Яна 2 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Вітаўта Тумаша
А на трэці дзень было вяселле ў Кане Галілейскай, і Маці Езуса была там.
Быў запрошаны на вяселле таксама Езус і вучні Ягоныя.
Калі скончылася віно, Маці Езуса сказала Яму: «Не маюць віна».
Адказаў Ёй Езус: «Ці гэта Мая або Твая справа, жанчына? Яшчэ не прыйшла гадзіна Мая».
Маці Яго сказала слугам: «Тое, што Ён скажа вам, зрабіце».
Было ж там шэсць каменных збаноў, пастаўленых для юдэйскага ачышчэння, якія змяшчалі дзве або тры меры.
Сказаў ім Езус: «Напоўніце збаны вадою». І напоўнілі іх аж даверху.
І кажа ім: «Цяпер чэрпайце і нясіце кіраўніку вяселля». І яны занеслі.
Калі ж кіраўнік вяселля пакаштаваў вады, што стала віном (а ён не ведаў, адкуль яно, ведалі толькі слугі, якія чэрпалі ваду), паклікаў жаніха
і сказаў яму: «Кожны чалавек падае спачатку добрае віно, а калі нап’юцца, тады горшае. Ты ж збярог добрае віно аж дагэтуль».
Такі пачатак знакаў учыніў Езус у Кане Галілейскай і паказаў славу сваю, і паверылі ў Яго вучні Ягоныя.
Пасля гэтага прыйшоў у Кафарнаум, Ён і Маці Ягоная, і браты, і вучні Ягоныя, і прабылі там некалькі дзён.
Набліжалася юдэйская Пасха, і Езус увайшоў у Ерузалем.
У святыні знайшоў тых, хто гандляваў валамі, авечкамі і галубамі, а таксама мянялаў, якія сядзелі там.
Ён зрабіў біч з вяровак, павыганяў усіх са святыні, і авечак, і валоў, і грошы мянялаў парассыпаў, а сталы перавярнуў.
А гандлярам галубамі сказаў: «Забярыце гэта адсюль! Не рабіце дом Айца Майго домам гандлю».
І прыгадалі вучні Ягоныя, што напісана: «Руплівасць аб доме Тваім паглынае Мяне».
На гэта юдэі сказалі Яму ў адказ: «Якім знакам пакажаш нам, што так можаш рабіць?»
Езус сказаў ім у адказ: «Зруйнуйце святыню гэтую, і Я за тры дні ўзвяду яе».
Юдэі сказалі: «Сорак шэсць гадоў будавалася гэтая святыня, а Ты за тры дні ўзвядзеш яе?»
Ён жа казаў пра святыню свайго цела.
І калі Ён уваскрос, успомнілі вучні Ягоныя, што Ён гэта казаў, і паверылі Пісанню і слову, якое казаў Езус.
А калі Ён быў у Ерузалеме на свята Пасхі, многія паверылі ў імя Ягонае, бачачы знакі, якія Ён чыніў.
Але сам Езус не адкрываўся ім; Ён ведаў усіх
і не меў патрэбы, каб хто-небудзь сведчыў пра чалавека, бо сам ведаў, што было ў чалавеку.