Дзеі 15 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Антонія Бокуна
Некаторыя-ж, што прыйшлі з Юдэі, навучалі братоў: калі ня будзеце абрэзаны па звычаю Майсе́яваму, ня можаце спасьціся.
І некаторыя, што прыйшлі з Юдэі, навучалі братоў: «Калі ня будзеце абрэзаны паводле звычаю Майсея, ня можаце быць збаўленыя».
Калі-ж узьнялася немалая спорка й змаганьне з імі ў Паўлы й Варнавы, пастанавілі, каб Паўла й Варнава й некаторыя другія спасярод іх пайшлі з гэтай справай да Апосталаў і старшых у Ерузалім.
Тады сталася немалое змаганьне і спрэчка з імі ў Паўла і Барнабы, і вызначылі, каб Павал і Барнаба, і некаторыя іншыя з іх узыйшлі наконт гэтай спрэчкі да апосталаў і старостаў у Ерусалім.
Вось жа яны, пасланыя царквой, праходзілі праз Фінікію ды Самарыю, апавядаючы аб навароце паганаў; і радасьць вялікую рабілі ўсім братом.
Яны ж, праведзеныя царквою, праходзілі праз Фінікію і Самарыю, распавядаючы пра навяртаньне паганаў; і зрабілі радасьць вялікую ўсім брата́м.
Прыйшоўшы-ж у Ерузалім, яны былі прыняты царквой і апосталамі ды старшымі і расказалі, што з імі ўчыніў Бог.
А прыйшоўшы ў Ерусалім, яны былі прынятыя царквою, і апосталамі, і старостамі, і расказалі ўсё, што Бог учыніў з імі.
І паўсталі некаторыя із гэрэзіі Фарысэйскае, што ўве́равалі, кажучы, што трэба іх абрэзаць ды наказаць, каб трымаліся закону Майсе́явага.
Падняліся ж некаторыя з герэзіі фарысэйскае, якія былі паверыўшыя, кажучы, што трэба іх абрэзаць і загадаць захоўваць закон Майсея.
І сабраліся Апосталы й старшыя разглядзе́ць гэту справу.
І сабраліся апосталы і старосты разгледзець наконт слова гэтага.
Як-жа ўзьнялося вялікае змаганьне, Пётр, устаўшы, сказаў: Мужы браты! вы ве́даеце, што ад даўных дзён Бог выбраў сярод нас, каб праз мае́ вусны чулі пагане слова Эвангельля ды ўве́равалі;
А як сталася вялікая спрэчка, Пётар, устаўшы, сказаў ім: «Мужы браты! Вы ведаеце, што ад дзён старадаўных Бог выбраў сярод нас, каб праз мае́ вусны пачулі пагане слова Эва́нгельля і паверылі.
і знаўца сэрцаў, Бог, быў сьве́дкай ім, даўшы ім Духа Сьвятога, як і нам,
І Знаўца сэрцаў, Бог, засьведчыў ім, даўшы ім Духа Сьвятога, як і нам,
і не адрожніў нічога міжы намі й імі, ве́раю ачысьціўшы сэрцы іхнія.
і ніяк не адрозьніў між намі і імі, вераю ачысьціўшы сэрцы іхнія.
Дык чаго-ж цяпе́р спакушаеце Бога, каб узлажыў на шыі вучняў ярмо, насіць якое ня здолелі ні айцы нашыя, ні мы?
Дык цяпер навошта вы спакушаеце Бога, каб ускласьці на шыі вучняў ярмо, насіць якое ня здолелі ані бацькі́ нашыя, ані мы?
Але мы ве́рым, што спасе́мся міласьцяй Госпада Ісуса Хрыста, гэтак сама, як і яны.
Але мы верым, што збаўленыя праз ласку Госпада Ісуса Хрыста, гэтак сама, як і яны».
І змоўкла ўся грамада, і слухалі Варнаву й Паўлу, апавядаўшых, якія знакі й цуды зрабіў праз іх Бог сярод паганаў.
І замаўчала ўсё мноства, і слухалі Барнабу і Паўла, якія распавядалі, якія знакі і цуды ўчыніў праз іх Бог сярод паганаў.
Калі-ж тыя змоўклі, адказаў Якаў, мовячы: Браты мужы! Паслухайце мяне́!
Калі ж яны замаўчалі, адказаў Якуб, кажучы: «Мужы браты! Паслухайце мяне!
Сымон вытлумачыў, як Бог пе́рш глянуў на паганаў, каб узяць із іх народ іме́ньню Свайму,
Сымон распавёў, як спачатку Бог нагледзеў узяць з паганаў народ дзеля імя Свайго,
і з гэтым згаджаюцца словы Прарокаў, як напісана:
і з гэтым згаджаюцца словы Прарокаў, як напісана:
Пасьля гэтага вярнуся і збудую палатку Давідаву, што звалілася, і руіны яе́ адбудую й папраўлю яе́:
“Пасьля гэтага вярнуся, і адбудую намёт Давіда, які заваліўся, і зруйнаванае ў ім адбудую, і выпрастую яго,
каб Госпада шукала рэшта людзе́й ды ўсе́ народы, на якіх прызвана імя Мае́, — кажа Госпад, які робіць усё гэта.
каб шукалі Госпада пазасталыя людзі і ўсе народы, на якіх будзе прызвана імя Маё, — кажа Госпад, Які робіць усё гэта”.
Ад вякоў ве́дамы Богу ўсе́ дзелы Ягоныя.
Ад вякоў вядомыя Богу ўсе справы Ягоныя.
Дык я лічу, што ня трэба абцяжаць навярнуўшыхся ад паганаў к Богу,
Дзеля гэтага я суджу ня мучыць тых з паганаў, якія зьвярнуліся да Бога,
але напісаць ім, каб узьдзе́ржываліся ад гідотаў ідальскіх і блуду, ад душанага і крыві;
але напісаць ім, каб высьцерагаліся гідотаў ідальскіх, і распусты, і душанага, і крыві;
бо Майсе́й ад даўных родаў ма́е па ме́стах абвяшчаючых яго ў сынагогах, чыта́ны кожную суботу.
бо [закон] Майсея ад старадаўных пакаленьняў ма́е ў гарадах тых, хто абвяшчае яго, чытаны ў сынагогах кожную суботу».
Тады надумалі Апосталы і старшыя разам з усе́й царквой паслаць у Антыохію з Паўлам і Варнавай выбраных спасярод сябе́ людзе́й: Юду, называнага Варсавай, ды Сілу, мужоў перадавы́х сярод братоў,
Тады надумалі апосталы і старосты разам з усёй царквою, выбраўшы спасярод сябе мужоў, паслаць у Антыёхію з Паўлам і Барнабам Юду, называнага Барсабам, і Сілу, мужоў перадавых сярод братоў,
напісаўшы праз рукі іх гэтак: Апосталы і старшыя і браты — братом із паганаў у Антыохіі і Сірыі і Кілікіі: радуйцеся!
напісаўшы рукамі сваімі гэтак: «Апосталы, і старосты, і браты — брата́м з паганаў у Антыёхіі і Сірыі, і Кілікіі: радавацца!
Пачуўшы, што некаторыя, прыходзячы ад нас, устрывожылі вас словамі ды захісталі душамі вашымі, кажучы абрэзывацца і трымацца закону, чаго мы ім не даручалі,
Пачуўшы, што некаторыя, што прыйшлі ад нас, стрывожылі вас словамі, захістаўшы ду́шы вашыя, кажучы абрэзывацца і захоўваць Закон, чаго мы не загадвалі,
надумалі мы, сабраўшыся аднадушна, паслаць да вас выбраных людзе́й разам з любымі нам Варнавай і Паўлам,
надумалі мы, сабраўшыся аднадушна, паслаць да вас выбраных мужоў разам з улюбёнымі нашымі Барнабам і Паўлам,
людзьмі, аддаўшымі душы свае́ за імя Госпада нашага Ісуса Хрыста.
людзьмі, якія аддалі ду́шы свае за імя Госпада нашага Ісуса Хрыста.
Вось-жа паслалі мы Юду й Сілу, якія абве́сьцяць вам тое-ж і словамі.
Дык паслалі мы Юду і Сілу, і яны словамі паведамяць тое самае.
Бо надумалася Духу Сьвятому і нам ніякага больш цяжару на вас не ўскладаць, апрача гэтага неабходнага:
Бо надумалася Духу Сьвятому і нам ніякага больш цяжару на вас не ўскладаць, акрамя гэтага неабходнага:
узьдзе́ржывацца ад жэртваў ідалам, ад крыві й душанага, ды ад блуду; высьцерагаючыся гэтага, зробіце добра. Бывайце здаровыя.
сьцерагчыся ахвяраў ідалам, і крыві, і душанага, і распусты. Захоўваючы сябе ад гэтага, зробіце добра. Бывайце здаровыя».
Пасланыя-ж прыйшлі ў Антыохію і, сабраўшы грамаду, аддалі пісьмо.
Тады тыя, што былі пасланыя, прыйшлі ў Антыёхію і, сабраўшы мноства, аддалі пасланьне.
І, прачытаўшы, яны зрадзе́лі ад гэтага павучэньня.
А тыя, прачытаўшы, узрадаваліся ад гэтага пацяшэньня.
Юда-ж і Сіла, якія й самі былі прарокамі, многімі словамі навучалі братоў ды ўмацоўвалі іх.
Юда і Сіла, якія былі і прарокамі, многімі словамі пацяшалі братоў і ўмацоўвалі.
Прабыўшы там час, яны былі з мірам адасланы братамі да Апосталаў.
Прабыўшы ж там [нейкі] час, яны былі ў супакоі пасланыя братамі да апосталаў.
Але Сіле надумалася астацца тамака.
А Сіле надумалася застацца там.
Паўла-ж і Варнава пажылі ў Антыохіі, навучаючы і абвяшчаючы разам з многімі другімі слова Гасподняе.
Паўла ж і Барнаба былі ў Антыёхіі, навучаючы і дабравесьцячы разам з многімі другімі слова Госпадава.
А цераз не́калькі дзён сказаў Паўла Варнаве: Ве́рнемся й даве́даемся братоў нашых па ўсіх място́х, дзе́ мы абвяшчалі слова Гасподняе: як яны маюцца?
А праз колькі дзён сказаў Павал да Барнабы: «Вярнуўшыся, адведаем братоў нашых ва ўсіх гарадах, у якіх мы прапаведвалі слова Госпадава, як яны маюцца».
Варнава-ж радзіў узяць з сабой Іоана, называнага Маркам.
Барнаба ж пастанавіў узяць з сабою Яна, называнага Маркам.
Але Паўла думаў ня браць яго з сабою, бо ён адстаў ад іх ад Памфіліі ды не пайшоў з імі на дзе́ла.
А Павал лічыў ня вартым браць яго з сабою, бо ён адыйшоў ад іх у Памфіліі і не пайшоў з імі на гэтую справу.
Дык узьнялася сварка, ажно яны разлучыліся адзін з адным, і Варнава, узяўшы Марка, адплыў на Кіпр.
Тады сталася спрэчка, так што яны разлучыліся адзін з адным, і Барнаба, узяўшы Марка, паплыў на Кіпр.
Паўла-ж пайшоў, выбраўшы сабе́ Сілу, даручоны братамі міласьці Божай.
А Павал, паклікаўшы Сілу, пайшоў, аддадзены братамі ласцы Божай,
І праходзіў праз Сірыю й Кілікію, умацоўваючы цэрквы.
і праходзіў праз Сірыю і Кілікію, умацоўваючы цэрквы.