Марка 11 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

І, калі падыйшлі да Ерузаліму, да Віфагіі і Віфані, да гары Аліўнай, Ісус пасылае двух вучняў Сваіх
 
І калі наблізіліся яны да Ерузаліма, да Бэтфагэ і Бэтаніі на гары Аліўнай, Ісус пасылае двух з вучняў Сваіх

і кажа ім: пайдзе́це ў сяло, што перад вамі; увахо́дзячы да яго, за́раз знойдзеце прывя́занае асьля́тка, на якога ніхто з людзе́й не сяда́ў; адвязаўшы яго, прывядзе́це.
 
і гаворыць ім: «Ідзіце ў вёску, што перад вамі, і пры ўваходзе ў яе зараз знойдзеце асляня прывязанае, на якім яшчэ ніхто з людзей не ездзіў. Адвяжыце яго і прывядзіце.

І калі хто скажа вам: што вы гэта робіце? адказвайце, што ён партэбны Госпаду: і за́раз пашле́ яго сюды.
 
І калі б вас хто спытаўся: “Што вы робіце?”, скажыце: “Госпад яго патрабуе”, і адразу ж адашле яго сюды».

Яны пайшлі і знайшлі асьлятка, прывя́занае ля варот на вуліцы, і адвязалі яго.
 
Пайшлі тады і знайшлі асляня пры варотах звонку, на скрыжаванні, і адвязалі яго.

І некаторыя, што тамака стаялі, гаварылі ім: што робіце? На што́ асьля́тка адвя́зваеце?
 
Некаторыя з там стаяўшых казалі ім: «Чаму адвязваеце асляня?»

Яны адказалі ім, як загадаў Ісус; і тыя пусьцілі іх.
 
А яны адказалі ім, як сказаў Ісус; і адпусцілі іх.

І прывялі асьля́тка да Ісуса і паклалі на яго свае́ вопраткі, і Ён се́ў на яго.
 
І прывялі асляня да Ісуса, і ўсклалі на яго адзенне сваё; і Ён сеў на яго.

І многія пасьцілалі адзе́жу сваю на дарозе, а іншыя рэзалі ве́цьце з дрэваў і ўсьцілалі ім дарогу.
 
І многія клалі на дарозе сваё адзенне, а іншыя зелле, якое сціналі на палях, кідалі на дарогу.

І тыя, што йшлі перад і за Ім, крычалі, мовячы: Осанна! Багасла́ўлены, што йдзе́ ў імя Госпада!
 
І тыя, што ішлі наперадзе і што ішлі за Ім, крычалі: «Гасана! Дабраславёны, Хто прыходзіць у імя Госпада!

Багасла́ўлена царства айца нашага Давіда, якое йдзе́ ў імя Госпада! Осанна на вышынí!
 
Дабраславёна Валадарства айца нашага Давіда, якое надыходзіць [у імя Госпада]! Гасана на вышынях!»

І ўвайшоў Ісус у Ерузалім і ў сьвятыню; і, аглядзе́ўшы ўсё, выйшаў у Віфанію з дванаццацьма, бо час ужо быў позны.
 
І ўвайшоў у Ерузалім, у святыню; і, агледзеўшы ўсё, бо ўжо была вячэрняя пара, з дванаццаццю выйшаў у Бэтанію.

І наза́ўтрае, як выйшлі яны з Віфаніі, захаце́ў Ён е́сьці.
 
І назаўтра, калі выходзіў з Бэтаніі, адчуў голад.

І, угле́дзіўшы здалёк смакоўніцу, пакры́тую лісьцём, пайшоў, ці ня знойдзе на ёй што-не́будзь; але, падыйшоўшы да яе́, нічога не знайшоў, апрача лісьця́, бо ня час быў на смоквы.
 
І, калі здалёк убачыў дрэва фігавае, пакрытае лістотаю, падышоў, ці не знойдзе што на ім. І, калі падышоў да дрэва, нічога, акрамя лістоты, не знайшоў, бо не была пара на фігі.

І, прамовіўшы, сказаў да яе́ Ісус: Няхай ніхто з цябе́ да ве́ку ня е́сьць плоду! І чулі гэтае вучні Ягоныя.
 
І, звяртаючыся да дрэва, сказаў: «Няхай ужо ніколі не есць з цябе ніхто пладоў». І чулі гэта вучні Яго.

І прыйшлі ў Ерузалім. І Ісус, увайшоўшы ў царкву́, пачаў выганяць купляўшых і прадаваўшых у царкве́; і папераваро́чваў сталы́ мяня́льнікаў і ўсло́ны прадаўцоў галубоў;
 
І прыходзіць у Ерузалім. І, калі ўвайшоў у святыню, пачаў выганяць прадаючых і купляючых у святыні, і сталы мянялаў і лаўкі прадаўцоў галубоў перакуліў.

і не дазволіў, каб хто праз царкву́ насіў хоць якое судзьдзё.
 
Ды не дазволіў, каб якую рэч пераносілі праз святыню.

І навучаў, кажучы: ці-ж не напісана: дом Мой домам малітвы ўсімі народамі будзе назва́ны, а вы зрабілі яго прытонам разбойнікаў (Ісая 56:7; Ерамія 7:11).
 
І навучаў іх, кажучы: «Няўжо не напісана: “Дом Мой домам малітвы будзе названы для ўсіх народаў”? А вы зрабілі яго пячорай разбойнікаў».

І пачулі гэтае кніжнікі ды архірэі і шукалі, як загубіць Яго, бо бая́ліся Яго, што ўве́сь народ дзівіўся з навукі Ягонае.
 
Пачуўшы гэта, першасвятары і кніжнікі шукалі, як Яго загубіць, бо баяліся Яго, паколькі ўсе людзі захапляліся Яго навукаю.

І, як зрабілася позна, Ён выйшаў з ме́ста.
 
А калі звечарэла, выйшлі з горада.

І раніцай, праходзячы міма, уба́чылі смакоўніцу, засохшы да караня́.
 
І, калі праходзілі раніцай, убачылі дрэва фігавае ссохлым ад карэнняў.

І, успо́мніўшы, Пётр кажа Яму: Равві! глядзі, смакоўніца, якую Ты пракля́ў, засохла.
 
Ды, прыпомніўшы, Пётра кажа Яму: «Рабі, вось, фігавае дрэва, што Ты пракляў, ссохла».

І, адказваючы, Ісус кажа ім:
 
І, адказваючы, Ісус гаворыць ім: «Майце веру Божую!

Ме́йце ве́ру Божую. Бо запраўды́ кажу́ вам: калі хто скажа гарэ гэтай: узьніміся і кінься ў мора, і ня будзе сумлявацца ў сэрцы сваім, але ве́ру ме́ць будзе, ста́нецца так, як гавора, — будзе яму, што-б ні сказаў.
 
Сапраўды кажу вам: каб хто сказаў гэтай гары: “Падыміся і кінься ў мора”, і не сумняваўся ў сэрцы сваім, але верыў, што станецца, як скажа, станецца яму.

Дзеля гэтага й кажу вам: усё, чаго-б вы ні прасілі ў малітве, ве́рце, што даста́неце і будзе вам.
 
Таму кажу вам: усё, пра што ў малітве просіце, верце, што атрымаеце, і будзе вам.

І калі стаіцё на малітве, даруйце, калі што ма́еце на каго, каб і Аце́ц ваш, што ў нябёсах, дараваў вам грахí вашыя.
 
І калі становіцеся маліцца, адпусціце, калі што маеце супраць каго, каб і Айцец ваш, Які ў небе, адпусціў вам грахі вашы.

Калі-ж вы не даруеце, то і Аце́ц ваш, што ў нябёсах, не даруе вам грахо́ў вашых.
 
[Так, Ойча! Бо такая была Твая дабразычлівасць.]»

І прыходзяць ізноў у Ерузалім. І, калі Ён хадзіў у царкве́, падыйшлі да Яго архірэі і кніжнікі ды старшы́ны
 
І зноў прыходзяць у Ерузалім. І калі Ісус хадзіў па святыні, падышлі да Яго першасвятары, кніжнікі і старэйшыны

і спыталіся ў Яго: якою ўлада́ю Ты гэтае робіш, і хто даў Табе́ ўладу рабіць гэтае?
 
і казалі Яму: «Якою ўладаю Ты гэта робіш? Ды хто Табе даў такую ўладу, каб Ты гэта рабіў?»

Ісус жа адказаў ім, мовячы: спытаюся і Я ў вас адно слова: адкажэце Мне́, тады і Я скажу вам, якою ўладаю гэтае ро́блю.
 
А Ісус гаворыць ім: «І Я ў вас запытаюся адно слова, адкажыце Мне, тады і Я вам скажу, якою ўладай Я гэта раблю.

Хрышчэньне Іоанава з не́ба было, ці ад людзе́й? Адказвайце Мне́.
 
Хрост Яна з неба быў ці ад людзей? Адкажыце Мне».

Яны-ж разважалі між сабою: калі скажам: з не́ба, то Ён скажа: чаму-ж вы не паве́рылі яму?
 
Яны разважалі між сабой, кажучы: «Калі скажам: “З неба”, Ён скажа нам: “Дык чаму тады не паверылі яму?”»

А сказаць: ад людзе́й — баяліся народу, бо ўсе́ лічылі Іоана, што запраўды́ быў прарок.
 
А калі сказаць: “Ад людзей”, баяліся народа, бо ўсе лічылі Яна за праўдзівага прарока.

І сказалі ў адказ Ісусу: ня ве́даем. Тады Ісус адказаў ім: і Я не скажу вам, якою ўладаю гэтае ро́блю.
 
І, адказваючы, сказалі Ісусу: «Не ведаем». А Ісус гаворыць ім: «І Я вам не скажу, якою ўладаю гэта раблю».