Дзеі 6 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Антонія Бокуна
У тыя-ж дні, як намножылася вучняў, узьнялося нараканьне Грэцкіх на Гэбрэяў, што ў штодзённым служэньні ня ру́пяцца аб удовах іхніх.
А ў гэтыя дні, калі памножылася вучняў, сталася нараканьне Эліністаў на Гебраяў, што ў штодзённым служэньні занядбоўваюцца ўдовы іхнія.
Дык дванаццацёра, склікаўшы грамаду вучняў, сказалі: Ня гожа нам, пакінуўшы слова Божае, служыць за сталом.
Дванаццаць жа, паклікаўшы мноства вучняў, сказалі: «Ня гожа нам, пакінуўшы слова Божае, служыць пры сталах.
Вось-жа, браты, нагле́дзьце спасярод вас се́м дазнаных мужоў, поўных Духа Сьвятога й мудрасьці, якіх паставім на гэту патрэбу,
Дык нагледзьце спасярод вас, браты, сем засьведчаных мужоў, поўных Духа Сьвятога і мудрасьці, якіх мы паставім на гэтую патрэбу,
а мы ўсьцяж будзем на малітве й служэньні слова.
а мы будзем трываць у малітве і служэньні слова».
І спадабалася слова гэтае ўсе́нькай грамадзе. І выбралі Сьцяпана, мужа поўнага ве́ры й Духа Сьвятога, і Піліпа й Прахора й Ніканора, і Тымона ды Парме́на, і Мікалая Антыахійца, нованаве́рненага,
І спадабалася слова гэтае перад абліччам усяго мноства, і выбралі Стэфана, мужа, поўнага веры і Духа Сьвятога, і Філіпа, і Прохара, і Ніканора, і Тымона, і Пармэна, і Мікалая Антыяхійца, празэліта.
ды паставілі іх перад Апосталамі; і яны, памаліўшыся, узлажылі на іх рукі.
Іх паставілі перад апосталамі; і яны, памаліўшыся, усклалі на іх рукі.
І слова Божае расло, і лічба вучняў у Ерузаліме ве́льмі мно́жылася, ды вялікае множства сьвяшчэньнікаў скары́лася перад ве́рай.
І слова Божае расло, і вучні ў Ерусаліме вельмі множыліся лікам, і вялікая колькасьць сьвятароў паслухаліся веры.
Сьцяпан-жа, поўны ве́ры й сілы, рабіў цуды й знаме́ньні вялікія ў народзе.
А Стэфан, поўны веры і сілы, чыніў цуды і знакі вялікія ў народзе.
І паўсталі некаторыя із школы, называнай Лібэртынскай, ды з Кірэнэйскай і Александрыйскай, дый з тых, што з Кілікіі й Азіі, разважаючы разам з Сьцяпанам;
Паўсталі ж некаторыя з сынагогі, называнай Лібэртынскай, і Кірэнэйскай, і Александрыйскай, і тых, што з Кілікіі і Азіі, спрачаючыся са Стэфанам,
ды ня здолелі ўстая́ці супраць мудрасьці й духа, якім прамаўляў.
і ня здолелі супрацьстаць мудрасьці і Духу, Якім ён гаварыў.
Тады падбілі людзе́й, каб казалі: што чулі мы яго, як гаварыў рэчы ганебныя на Майсе́я і Бога.
Тады падбілі мужоў сказаць: «Мы чулі яго, як гаварыў словы блюзьне́рскія на Майсея і Бога».
І падбурылі народ і старшызну ды кніжнікаў і, напаўшы, схапілі яго й павялі ў сынэдрыон,
І падбурылі народ, і старшыняў, і кніжнікаў, і, стаўшы, схапілі яго, і прывялі ў сынэдрыён.
і паставілі фальшывых сьве́дкаў, якія казалі: Гэты чалаве́к ня кідае гаварыць гане́бныя рэчы супраць гэтага сьвятога ме́сца й супраць закону,
І паставілі яны хлусьлівых сьведкаў, якія казалі: «Гэты чалавек не перастае гаварыць словы блюзьне́рскія супраць гэтага сьвятога месца і супраць Закону,
бо мы чулі, як ён казаў: што Ісус Назарэй зруйнуе ме́сца гэтае ды пазьмяняе звычаі, што перадаў нам Майсе́й.
бо мы чулі, як ён казаў, што Ісус з Назарэту зруйнуе месца гэтае і зьменіць звычаі, якія перадаў нам Майсей».
І ўсе́ тыя, што сядзе́лі ў сынэдрыоне, пільна ўзіраючыся на яго, бачылі аблічча ягонае, як аблічча Ангела.
І ўсе тыя, што сядзелі ў сынэдрыёне, углядаючыся на яго, бачылі аблічча ягонае, нібыта аблічча анёла.