1 да Цімафея 4 разьдзел

Першае пасланьне да Цімафея
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

Дух жа ясна кажа, што ў астатнія часы некаторыя адступяцца ад ве́ры, слухаючыся духоў спакушаючых і навук дэманавых,
 
Дух выразна кажа, што напрыканцы часоў некаторыя адступяцца ад веры і звернуцца да духаў, якія зводзяць, і да навук дэманаў

у крывадушнасьці брахлівых, загарэлых у сумле́ньні сваім,
 
праз крывадушных падманшчыкаў, якія заплямілі сваё сумленне.

што забяраняюць жаніцца, (кажуць) узьдзе́ржывацца ад е́жы, якую Бог стварыў дзеля спажываньня з падзякай ве́рнымі і пазнаўшымі праўду.
 
Яны забараняюць жаніцца, спажываць стравы, якія Бог стварыў дзеля спажывання з удзячнасцю для веруючых і тых, якія пазналі праўду.

Бо ўсякае стварэньне Божае добрае, і нішта не гане́бнае, што прымаецца з падзякаю,
 
Бо ўсё, што стварыў Бог, добрае, і нельга адкідаць нічога, што з удзячнасцю прымаецца.

бо асьвячаецца словам Божым і малітваю.
 
Яно асвячаецца праз слова Божае і малітву.

Падаючы́ гэтае братом, будзеш добрым служкай Ісуса Хрыста, кормленым словамі ве́ры і добрай навукай, за якой ты пасьле́даваў.
 
Калі гэта растлумачыш братам, станеш добрым слугою Езуса Хрыста, які жывіцца словамі веры і добрай навукі, якой ты заўсёды трымаўся.

А паганых і бабскіх казак цурайся, сябе́-ж прывучай да багабойнасьці;
 
Асцерагайся бязбожных і недарэчных баек. Сябе ж выхоўвай у пабожнасці,

бо цяле́снае навы́тараньне мала карыснае, а багабойнасьць на ўсё карысная, маючы прырачэньне жыцьця цяпе́рашняга і будучага.
 
бо цялеснае практыкаванне мала ў чым карыснае, а пабожнасць да ўсяго прыдатная, мае ў сабе абяцанне цяперашняга і будучага жыцця.

Слова гэтае ве́рнае і ўсякага прыняцьця годнае.
 
Праўдзівае гэта слова і вартае ўсялякай увагі.

Бо мы дзеля гэтага і працуем, дый ненавідзяць нас, што спадзяваліся на Бога Жывога, які ёсьць Збавіцель усіх людзе́й, а найбале́й ве́рных.
 
Бо дзеля гэтага мы працуем і змагаемся, таму што спадзяемся на Бога жывога, Збаўцу ўсіх людзей, асабліва веруючых.

Апавядай гэтае і навучай.
 
Загадвай гэта і гэтаму навучай.

Няхай ніхто не пагарджае маладосьцяй твае́й, але будзь узорам для ве́рных у слове, у жыцьці, у любві, у духу, у ве́ры, у чыстасьці.
 
Няхай ніхто не пагарджае тваёй маладосцю, але стань для верных узорам у слове, паводзінах, любові, веры і беззаганнасці.

Пакуль прыду, займайся чытаньнем, пацяшаньнем, навучаньнем.
 
Пакуль прыйду, займіся чытаннем Пісання, заахвочваннем і навучаннем.

Ня будзь няўважлівым на здольнасьць у табе́, што дадзена табе́ прароцтвам, з узлажэньнем рук сьвяшчэнства.
 
Не занядбоўвай дар, які ёсць у табе і які быў дадзены табе праз прароцтва і ўскладанне рук калегіі прэзбітэраў.

На гэта зважай, у гэтым будзь, каб пасьпяваньне твае́ для ўсіх было яўнае.
 
Аб гэтым клапаціся, у гэтым трывай, каб твой поступ быў відавочны для ўсіх.

Уваходзь у сябе́ і ў навуку, трывай у гэтым, бо, гэтак робячы, і сябе́ збавіш, і тых, што слухаюць цябе́.
 
Зважай на сябе і на навучанне. Заставайся ў гэтым. Робячы так, і самога сябе збавіш, і тых, хто слухае цябе.