Лукаша 13 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

У той час прыйшлі некато́рыя і расказалі Яму пра Галіле́ян, кроў якіх Пілат зьмяшаў з жэртвамі іх.
 
У гэты самы час прыйшлі некаторыя і расказалі Яму пра Галілейцаў, кроў каторых Пілат зьмяшаў з іхнімі ахвярамі.

Ісус сказаў ім на гэтае: ці думаеце вы, што гэтыя Галіле́яне былі больш грэшныя за ўсіх Галіле́ян, што яны пацярпелі гэткія мукі?
 
У адказ сказаў ім Езус: "Ці вы думаеце, што гэтыя Галілейцы былі большымі грэшнікамі, чым іншыя Галілейцы, што так пацярпелі?

Не́, кажу вам; але, калі не пака́ецеся, усе́ так сама пагінеце.
 
Ніякім чынам, кажу вам, але калі вы не навернецеся, усе падобна пагінеце.

Ці думаеце, што тыя восемнаццаць душ, на якіх завалілася Сілаа́мская ве́жа ды пабіла іх, больш вінаватыя былі за ўсіх жыўшых у Ерузаліме?
 
Або тыя васемнаццаць, на якіх завалілася вежа у Сілёэ і забіла іх. Ці вы думаеце, што яны былі больш вінаватымі, чым усе людзі, пражываючыя ў Ерузаліме?

Не́, кажу вам; але, калі не пака́ецеся, усе́ таксама пагінеце.
 
Ніякім чынам, кажу вам, але калі не навернецеся, усе вы падобна папрападаеце".

І сказаў вось якую прыповесьць: не́хта ме́ў у вінаградніку сваім паса́джаную смакоўніцу і прыйшоў шукаць плоду на ёй і не знайшоў;
 
Затым расказаў ім гэтую прыповесьць: "Нейкі чалавек меў дрэва фіговае, пасаджанае ў сваім вінаградніку. Раз прыйшоў шукаць пладоў на ім і не знайшоў.

і сказаў вінаградару: вось я трэці год прыходжу шукаць плоду на гэтай смакоўніцы і не знаходжу; зрубай яе́: на што́ яна і зямлю займае?
 
Дык сказаў вінаградару: "Вось ўжо тры гады прыходжу, і шукаю плоду на гэтым дрэве фіговым, і не знаходжу. Выкарчуй яго, бо нашто зямлю займае?"

Але той сказаў яму ў адказ: гаспадар! пакінь яе́ і на гэты год, пакуль я акапаю яе́ і абкладу гноем:
 
Кажа яму вінаградар: "Гаспадару, пакінь яго і на гэты год, пакуль я абкапаю яго і абкладу гноем,

ці ня дасьць плоду; калі-ж не́, то на той год ссячэш яе́.
 
можа стане даваць плод, а калі не, пазней яго выкарчуеш".

У аднэй з школаў навучаў Ён у суботу;
 
Аднойчы ў суботу навучаў Езус у адной сынагозе.

і вось там была жанчына, восемнаццаць гадоў ме́ўшая духа нядужасьці; яна была скорчыўшыся і не магла вы́прастацца.
 
І вось адна жанчына, якая ад васемнаццаці гадоў мела духа немачы, і хадзіла сагнутая, і не магла ніяк глянуць уверх.

Ісус, угле́дзіўшы яе́, паклікаў яе́ і сказаў ёй: жанчына! Ты вы́звалена ад не́мачы твае́.
 
Калі ўбачыў яе Езус, паклікаў да сябе ды сказаў ёй: "Жанчына, асвабоджана — ты ад сваёй нядужасьці".

І ўсклаў на яе́ рукі; і ўраз жа вы́прасталася і пачала славіць Бога.
 
І ўсклаў на яе рукі, і яна адразу выпраставалася і славіла Бога.

Пры гэтым начальнік школы, узлаваўшыся, што Ісус аздаравіў у суботу, сказаў народу: ёсьць шэсьць дзён, калі можна працаваць: у тыя і прыходзьце аздараўляцца, а ня ў дзе́нь суботні.
 
Тады начальнік сынагогі, абураны, што Езус аздараўляў у суботу, казаў да народу: "Ёсьць шэсьць дзён, у каторыя належыцца працаваць, дык у тыя дні прыходзьце і аздараўляйцеся, а не ў дзень суботы".

Але Госпад сказаў яму ў адказ: крывадушнік: ці не адвязвае кожны з вас вала́ свайго ці асла́ ад ясьляў у суботу, і ці-ж не вядзе́ паіць?
 
А Госпад у адказ сказаў яму: "Крывадушнікі, ці ж кожны з вас не адвязвае вала свайго або асла ад жолабу ды не вядзе напаіць у дзень суботы?

А гэтую дачку́ Аўраамаву, якую зьвязаў шатан вось ужо восемнаццаць гадоў, ці-ж не нале́жала звольніць ад путаў гэтых у дзе́нь суботні?
 
А ці ж гэтае дачкі Абрагама, зьвязанай дэманам ад васемнаццаці гадоў, не належалася асвабадзіць ад путаў у суботу?"

І, калі гаварыў Ён гэтае, усе́ ворагі Яго засароміліся; і ўве́сь народ ра́даваўся з усіх слаўных дзе́яньняў Яго.
 
Калі гэта казаў, засаромеліся ўсе Яго супраціўнікі, а ўвесь народ цешыўся з усіх слаўных чынаў Яго.

Ён жа сказаў: да чаго падобна Царства Божае і да чаго прыраўную яго?
 
Дык далей казаў: "Да чаго падобнае Каралеўства Божае, ды з чым мог бы яго параўнаць?

Яно падобна да зярняці гарчычнага, якое ўзяўшы пасадзіў чалаве́к у садзе сваім: і вырасла і сталася вялíкім дрэвам, і птушкі нябе́сныя хаваліся ў галінах яго.
 
Падобна яно да гарчычнага зярняці, якое, узяўшы, чалавек пасеяў у сваім агародзе. І вырасла яно, і сталася дрэвам вялізным, і птушкі нябесныя адпачывалі на яго галінах".

Яшчэ сказаў: да чаго прыраўную Царства Божае?
 
І зноў гаварыў: "Да чаго параўняю Каралеўства Божае?

Яно падобна да рашчыны, якую жанчына ўзяла й палажыла ў тры ме́ры мукі, пакуль ня скісла ўсё.
 
Яно падобнае да рашчыны, якую ўзяла жанчына і ўмяшала ў тры меркі мукі, пакуль ня ўкісла ўсё".

І праходзіў па ме́стах і сёлах, навучаючы і кіруючы шлях свой да Ерузаліму.
 
І хадзіў, навучаючы па гарадах і вёсках, скіраваўшыся ў Ерузалім.

Не́хта сказаў Яму: Госпадзе! Няўжо-ж ма́ла такіх, што спаса́юцца? Ён жа сказаў ім:
 
Хтосьці сказаў Яму: "Госпадзе, ці мала тых, што будуць збаўлены?" А Ён сказаў ім:

Старайцеся ўвайсьці праз це́сныя вароты, бо, кажу вам, многія будуць памыка́цца ўвайсьці ды ня здолеюць.
 
"Старайцеся ўвайсьці праз цесную браму, бо кажу вам, многія будуць хацець увайсьці і ня змогуць.

Калі гаспадар дому ўстане і зачыніць дзьве́ры, тады вы, стоячы вонках, пачнецё стукаць у дзьве́ры і казаць: Госпадзе! Госпадзе! адчыні нам! Але Ён скажа вам у адказ: ня ве́даю вас, адкуль вы.
 
Бо калі ўстане гаспадар дому і замкне дзьверы, будзеце стаяць вонкі і стукацца ў дзьверы, кажучы: "Госпадзе, адчыні нам". І Ён у адказ скажа вам: "Ня ведаю вас, адкуль вы".

Тады пачнецё гаварыць: мы е́лі й пілі перад Табою, і на вуліцах нашых навучаў Ты.
 
Тады пачніцё гаварыць: "Мы елі і пілі з Табою, і навучаў Ты на нашых вуліцах".

Але Ён скажа: кажу вам: ня ве́даю вас, адкуль вы; адыдзе́це ад Мяне́ ўсе́, што чыняць няпраўду.
 
Але Ён скажа вам: "Ня ведаю вас, адкуль вы. Адыйдзіцеся ад Мяне ўсе, каторыя дапускаецеся беззаконьня".

Там будзе плач і скрыгот зубоў, калі ўбачыце Аўраама, Ізаака і Якава і ўсіх прарокаў у Царстве Божым, вас жа прагоняць вон.
 
Там будзе плач і скрыгатаньне зубамі, калі ўбачыце Абрагама, Ізаака, ды Якуба, ды ўсіх прарокаў у Каралеўстве Божым, а саміх сябе вон выкінутых.

І пры́дуць з усходу і за́хаду, і поўначы і паўдня, і сядуць за сталом у Царстве Божым.
 
Ды прыйдуць з усходу і з захаду, з поўначы і з поўдня і засядуць у Каралеўстве Божым.

І вось ёсьць апошнія, што будуць пе́ршымі, і ёсьць пе́ршыя, якія будуць апошнімі.
 
І вось ёсьць апошнія, якія стануць першымі, і першыя, якія стануць апошнімі".

У гэны дзе́нь прыйшлі некато́рыя з фарысэяў і гаварылі Яму: Ідзі сабе́ згэтуль, бо Цябе́ Ірад хоча забіць.
 
У той самы дзень падыйшлі да Яго некалькі фарысэяў і сказалі Яму: "Выходзь і ідзі адсюль, бо Герод хоча Цябе забіць".

І сказаў ім: пайдзе́це, скажэце гэтай лісіцы: вось выганяю чарто́ў і аздараўляю сягоньня і заўтра, а на трэці дзе́нь будзе Мне́ кане́ц.
 
Ён сказаў ім: "Ідзіце і скажыце гэнаму лісу: "Вось Я выганяю дэманаў і лячу хваробы сёньня і заўтра, а на трэці дзень спынюся.

Толькі-ж мушу йсьці сягоньня і заўтра і пасьлязаўтра, бо ня можа стацца, каб прарок пагіб вонках Ерузаліму.
 
Аднак трэба, каб Я сёньня, і заўтра, і пазаўтра быў у дарозе, бо нельга прароку гінуць па-за Ерузалімам.

Ерузалім! Ерузалім! Ты, што забіваеш прарокаў і ка́меньмі закідаеш пасла́ных да цябе́! Колькі разоў хаце́ў Я сабраць дзяце́й тваіх, як птушка птушанят сваіх пад крыльлі, і не хаце́лі.
 
Ерузалім, Ерузалім, які забіваеш прарокаў і камянуеш тых, што да цябе пасыланыя. Колькі разоў хацеў Я сабраць сыноў тваіх, як птушка птушанят сваіх пад свае крыльлі, але ты не хацеў.

Вось жа пакідаецца вам дом ваш пусты́. Кажу-ж вам, што вы ня ўбачыце Мяне́, пакуль ня прыйдзе час, калі скажаце: багасла́ўлены, што ідзе́ ў імя Госпада.
 
Дык застанецца вам дом ваш пусты. Бо кажу вам: Ня ўбачыце Мяне, аж пакуль ня скажаце: "Багаслаўлены, хто прыходзіць у імя Госпада".