару ў прыпавесцях, каб, гледзячы, не бачылі і, слухаючы, не разумелі.
Вось што азначае гэтая прыпавесць: зерне — гэта слова Божае.
Што пры дарозе — гэта тыя, хто слухае, але потым прыходзіць д’ябал і забірае слова з іхняга сэрца, каб не паверылі і не збавіліся.
Што на скале — гэта тыя, хто пачуе і з радасцю прымае слова, але не мае кораня. Яны вераць часова, а ў пару выпрабавання адыходзяць.
Што ўпала ў церні — гэта тыя, хто чуе, аднак турботы, багацце і ўцехі жыцця паглынаюць іх, і яны не прыносяць плёну.
А што на добрай зямлі — гэта тыя, хто, пачуўшы слова, захоўвае яго ў добрым і чыстым сэрцы і прыносіць у цярплівасці плён.
Ніхто, запаліўшы светач, не накрывае яго пасудзінай і не ставіць пад ложак, але ставіць яго на свечніку, каб тыя, хто ўваходзіць, бачылі святло.
Бо няма нічога схаванага, што б не стала яўным, і нічога таемнага, пра што б не стала вядома і што б не выявілася.
Таму зважайце, як слухаеце. Бо хто мае, таму дадзена будзе, а хто не мае, у таго адымецца і тое, што, як здаецца яму, ён мае».
Прыйшлі да Яго Маці Ягоная і браты Ягоныя. І не маглі наблізіцца да Яго з-за натоўпу.
Тады паведамілі Яму: «Маці Твая і браты Твае стаяць звонку, жадаючы ўбачыць Цябе».
Ён сказаў ім у адказ: «Маці Мая і браты Мае — гэта тыя, хто слухае слова Божае і выконвае яго».
У адзін з тых дзён Ён увайшоў у човен, а за Ім вучні Яго. І сказаў ім: «Пераправімся на другі бок возера». І адплылі.
Пакуль плылі, Ён заснуў. І паднялася на возеры бура ад ветру, і човен стаў залівацца вадой, і яны апынуліся ў небяспецы.
Тады вучні падышлі да Езуса, абудзілі Яго і сказалі: «Настаўнік, Настаўнік, мы гінем!» Ён падняўся і загадаў ветру і хвалям — і яны спыніліся, і настала ціша.
Тады сказаў ім: «Дзе ваша вера?» Яны, спалоханыя, дзівіліся, кажучы адзін аднаму: «Хто ж Ён такі, што загадвае вятрам і вадзе, і яны Яго слухаюцца?»
І прыплылі яны ў край геразенаў, што насупраць Галілеі.
Калі ж Ён выйшаў на сушу, сустрэў Яго адзін чалавек з горада, які быў апанаваны злым духам, з даўняга часу не апранаў адзенне і жыў не ў доме, а ў магільных пячорах.
Убачыўшы Езуса, ён упаў перад Ім і гучна закрычаў: «Што Табе да мяне, Езусе, Сыне Бога Найвышэйшага? Прашу Цябе, не муч мяне».
Бо Езус загадаў нячыстаму духу выйсці з гэтага чалавека, таму што той доўгі час мучыў яго, так што звязвалі ланцугамі і трымалі ў кайданах яго, але ён разрываў путы і злы дух гнаў яго на пустынныя месцы.
Езус спытаўся ў яго: «Як тваё імя?» Той адказаў: «Легіён», бо шмат злых духаў увайшло ў яго.
І малілі Езуса, каб Ён не загадаў ім пайсці ў бездань.
А быў там вялікі статак свіней, якія пасвіліся на гары. І злыя духі малілі Яго, каб дазволіў ім увайсці ў іх. І дазволіў ім.
Тады злыя духі выйшлі з чалавека і ўвайшлі ў свіней. І кінуўся статак з кручы ў возера, і патануў.
Пастухі, убачыўшы тое, што здарылася, уцяклі і расказалі ў горадзе і вёсках.
А людзі выйшлі паглядзець, што адбылося. Прыйшлі да Езуса і знайшлі, што чалавек, з якога выйшлі злыя духі, сядзеў апрануты і ў розуме каля ног Езуса, і спалохаліся.
Бо відавочцы расказалі ім, як быў аздароўлены апанаваны злымі духамі.
Увесь люд краю геразенаў прасіў Яго пайсці ад іх, бо іх ахапіў вялікі страх. Езус увайшоў у човен і вярнуўся.
А той чалавек, з якога выйшлі злыя духі, стаў прасіць Езуса застацца з Ім. Але Ён адпусціў яго, кажучы:
«Вярніся да дому свайго і раскажы ўсё, што ўчыніў табе Бог». Той пайшоў і распавёў па ўсім горадзе ўсё, што ўчыніў яму Езус.
Калі Езус вярнуўся, натоўп прывітаў Яго, бо ўсе чакалі Яго.
І вось прыйшоў чалавек, па імені Яір, які быў кіраўніком сінагогі. Ён прыпаў да ног Езуса і стаў упрошваць Яго зайсці да дому ягонага,
таму што яго адзіная дачка, узростам каля дванаццаці гадоў, памірала. Калі Езус пайшоў, натоўп ціснуўся да Яго.
І была адна жанчына, якая дванаццаць гадоў цярпела на крывацёк і растраціла ўсю маёмасць сваю на лекараў, але ніхто не мог вылечыць яе.
Яна, падышоўшы ззаду да Езуса, дакранулася да краю плашча Ягонага, і адразу ж спыніўся крывацёк у яе.
А Езус спытаўся: «Хто дакрануўся да Мяне?» Калі ж усе адмаўлялі, Пётр сказаў: «Настаўнік, народ тоўпіцца вакол Цябе і цісне».
Але Езус сказаў: «Хтосьці дакрануўся да Мяне, бо Я адчуў, як сіла выйшла з Мяне».
Тады жанчына, убачыўшы, што яна не ўтаілася, з трымценнем падышла і, упаўшы перад Ім, прызналася перад усімі людзьмі, чаму дакранулася да Яго і як адразу выздаравела.
Ён жа сказаў ёй: «Дачка, вера твая ўратавала цябе, ідзі ў спакоі».
Калі Ён яшчэ гаварыў, прыйшоў нехта з дому ад кіраўніка сінагогі і сказаў: «Твая дачка памерла, больш не турбуй Настаўніка».
Але Езус, пачуўшы гэта, адказаў яму: «Не бойся, толькі вер — і яна будзе ўратаваная».
Прыйшоўшы ў дом, Ён не пусціў з сабой нікога, акрамя Пятра, Яна і Якуба, бацькі і маці дзяўчынкі.
І ўсе галасілі і смуткавалі па ёй. Але Ён сказаў: «Не плачце, яна не памерла, а спіць».
Насміхаліся з Яго, бо ведалі, што яна памерла.
Тады Ён, узяўшы яе за руку, паклікаў яе: «Дзяўчынка, устань!»
І вярнуўся дух яе. Яна адразу паднялася, а Ён загадаў даць ёй паесці.
Здзівіліся бацькі яе. А Езус наказаў ім нікому не расказваць, што адбылося.