Дзеі 12 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

А ў тым часе падняў цар Ірад рукі, каб мучыць некаторых із царквы,
 
А ў той час валадар Ірад падняў руку, каб рабіць зло некаторым з царквы,

а Якава, брата Іоанавага, дык мячом забіў.
 
а Якуба, брата Яна, забіў мячом.

І, бачучы, што гэта люба Жыдом, наважыўся ўзяць і Пятра (а былі дні праснакоў)
 
І, бачачы, што гэта падабаецца Юдэям, дадаў, што схапіў і Пятра, а былі дні праснакоў,

ды, злавіўшы, пасадзіў у вязьніцу, загадаўшы чатыром чацьвёркам жаўне́раў сьцерагчы яго, манючыся пасьля Пасхі вывясьці яго народу.
 
і, схапіўшы, пасадзіў у вязьні́цу, загадаўшы чатыром чацьвёркам жаўнераў сьцерагчы яго, хочучы пасьля Пасхі вывесьці яго народу.

Гэтак вось Пятра пілнавалі ў вязьніцы; царква́-ж усьцяж малілася за яго Богу.
 
Дык Пятра пільнавалі ў вязьні́цы, а шчырая малітва за яго ўзносілася ад царквы да Бога.

Калі-ж Ірад маніўся вывясьці яго, у тую ноч Пётр спаў міжы двух жаўне́раў, апутаны двума ланцугамі, ды перад дзьвярыма варта пілнавала вязьніцу.
 
Калі ж Ірад меўся вывесьці яго, у тую ноч Пётар спаў між двух жаўнераў, зьвязаны двума ланцугамі, і перад дзьвярыма вартаўнікі пільнавалі вязьні́цу.

І вось Ангел Гасподні стануў перад ім, і сьвятло зазьяла ў будынку. І, ткнуўшы Пятра ў бок, разбудзіў яго ды кажа: Устань хутчэй!
 
І вось, анёл Госпадаў стаў, і сьвятло засьвяціла ў цэлі, і, ударыўшы Пятра ў бок, падняў яго, кажучы: «Устань хутчэй!» І ўпалі з рук ягоных ланцугі.

І зваліліся з рук ягоных ланцугі. Ангел-жа сказаў да яго: Падперажыся й падвяжы пасталы твае́. Зрабіў і гэта. І кажа яму: Надзе́нь вопратку тваю і йдзі за мной.
 
Анёл жа сказаў да яго: «Падперажыся і абуй сандалы твае». Ён зрабіў гэта, і той кажа яму: «Апрані адзеньне тваё і ідзі за мною».

І, выйшаўшы, пайшоў за ім. Ды ня ве́даў, ці праўда тое, што сталася праз Ангела, бо думаў, што бачыць прывід.
 
І, выйшаўшы, пайшоў за ім, і ня ведаў, ці праўда тое, што сталася праз анёла, а думаў, што бачыць ві́дзеж.

Абмінуўшы-ж пе́ршую варту і другую, яны падыйшлі да зяле́зных варотаў, што вялі да ме́ста ды самі сабой расчыніліся ім. І, выйшаўшы, яны прайшлі адну вуліцу, калі Ангел зьнячэўку адстаў ад яго.
 
Абмінуўшы ж першую варту і другую, яны падыйшлі да жалезных брамаў, што вялі ў горад, якія самі расчыніліся ім, і, выйшаўшы, прайшлі адну вуліцу, і анёл адразу адыйшоў ад яго.

І Пётр, прыйшоўшы да сябе́, сказаў: Цяпе́р ве́даю запраўды, што Госпад паслаў Ангела свайго і вырваў мяне́ із рук Ірадавых ды з усяго, чаго ждаў народ Жыдоўскі.
 
І Пётар, прыйшоўшы ў сябе, сказаў: «Цяпер праўдзіва ведаю, што Госпад паслаў анёла Свайго і вырваў мяне з рукі Ірада і з усяго, чаго чакаў народ Юдэйскі».

Аглядзе́ўшыся-ж, пайшоў к дому Марыі, маткі Іоана, называнага Маркам, гдзе многія сабраліся й маліліся.
 
І, агледзеўшыся, прыйшоў у дом Марыі, маці Яна, называнага Маркам, дзе многія сабраліся і маліліся.

Калі-ж Пётр стукаўся ў дзьве́ры се́нцаў, падыйшла паслухаць дзяўчынка, на ймя Рода,
 
А як Пётар стукаўся ў дзьверы брамаў, падыйшла паслухаць служка, на імя Рода,

і, пазнаўшы голас Пятра, ад радасьці не адчыніла дзьве́раў, але, убе́гшы, абвясьціла, што Пётр стаіць перад уваходам.
 
і, пазнаўшы голас Пятра, ад радасьці не адчыніла брамаў, а, убегшы, абвясьціла, што Пётар стаіць перад брамамі.

Тыя-ж сказалі да яе́: Ты ашале́ла. Але яна казала, што гэта так. Яны-ж гаварылі: гэта Ангел ягоны.
 
Яны ж сказалі да яе: «Ты звар’яцела». А яна настойвала, што гэта ён. Яны ж казалі: «Гэта анёл ягоны».

Пётр жа не пераставаў стукацца. Калі-ж адчынілі, убачылі яго і здуме́ліся.
 
А Пётар працягваў стукацца. Адчыніўшы, яны ўбачылі яго і зьдзівіліся.

Паказаўшы-ж рукой, каб маўчалі, расказаў ім; як Госпад вывеў яго із вязьніцы. І сказаў: Павядомце аб гэтым Якава і братоў. І, выйшаўшы, пайшоў у другое ме́сца.
 
Ён жа, даўшы знак рукою, каб маўчалі, распавёў ім, як Госпад вывеў яго з вязьні́цы. І сказаў: «Абвясьціце пра гэта Якубу і брата́м». І, выйшаўшы, пайшоў у іншае месца.

Калі-ж настаў дзе́нь, сярод жаўне́раў узьнялася трывога вялікая: што сталася з Пятром?
 
А як настаў дзень, было хваляваньне немалое ў жаўнераў адносна таго, што магло стацца з Пятром.

Ірад жа, пашукаўшы ды не знайшоўшы яго, судзіў вартаўнікаў і загадаў сказьніць іх. І, перабраўшыся з Юдэі ў Кесарыю, жыў.
 
Ірад жа, шукаючы яго і не знайшоўшы яго, дапытаўшы вартаўнікоў, загадаў вывесьці іх [на сьмерць]. І, зыйшоўшы з Юдэі ў Цэзарэю, быў [там].

А Ірад маніўся ваяваць з Тырыйцамі й Сіданійцамі. Яны-ж, змовіўшыся, прыйшлі да яго і, скланіўшы Уласта, пасьце́льніка царскага, прасілі міру, бо іхняя краіна кармілася ад царскае.
 
А быў Ірад дужа зазлаваны на Тырцаў і Сідонцаў. Яны ж аднадушна прыйшлі да яго і, пераканаўшы Бласта, падкаморага валадарскага, прасілі міру, бо іхняя краіна жывілася ад валадарскае.

У вызначаны-ж дзе́нь Ірад, апрануўшыся ў царскія шаты ды се́ўшы на пасадзе, прамаўляў да іх,
 
У вызначаны ж дзень Ірад, апрануўшы валадарскае адзеньне і сеўшы на судовым пасадзе, прамаўляў да іх,

а народ крычэў: Голас Божы, а не чалаве́чы!
 
а народ крычаў: «Голас бога, а не чалавека!»

Зьнячэўку Ангел Гасподні паразіў яго за тое, што не аддаў хвалы Богу, і, зае́дзены чэрвямі, ён паме́р.
 
А анёл Госпадаў адразу ўдарыў яго за тое, што ён не аддаў славу Богу, і, заедзены чэрвямі, ён памёр.

Слова-ж Божае разрасталася й памнажалася.
 
А слова Божае расло і памнажалася.

А Варнава й Саўл, споўніўшы даручэньне, пайшлі назад з Ерузаліму, узяўшы з сабой такжа Іоана, называнага Маркам.
 
А Барнаба і Саўл, споўніўшы служэньне, вярнуліся з Ерусаліму, узяўшы з сабою Яна, якога звалі Маркам.