1 да Цімафея 3 разьдзел
Першае пасланьне да Цімафея
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага — арыгінал
Ве́рнае слова: калі хто япіскапства жадае, добрага дзе́ла жадае.
Вернае слова: Калі хто пажадае біскупства — добрай справы хоча.
Дык-жа япіскапу трэба быць беззаганным, аднае́ жаны мужам, цьвярозым, мудрым, чэсным, гасьцінным, навучаючым,
Біскупу належыцца быць беззаганным, мужу аднае жонкі, цьвярозым, растаропным, чэсным, сьціплым, гасьцінным, здольным вучыць,
ня п’яніцай, не забіякай, ня зьдзірцам, але ціхім, неваяўнічым, не срэбралюбцам,
не п'яніцаю, не задзіраю, але далікатным, ня спрэчнікам, не сквапным ( на грошы),
каб добра сваім домам кіраваў, дзяцей у паслухмянасьці дзяржаў з усякай пашанай;
але добрым гаспадаром уласнага дому, маючым паслухмяных дзяцей у ва ўсякай сьціпласьці.
бо хто ня ўме́е кіраваць уласным домам, ці будзе той турбавацца аб Царкве́ Божай?
Калі ж хто ня можа кіраваць сваім домам, як жа будзе мець стараньне аб касьцёле Божым?
(Трэба быць) не з нованаве́рненых, каб не загардзе́ў і не падпаў пад асуджэньне з д’яблам.
Біскупам ня можа быць нованарачэнец (неафіт), каб не ўзьбіўся ў пыху і не папаўся на суд шатанскі.
Трэба яму і сьвядоцтва ме́ць добрае ад вонкавых, каб ня ўпасьці ў дакор і се́ці д’яблавы.
Яму належыць мець добрае пасьведчаньне ад акружаючых, каб ня быў у пагарджэньні і ня трапіў у пастку шатана.
Дыяканам таксама (трэба) быць чэснымі, не двуязычнымі, не прагавітымі на віно, ня зьдзірцамі,
Таксама і дыяканы павінны быць паважныя, не двухязычныя, не за шмат віна ўжываючыя, ня сквапныя да лішняй нажывы,
каб ме́лі тайну ве́ры ў чыстым сумле́ньні.
хаваючыя таямніцу веры ў чыстым сумленьні.
І гэтакіх трэба пе́рш выпрабоўваць, потым, калі беззаганныя, няхай служаць.
Яны павінны быць перш праверанымі, і так няхай служаць службу ня маючы ніякага за сабой праступка.
Гэтак сама і жонкам трэба быць чэснымі, не абмоўніцамі, цьвярозымі, ве́рнымі ўва ўсім.
Падобна і жанчыны — паважныя, не абмоўныя, цьвярозыя, давераныя ва ўсім.
Дыяканы каб былі мужамі аднае́ жонкі, добра кіруючы дзяцьмі і домам сваім,
Дыяканы раз толькі жанатыя, якія добра выхоўваюць дзяцей сваіх і кіруюць сваімі дамамі.
бо хто добра паслужыў, падгатоўваюць сабе́ добрую ступе́нь і вялікую адвагу ў ве́ры ў Хрыста Ісуса.
Тыя, што добра выпаўняюць служэньне, здабываюць сабе пачэсную ступень ды вялікую ўпэўненасьць веры, якая ёсьць у Езусе Хрыстусе.
Гэтае табе́ пішу, спадзяючыся зараз прыйсьці да цябе́,
Пішу табе ўсё гэта, маючы надзею прыбыць да цябе неўзабаве.
каб ты, калі забаўлюся, ве́даў, як трэба жыці ў доме Божым, які ёсьць Царква́ Бога Жывога, стоўп і ўмацаваньне праўды.
Калі ж замаруджу, каб ведаў ты, як маеш трымацца ў доме Божым, які зьяўляецца сьвятыняй Жывога Бога, стаўбом і асновай веры.
І запраўды — вялікая ёсьць тайна багабойнасьці: Бог зьявіўся ў це́ле, апраўдаў сябе ў Духу, паказаў сябе́ Ангелам, абве́шчаны ў народах, прыняты ве́раю ў сьве́це, узьне́сены ў славе.
Ды ясная рэч — вялікая таямніца веры. Ён (Хрыстус) аб'явіўся ў Целе, пасьведчаны Духам, паказаўся Анёлам, прадсказаны паганам, верны ў сьвеце, узяты ў хвале.