Да Рымлянаў 15 разьдзел
Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Антонія Бокуна
Мы, дужыя, мусім перанасіць не́мачы слабых, а не сабе́ дагаджаць.
Мы, моцныя, павінны насіць слабасьці нямоглых і не дагаджаць сабе.
Бо кожны з нас няхай дагаджае бліжняму на дабро, на збудаваньне.
Бо кожны з нас няхай дагаджае бліжняму на дабро, дзеля збудаваньня.
Бо і Хрыстос не Сабе́ дагаджаў, але, як напісана: Зьняважаньні зьнязажаючых Цябе́ выпалі на мяне́ (Псальм 68:10).
Бо і Хрыстос не Сабе дагаджаў, але, як напісана: «Зьнявагі тых, якія зьневажаюць Цябе, упалі на Мяне».
Бо ўсё, што напісана было ране́й, напісана нам дзеля навукі, каб праз цярплівасьць і паце́ху Пісаньня ме́лі надзею.
Бо ўсё, што было напісана, было напісана дзеля нашага навучаньня, каб праз цярплівасьць і суцяшэньне з Пісаньняў мы мелі надзею.
А Бог цярплівасьці і паце́хі няхай дасьць вам аднолькава думаць сярод сябе́ паводле навукі Хрыста Ісуса,
А Бог цярплівасьці і суцяшэньня няхай дасьць вам тое самае думаць між сабою паводле [ўзору] Хрыста Ісуса,
каб вы аднадушна, аднымі вуснамі выслаўлялі Бога і Айца Госпада нашага Ісуса Хрыста.
каб вы аднадушна, аднымі вуснамі славілі Бога і Айца Госпада нашага Ісуса Хрыста.
Дзеля гэтага прымайце адзін аднаго, як і Хрыстос прыняў вас у славу Божую.
Дзеля гэтага прыймайце адзін аднаго, як і Хрыстос прыняў нас у славу Божую.
Кажу-ж, што Ісус Хрыстос стаўся служкаю абрэзаньня — дзеля праўды Божай, каб выпаўніць абяцанае айцоў.
Бо я кажу, што Ісус Хрыстос стаўся служыцелем абразаньня дзеля праўды Божай, каб пацьве́рдзіць абяцаньні бацька́м,
А для паганаў — з літасьці, каб славілі Бога, як напісана: За гэта буду славіць Цябе́ між паганамі і сьпяваць іме́ньню Твайму (Псальм 17:50).
а [служыцелем] паганаў — дзеля літасьці, каб славілі Бога, як напісана: «Дзеля гэтага буду вызнаваць Цябе між паганамі і сьпяваць пра імя Тваё».
І яшчэ сказана: Узьвесяліцеся, пагане, з народам Яго! (Другазаконьне 32:43.)
І яшчэ кажа: «Узьвесяліцеся, пагане, з народам Яго!»
І яшчэ: хвале́це Госпада, усе́ пагане, і слаўце Яго, усе́ народы! (Псальм 116:1.)
І яшчэ: «Хваліце Госпада, усе пагане, і ўсхваляйце Яго, усе народы!»
Ісая таксама кажа: будзе корань Ясе́явы і Той, што́ паўстане, валадаць народамі; на Яго пагане спадзявацца будуць (Ісая 11:10).
І яшчэ Ісая кажа: «Будзе корань Есэя, Той, Які паўстане, панаваць над народамі; на Яго народы спадзявацца будуць».
Бог жа надзе́і няхай напоўніць вас усякай радасьцяй і мірам у ве́ры, каб вы, сілаю духа Сьвятога, абагаціліся надзеяй.
А Бог надзеі няхай напоўніць вас усякай радасьцю і супакоем у веры, каб памножыць у вас надзею моцаю Духа Сьвятога.
І сам я перакананы аб вас, браты маі, што і вы поўныя дабраты, напоўненыя усякаю ве́даю і можаце навучаць адзін аднаго.
І я сам, браты мае, перакананы адносна вас, што і вы поўныя добрасьці, напоўненыя ўсякім веданьнем і можаце настаўляць адзін аднаго.
Сьмяле́й жа пісаў я вам, браты, часткова як-бы дзеля напамінаньня вам, праз даную мне́ ад Бога ласку
А тым сьмялей пісаў я да вас, браты, часткова, каб нагадаць вам праз дадзеную мне ад Бога ласку
быць мне́ служкаю Ісуса Хрыста сярод паганаў, сьвятарна абвяшчаючы Эвангельле Божае, каб ахвяра паганаў, асьвячоная Духам Сьвятым, была ўгодна Богу.
быць мне служыцелем Ісуса Хрыста для паганаў, сьвятарна служачы Эва́нгельлю Божаму, каб ахвяра паганаў, асьвячоная Духам Сьвятым, была адпаведнай.
Маю вось пахвалу ў Ісусе Хрысьце́ ў тым, што (датычыцца) Бога:
Дык ма́ю пахвалу́ ў Хрысьце Ісусе ў тым, што Божае,
бо не адважуся сказаць што-не́будзь, чаго ня зьдзе́яў Хрыстос праз мяне́ на послух паганаў, словам і дзе́лам,
бо не адважуся гаварыць нешта такое, чаго не зрабіў Хрыстос праз мяне дзеля [прывядзеньня да] паслухмянасьці паганаў, словам і справаю,
сілаю знакоў і цудаў, сілаю Духа Божага; гэтак Эвангельле Хрыстовае пашырана мною ад Ерузаліму і ваколіц да Ілірыка.
у моцы знакаў і цудаў, у моцы Духа Божага, так што Эва́нгельле Хрыстовае пашырана мною ад Ерусаліму і ваколіцы аж да Ілірыка.
Гэтак я стараўся абвяшчаць Эвангельле ня там, гдзе́ ўжо было вядома імя Хрыстовае, каб не будаваць на чужой аснове,
А пры гэтым я намагаўся дабравесьціць ня там, дзе быў абвешчаны Хрыстос, каб не будаваць на чужым падмурку,
але як напісана: Каму не абве́шчана аб Ім, убачаць, і хто ня чуў, даве́даюцца (Ісая 52:15).
але, як напісана: «Тыя, якім не было абвешчана пра Яго, убачаць, і тыя, якія ня чулі, зразумеюць».
Цераз гэтае я шмат разоў і ме́ў перашкоду прыйсьці да вас.
Дзеля гэтага я і меў шмат перашкодаў, каб прыйсьці да вас.
Цяпе́р жа, ня маючы больш ме́сца ў гэных краінах, ды з даўных год маючы жаданьне прыйсьці да вас,
Цяпер жа, ня маючы больш месца ў гэтых краях і шмат год маючы жаданьне прыйсьці да вас,
як толькі пакіруюся ў Гішнанію, прыду да вас. Бо спадзяюся, праходзячы, пабачыцца з вамі, ды што вы правядзецё мяне́ туды, як толькі крыху наце́шуся вамі.
як толькі пайду ў Гішпанію, прыйду да вас, бо спадзяюся, праходзячы, пабачыцца з вамі, і што вы правядзяцё мяне туды, калі часткова насычуся [супольнасьцю] з вамі.
Цяпер-жа я йду ў Ерузалім паслужыць сьвятым;
А цяпер я іду ў Ерусалім паслужы́ць сьвятым,
бо Македонія і Ахайя надумалі ўдзяліць не́шта бе́дным сьвятым у Ерузаліме. Надумалі, але й вінаватыя ім.
бо спадабалася Македоніі і Ахаі зрабіць нейкую падтрымку ўбогім сьвятым, якія ў Ерусаліме.
Бо, калі пагане зрабіліся ўчасьнікамі ў іх духоўным, дык павінны і ім паслужыць у цяле́сным.
Спадабалася, бо яны вінаватыя іхнія, бо калі пагане сталіся супольнікамі іхнімі ў духоўным, дык павінны паслужы́ць ім у цялесным.
Выпаўніўшы вось гэтае і даставіўшы ім пад пячацяй гэты плод, пайду праз вас у Гішпанію.
А зьдзейсьніўшы гэта і перадаўшы ім пад пячаткай плод гэты, адыйду праз вас у Гішпанію.
Ве́даю-ж, што, калі прыду да вас, дык прыду ў поўні багаслаўле́ньня Эвангельля Хрыстовага.
А ведаю, што, прыйшоўшы да вас, прыйду ў поўні дабраслаўленьня Эва́нгельля Хрыстовага.
Малю вас, браты, Госпадам нашым Ісусам Хрыстом і любоўю Духа, памагаць мне́ малітвамі за мяне́ да Бога,
Малю ж вас, браты, Госпадам нашым Ісусам Хрыстом і любоўю Духа, стаць разам са мною ў малітвах за мяне да Бога,
каб выбавіцца мне́ ад няве́руючых у Юдэі, і каб служэньне маё для Ерузаліму было ўгодна сьвятым,
каб быць мне выбаўленым ад тых, якія ня вераць, у Юдэі, і каб служэньне маё для Ерусаліму было адпаведным для сьвятых,
каб мне́ воляй Бога ў радасьці прыйсьці да вас і супачыць з вамі.
каб я ў радасьці прыйшоў да вас паводле волі Бога і супачыў з вамі.
Бог жа міру з усімі вамі: Амін.
А Бог супакою [няхай будзе] з усімі вамі. Амэн.