Лукаша 20 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Вітаўта Тумаша

 
 

У адзін з тых дзён, калі Ён навучаў народ у святыні і абвяшчаў Добрую Навіну, прыйшлі першасвятары і кніжнікі са старэйшынамі
 

і спыталіся ў Яго: «Скажы нам, якой уладаю Ты робіш гэта? І хто даў Табе гэтую ўладу?»
 

Ён адказаў ім: «Спытаюся ў вас і Я, а вы адкажыце мне:
 

хрост Янаў быў з неба ці ад людзей?»
 

Яны ж, разважаючы, казалі адзін аднаму: «Калі скажам: “З неба”, то спытаецца: “Чаму ж вы не паверылі яму?”
 

А калі скажам: “Ад людзей”, то ўвесь народ закідае нас камянямі, бо ён упэўнены, што Ян — прарок».
 

Таму адказалі, што не ведаюць, адкуль.
 

Тады Езус сказаў ім: «І Я не скажу вам, якой уладай раблю гэта».
 

І пачаў Ён расказваць людзям такую прыпавесць: «Адзін чалавек пасадзіў вінаграднік і аддаў яго вінаградарам, і выехаў на доўгі час.
 

У свой час паслаў да вінаградараў слугу, каб далі яму з пладоў вінаградніку. Але вінаградары пабілі яго і адправілі ні з чым.
 

Тады паслаў другога слугу, а яны і таго збілі і зняважылі, і адправілі ні з чым.
 

Паслаў яшчэ трэцяга, але яны і таго паранілі і выгналі.
 

Тады гаспадар вінаградніку сказаў: “Што мне рабіць? Пашлю свайго ўмілаванага сына, можа яго ўшануюць”.
 

Убачыўшы яго, вінаградары разважалі, кажучы адзін аднаму: “Гэта спадкаемца, хадземце, заб’ем яго, каб спадчына стала нашай”.
 

І, выкінуўшы яго з вінаградніку, забілі. Што зробіць з імі гаспадар вінаградніку?
 

Ён прыйдзе і знішчыць тых вінаградараў, і аддасць вінаграднік іншым». Тыя, хто слухаў, сказалі: «Няхай не будзе гэтага!»
 

А Ён, паглядзеўшы на іх, сказаў: «Што ж азначае напісанае: “Камень, адкінуты будаўнікамі,стаў галавою вугла”?
 

Кожны, хто ўпадзе на гэты камень, разаб’ецца, а на каго ён упадзе, таго раструшчыць».
 

У тую гадзіну пачалі шукаць кніжнікі і першасвятары, як схапіць Яго, але пабаяліся натоўпу. Яны зразумелі, што Ён сказаў гэту прыпавесць пра іх.
 

Пачаўшы сачыць за Ім, паслалі да Яго шпегаў, каб яны, удаючы праведных, злавілі яго на слове, і каб выдаць Яго начальству і ўладзе намесніка.
 

І яны спыталіся ў Яго: «Настаўнік, мы ведаем, што Ты добра кажаш і навучаеш, і не зважаеш на асобу, але праўдзіва вучыш шляху Божаму.
 

Ці належыць нам плаціць падатак цэзару, ці не?»
 

Зразумеўшы іх хітрасць, Ён сказаў ім:
 

«Пакажыце мне дынар. Чыя на ім выява і надпіс?»
 

Яны адказалі: «Цэзара». Тады Ён сказаў ім: «Дык аддавайце цэзарава цэзару, а Божае — Богу».
 

І не маглі перад народам падлавіць Яго на слове, і, здзівіўшыся адказу Яго, замоўклі.
 

Тады падышлі некаторыя з садукеяў, якія казалі, што няма ўваскрашэння, і спыталіся ў Яго:
 

«Настаўнік, Майсей напісаў нам, што калі ў некага памрэ брат, які меў жонку, і памрэ бяздзетны, то брат ягоны павінен узяць ягоную жонку і абудзіць патомства свайму брату.
 

Было ж сем братоў. Першы, узяўшы жонку, памёр бяздзетны.
 

Потым другі,
 

і трэці ўзяў яе, таксама і ўсе сямёра, не пакінуўшы дзяцей, памерлі.
 

Урэшце, памерла і жонка.
 

Дык вось, пасля ўваскрашэння, катораму з іх яна будзе жонкаю? Бо ў семярых яна была жонкаю».
 

Езус сказаў ім: «Дзеці гэтага веку жэняцца і выходзяць замуж.
 

А тыя, хто будзе годны таго веку і ўваскрашэння з мёртвых, не будуць ні жаніцца, ні выходзіць замуж;
 

і памерці ўжо не змогуць, бо яны роўныя анёлам і з’яўляюцца сынамі Божымі, будучы сынамі ўваскрашэння.
 

А што мёртвыя ўваскрэснуць, і Майсей засведчыў, кажучы пра палаючы куст, калі назваў Пана Богам Абрагама, Богам Ісаака і Богам Якуба.
 

Бог жа не ёсць Богам мёртвых, але жывых, бо ўсе для Яго жывуць».
 

На гэта сказалі некаторыя з кніжнікаў: «Настаўнік, Ты добра сказаў».
 

І ўжо ні пра што не адважваліся распытваць Яго.
 

Тады Ён сказаў ім: «Як могуць казаць, што Месія — сын Давіда?
 

Бо сам Давід кажа ў кнізе псальмаў: “Сказаў Пан Пану майму: сядзь праваруч Мяне,
 

пакуль не пакладу ворагаў Тваіх як падножжа для ног тваіх”.
 

Калі Давід называе Яго Панам, то які ж Ён яму сын?»
 

І калі ўвесь народ слухаў, Езус сказаў сваім вучням:
 

«Асцерагайцеся кніжнікаў, якія любяць хадзіць у доўгіх шатах, любяць прывітанні на рынках, першыя лавы ў сінагогах і першыя месцы на гасцінах.
 

Яны аб’ядаюць дамы ўдоў і доўга моляцца напаказ; яны атрымаюць найбольшы прысуд».