Дзеі 24 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Антонія Бокуна
А праз пяць дзён прыйшоў архірэй Ананія з старшымі ды не́йкім рытарам Тэртуллам і выступілі перад старастай проці Паўлы.
А праз пяць дзён прыйшоў першасьвятар Ананія са старшынямі і нейкім рытарам Тэртулам, якія выступілі перад ваяводам супраць Паўла.
Пакліканы-ж, пачаў вінаваціць яго Тэртулл, гаворачы:
А калі таго паклікалі, пачаў абвінавачваць яго Тэртул, гаворачы:
Дазнаючы праз цябе́ вялікага супакою ды шчасьця, што сталася народу гэтаму тваім адумам, заўсёды й усюды прыймаем мы (гэта), вяльможны Фэліксе, з усе́ю ўдзячнасьцяй.
«Дазнаючы праз цябе вялікага супакою і дабрабыту, якія сталіся ў народзе гэтым праз тваю апеку, заўсёды і паўсюль прыймаем мы гэта, вяльможны Фэліксе, з усёю ўдзячнасьцю.
Але, каб табе́ шмат не дакучаць, прашу цябе́ каротка выслухаць нас паводле ласкавасьці твае́й.
А каб табе шмат не дакуча́ць, прашу цябе каротка выслухаць нас паводле спагаднасьці тваёй.
Бо, знайшоўшы, што чалаве́к гэты ёсьць зараза, будзіцель бунту сярод Жыдоў на ўсе́нькім сьве́це ды павадыр гэрэзіі Назарэйскае,
Бо, знайшоўшы, што муж гэты — пошасьць, будзіцель бунту сярод Юдэяў па ўсім сусьвеце і правадыр герэзіі Назарэйскае,
які й храм адважыўся зьнява́жыць, — мы ўзялі яго й хаце́лі судзіць паводле нашых законаў.
які сьвятыню спакусіўся зьняважыць, мы затрымалі яго і хацелі судзі́ць паводле нашага закону.
Але прыйшоў тысячнік Лізі ды з вялікім гвалтам забраў яго із нашых рук,
А тысячнік Лізі, прыйшоўшы, з вялікім гвалтам забраў яго з нашых рук,
загадаўшы абвініцелям ягоным ісьці да цябе́. Ад яго ты сам можаш, распытаўшыся, даве́дацца аб усім тым, у чым мы вінавацім яго.
загадаўшы абвінавальнікам ягоным ісьці да цябе. Ад яго ты сам можаш, дасьледаваўшы ўсё гэта, даведацца, у чым мы вінавацім яго».
Пацьвярдзілі-ж і Жыды, кажучы, што гэта так.
Пацьвердзілі і Юдэі, кажучы, што гэта так.
Паўла-ж, як стараста даў яму знак гаварыць, адказаў: Ве́даючы цябе́ многа год, як судзьдзю гэтага народу, я тым ахватне́й буду бараніці справу маю.
А Павал адказаў, калі ваявода даў яму знак гаварыць: «Ведаючы, што ты шмат год судзьдзя гэтага народу, я ахвотней буду адказваць адносна [справы] маёй.
Ты можаш даве́дацца, што ня больш, як дванаццаць дзён назад, прыйшоў я пакланіцца ў Ерузалім.
Ты можаш даведацца, што ня больш, як дванаццаць дзён прайшло, як узыйшоў я пакланіцца ў Ерусалім.
І ані ў храме не знайшлі мяне́ хоць з кім спрачаючыся ці бунтуючы народ, ані ў сынагогах, ані ў горадзе,
І ані ў сьвятыні не знайшлі мяне, што я з некім вяду гутарку ці бунтую натоўп, ані ў сынагогах, ані ў горадзе,
дый ня могуць даказаць таго, у чым цяпер вінавацяць мяне́.
і яны ня могуць давесьці таго, у чым цяпер вінавацяць мяне.
Але табе́ прызнаюся ў тым, што на шляху, які яны гэрэзіяй называюць, я служу гэтак Богу айцоў, ве́ручы ўсяму, што згодна з законамі ды што напісана ў Прарокаў,
Але прызнаюся табе, што паводле шляху, які яны герэзіяй называюць, я гэтак служу Богу бацькоў, верачы ўсяму, што напісана ў Законе і ў Прарокаў,
маючы надзею на Бога, што мае быць ускрасе́ньне мёртвых, праведных і няправедных, чаго й самі яны чакаюць.
маючы надзею на Бога, што ма́е быць уваскрасеньне мёртвых, праведных і няправедных, чаго яны і самі чакаюць.
Дзеля гэтага й сам я крэпка стараюся ме́ць заўсёды чыстае сумле́ньне перад Богам і перад людзьмі.
Дзеля гэтага я сам намагаюся мець заўсёды чыстае сумленьне перад Богам і перад людзьмі.
Цераз многа год прыйшоў я чыніць дораньне народу майму ды ахвяры,
Праз шмат год я прыйшоў чыніць міласьціны для народу майго і дары.
і на гэтым знайшлі мяне́ ачышчанага ў храме некаторыя Жыды із Азіі, а не з таўпой ды ўзварушэньнем;
Пры гэтым знайшлі мяне ачышчанага ў сьвятыні некаторыя Юдэі з Азіі, а не з натоўпам і не з замяшаньнем.
вось ім трэба было прыйсьці да цябе́ й вінаваціць мяне́, калі-б не́шта проці мяне́ ме́лі.
Яны мусяць прыйсьці да цябе і абвінавачваць, калі нешта маюць супраць мяне.
Або самі гэтыя няхай скажуць, ці знайшлі ў-ва мне́ які грэх, як я стаяў перад сынэдрыонам,
Або самі гэтыя няхай скажуць, ці знайшлі ў-ва мне якую крыўду, калі я стаяў перад сынэдрыёнам.
апрача аднаго гэтага голасу, што крыкнуў, стоючы сярод іх: што сяньня яны судзяць мяне́ за ўваскрасе́ньне мёртвых.
Ці адно тое слова, якое я крыкнуў, як стаяў сярод іх, што сёньня вы су́дзіце мяне за ўваскрасеньне мёртвых».
Пачуўшы гэтае, Фэлікс адлажыў справу іхнюю, падрабне́й разьве́даўшы аб шляху гэтым ды сказаўшы: Як прыйдзе тысячнік Лізі, разгле́джу справу вашу.
Пачуўшы гэтае, Фэлікс адклаў [справу] іхнюю, сказаўшы: «Дакладней даведаўшыся пра шлях гэты, як прыйдзе тысячнік Лізі, разгледжу [справу] вашую».
І загадаў сотніку сьцерагчы Паўлу ды даваць яму волю й не забараняць нікому з ягоных служыць яму й прыхадзіць да яго.
І загадаў сотніку пільнаваць Паўла, але даваць палёгку і не забараняць нікому з ягоных служыць яму і прыходзіць да яго.
Праз колькі дзён Фэлікс, прыйшоўшы з Друзіллаю, жонкаю свае́ю, што была Жыдоўка, паклікаў Паўлу і слухаў яго аб ве́ры ў Хрыста.
А праз некалькі дзён Фэлікс, прыйшоўшы з Друзілаю, жонкаю сваёю, якая была Юдэйкаю, паклікаў Паўла і слухаў яго пра веру ў Хрыста.
А як той гаварыў аб справядлівасьці й узьдзяржаньні ды аб судзе́, што мае быці, дык Фэлікс, спалохаўшыся, адказаў: Цяпе́р годзе, ідзі; як выбяру час, паклічу цябе́.
А як той вёў гутарку пра праведнасьць, і стрыманасьць, і пра будучы суд, Фэлікс, спалохаўшыся, адказаў: «Цяпер годзе, ідзі, а як знайду час, паклічу цябе».
Да таго-ж ён спадзяваўся, што дастане грошы ад Паўлы, каб звольніў яго; дык, часта заклікаючы яго, гутарыў з ім.
Пры гэтым ён, спадзяючыся, што атрымае грошы ад Паўла, каб звольніў яго, часта клічучы яго, гутарыў з ім.
А як скончыліся два гады, дастаў Фэлікс замясьціцеля Поркія Фэста; каб-жа прыдбаць ласку Жыдоў, Фэлікс пакінуў Паўлу ў путах.
А як споўніліся два гады, Фэлікс атрымаў наступніка Порцыя Фэста, і, хочучы зрабіць ласку Юдэям, Фэлікс пакінуў Паўла ўвязьненым.